Их работа отмечена достойно
gazeta 11-02-2015, 10:06 0 На Віцебшчыне
Золкім ранкам 6 лютага дэлегацыя Міёршчыны адправілася ў абласны цэнтр на ўрачыстую цырымонію "Чалавек года Віцебшчыны". Прыемным хваляваннем поўніліся сэрцы нашых намінантаў — загадчыцы малочнатаварнай фермы ААТ "Туркова" Ларысы Пятроўны Насаль і ваеннага камісара раённага ваеннага камісарыята Сяргея Іванавіча Жабёнка.
На ферме ААТ "Туркова" вядзецца мэтанакіраваная работа па ўкараненні прагрэсіўных тэхналогій, якая дазволіла значна павялічыць вытворчасць прадукцыі жывёлагадоўлі, — ад кожнай каровы надоена больш за 6 тысяч кілаграмаў малака. У тым вялікая заслуга Ларысы Пятроўны. Сяргей Іванавіч узнагароджаны за ўзорнае выкананне службовых абавязкаў, высокі прафесіяналізм, праяўлены ў перыяд праверкі сістэмы тэрытарыяльнай абароны.
У склад нашай дэлегацыі ўвайшлі старшыня райвыканкама Ігар Валер'евіч Кузняцоў і яго намеснік Таццяна Алегаўна Стальмачонак, старшыня раённага Савета дэпутатаў Марыя Мікалаеўна Баніфатава, начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Наталія Міхайлаўна Мішута, дырэктар цэнтралізаванай клубнай сістэмы Васіль Сямёнавіч Мядзюха.
Цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў "Чалавек года Віцебшчыны" аб'яднала прадстаўнікоў усіх рэгіёнаў Прыдзвіння сёмы раз. У святочнай зале сабраліся лепшыя прадстаўнікі прамысловасці, аграпрамысловага і будаўнічага комплексу, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, работнікі сістэмы адукацыі, аховы здароўя, сацыяльнай абароны, праваахоўных органаў, прадстаўнікі культуры, навукі і спорту, якім па выніках работы за 2014 годы прысвоена ганаровае званне "Чалавек года Віцебшчыны". Ва ўрачыстым пасяджэнні прымалі ўдзел Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, ветэраны працы, прадстаўнікі працоўных калектываў і грамадскіх аб'яднанняў вобласці.
На першых хвілінах цырымоніі вядучыя адзначылі, што мінулы год быў няпростым для Віцебскай вобласці, аднак удалося захаваць станоўчую дынаміку па большасці паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця, сабраны рэкордна высокі ўраджай зерневых культур — 1 млн 300 тыс. тон. Адкрыты новыя ўстановы і прадпрыемствы. Вялікая работа вядзецца па мадэрнізацыі, будаўніцтве і рэканструкцыі прамысловых, сельскагаспадарчых і сацыяльных аб'ектаў, жылля, добраўпарадкаванні гарадоў і сельскіх населеных пунктаў. 2014 год праходзіў пад знакам 70-годдзя вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, беларускай гасціннасці, яркіх спартыўных перамог і грамадска-культурных акцый. Эстафету добрых спраў прымае 2015-ы, які аб'яўлены Годам моладзі. Ён будзе насычаