Два дні доўжыўся краязнаўчы паход у вёску Ніўнікі членаў сярэдняй групы гісторыка-краязнаўчага гуртка “Арганаўты мінулага”.
Юнакі і дзяўчаты размясціліся лагерам на беразе возера Гарушка і рабілі рэйды па наваколлі. Самай значнай знаходкай “арганаўтаў” аказалася гарадзішча жалезнага веку, якому не менш за дзве тысячы гадоў. Яно размяшчаецца на пагорку, што даўно выкарыстоўваецца мясцовым насельніцтвам пад сучасныя могілкі.
Яшчэ гурткоўцы сустракаліся з вяскоўцамі, запісвалі ўспаміны старажылаў, шукалі прадметы сельскага побыту, старыя дакументы і здымкі. Вярнуліся з багатымі трафеямі.