12-13 снежня ў Мінску прайшоў ІІ З'езд вучоных Беларусі. У ім прынялі ўдзел 2,6 тысяч чалавек, у тым ліку замежныя госці — вядомыя вучоныя Саюзнай дзяржавы, СНД, вядучых акадэмій навук, сусветных навукова-даследчых арганізацый і цэнтраў.
У першы дзень дэлегаты і запрошаныя працавалі па дзевяці секцыях, прысвечаных асноўным напрамкам развіцця навукі і міжнароднаму супрацоўніцтву. Пленарнае пасяджэнне прайшло 13 снежня. На месцы яго правядзення адкрылася абагульненая міжведамасная выстава пад лозунгам "Беларусь інтэлектуальная", якая складалася з васьмі кластараў, звязаных з прыярытэтамі развіцця: Беларусь як IT-краіна і тэхналогіі штучнага інтэлекту, электратранспарт, электроніка, нанаіндустрыя і адытыўная вытворчасць, касмічныя тэхналогіі, беспілотныя рабатызаваныя тэхналогіі, біятэхналогіі і фармацэўтыка, прамысловыя тэхналогіі і новыя матэрыялы. Будуць прадстаўлены беларускі персанальны суперкамп'ютар, электрамабіль, электравеласіпед і іх кампаненты, беспілотнікі, сонечныя элементы, разумныя ніткі для лёгкай прамысловасці. Прадэманстраваны магчымасці 3D-друку з розных матэрыялаў, паказаны вынікі работы беларускага касмічнага апарата дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі і спадарожніка сувязі "Белінтэрсат-1".
У час з'езда прэзентавана ўнікальная кніга "Вучоныя, якія праславілі Беларусь". У ёй расказваецца пра больш за 150 выдатных дзеячаў нашай навукі.
Ключавым дакументам II З'езду вучоных Беларусі стаў праект стратэгіі "Навука і тэхналогіі: 2018-2040". Цяпер праходзіць грамадскае абмеркаванне. У стратэгіі вызначаны прыярытэты доўгатэрміновага развіцця навукі і тэхналогій, а таксама комплекс інструментаў удасканалення навукова-тэхнічнай сферы, якія забяспечаць новую якасць эканамічнага росту Беларусі і выхад на сусветны ўзровень па шэрагу напрамкаў. Стратэгія распрацавана вучонымі НАН Беларусі з улікам заўваг і прапаноў, якія паступілі ад органаў дзяржкіравання, рабочых груп і асобных вучоных.
Крокі наперад
Вітаючы ўдзельнікаў форуму, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што за дзесяцігоддзе зроблена нямала і эфектыўныя беларускія распрацоўкі атрымалі шырокае прызнанне.
Удасканальвалася нарматыўна-прававая база навукова-інавацыйнай дзейнасці. Рэалізаваны мерапрыемствы па паглыбленні ўзаемадзеяння навукі з арганізацыямі рэальнага сектара эканомікі і сацыяльнай сферы. Выбудавана сістэма падтрымкі таленавітай моладзі. Назапашаны значны кадравы рэсурс. Больш за 25 тысяч супрацоўнікаў выконваюць навуковыя даследаванні і распрацоўкі, у тым ліку амаль 8 тысяч чалавек працуюць у Нацыянальнай акадэміі навук. Такой арміі пад сілу вырашаць адказныя і складаныя задачы.
Дзякуючы выкарыстанню перадавых ведаў створаны беларускі спадарожнік дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі і сістэма мікраспадарожнікавай сувязі. У ААТ "Пеленг" асвоілі мэтавую спадарожнікавую апаратуру з распазнаваннем дакладней за адзін метр. "Інтэграл" наладзіў выпуск новых электронных кампанентаў для эксплуатацыі ў космасе.
Усё гэта садзейнічала таму, што Беларусь прынята ў члены Камітэта ААН па даследаванні і выкарыстанні касмічнай прасторы ў мірных мэтах, перакананы Прэзідэнт. У 2018 годзе Мінску даверана правесці 31-ы Міжнародны кангрэс Асацыяцыі ўдзельнікаў касмічных палётаў. Гэта вялікі гонар для краіны.
Мы сталі не толькі самадастатковай у гэтых адносінах, але і экспартна арыентаванай краінай (доля экспарту сельскагаспадарчай прадукцыі і прадуктаў харчавання ў аб'ёме экспарту тавараў у 2016 годзе склала 17,7 працэнта), — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — За 10 гадоў вытворчасць прадукцыі сельскай гаспадаркі павялічылася на 30 працэнтаў. Гэта дасягнута дзякуючы істотнаму абнаўленню матэрыяльна-тэхнічнай базы, пераходу на сучасныя тэхналогіі вытворчасці і прымяненню найноўшых навукова-тэхнічных распрацовак".
Паводле ацэнкі Прэзідэнта, радуюць вынікі работы беларускіх вучоных-медыкаў і фармацэўтаў. Толькі ў 2016 годзе ўкаранёны ў практыку больш за 250 новых медыцынскіх тэхналогій у такіх важных галінах, як кардыялогія, траўматалогія, анкалогія, ахова мацярынства і дзяцінства. Беларусь знаходзіцца ў ліку сусветных лідараў у галіне транспланталогіі.
Навуковыя падыходы, несумненна, уплываюць на дэмаграфічную бяспеку дзяржавы. З 2007 года зніжаецца дзіцячая смяротнасць і павышаецца працягласць жыцця беларусаў. Да гэтага часу доля айчынных лекавых сродкаў на рынку краіны ў вартасным выражэнні дасягнула больш за 56 працэнтаў, а ўдзельная вага экспарту лекаў у агульным аб'ёме вытворчасці—27 працэнтаў. Некалькі гадоў таму было менш за 20 працэнтаў уласных таблетак і мікстур.
Дынаміку развіцця паскараць
"За апошнія гады доля высокатэхналагічных вытворчасцей вырасла зусім нязначна: з 2,5 працэнта ў 2010-м да амаль 3 працэнтаў у 2016 годзе,—прывёў прыклад кіраўнік дзяржавы.—А ўдзельная вага нізкатэхналагічных вытворчасцей па-ранейшаму складае больш за трэць рэальнага сектара эканомікі, павялічыўшыся з 30 працэнтаў у 2010-м да 35 працэнтаў у 2016 годзе".
Акрамя таго, удзельная вага адгружанай інавацыйнай прадукцыі ў 2016 годзе склала крыху больш за 16 працэнтаў, у бягучым годзе—17 працэнтаў. "Рост ёсць, але невялікі. Хоць згодна з Канцэпцыяй нацыянальнай бяспекі гэты паказчык не павінен быць ніжэйшы за 20 працэнтаў", — заўважыў Прэзідэнт.
Пры гэтым доля сапраўды інавацыйнай, новай для сусветнага рынку беларускай прадукцыі нязначная — да двух працэнтаў. Такая сітуацыя ў многім складваецца з-за невысокіх тэмпаў распрацоўкі і ўкаранення перадавых тэхналогій.
Са слоў кіраўніка дзяржавы, на навуку фінансавыя затраты з бюджэту краіны ў 2015-2016 гадах склалі па 0,5 працэнта валавога ўнутранага прадукту штогод. У перспектыве плануецца павялічваць асігнаванні. Але ёсць і іншы бок пытання — эфектыўнасць выкарыстання капіталаўкладанняў, аддача ад затрат на навуку.
"У нас вялікія грошы, пры ўсіх скаргах вучоных, штогод не асвойваюцца. За 11 месяцаў гэтага года рэспубліканскі і мясцовыя фонды выкананы на 41 працэнт і 24 працэнты ад гадавога плана,— заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Шырокія магчымасці для камерцыялізацыі распрацовак будуць прадастаўлены ў Кітайска-беларускім індустрыяльным парку "Вялікі камень". Новыя гарызонты для прадпрымальніцкай ініцыятывы адкрываюць нядаўна прынятыя нарматыўныя дакументы ў галіне лібералізацыі бізнесу. Важна, каб нашы дзелавыя людзі працавалі ў цесным кантакце з вучонымі, укаранялі іх распрацоўкі, адкрывалі навукаёмістыя вытворчасці.
Кіраўнік дзяржавы лічыць неабходным распрацаваць праграму развіцця электратранспарта, якая ўключае этапы беларускай лакалізацыі вытворчасці кампанентаў мабільных машын на электрычным і гібрыдным прыводзе, стварэнне і выпуск айчынных элементаў электрапрывода і акумулятараў. У авіякасмічнай галіне давядзецца больш актыўна асвойваць новыя беспілотныя лятальныя комплексы.
Прэзідэнт даручыў вучоным распрацаваць, а Мінсельгасхарчу разам з губернатарамі рэалізаваць комплекс мер па павышэнні ўзроўню рэнтабельнасці сельгаспрадпрыемстваў, які пакуль недастатковы для пашыранага ўзнаўлення нават з улікам дзяржаўнай падтрымкі.
"Задача аграрнай навукі — шукаць унутраныя незатратныя механізмы павышэння эфектыўнасці сельгасвытворчасці. Патрэбны арыгінальныя ідэі, дзейсныя падыходы да вырашэння праблем, распрацоўка якасна новых прадуктаў, якія забяспечваюць канкурэнтныя перавагі", — сказаў Прэзідэнт. Ён не задаволены, што навуковая супольнасць не прымае актыўнага ўдзелу ў мадэрнізацыі прамысловых прадпрыемстваў, сельскай гаспадаркі. "Мы павінны ісці разам з імі, а, можа, вучоныя павінны ісці на крок наперад. Нам гэта мадэрнізацыя абыдзецца танней, чым цяпер. Вось што патрэбна краіне ад вучоных", — адзначыў Прэзідэнт.
Па матэрыялах БЕЛТА
падрыхтавала Н. СТАНКЕВІЧ.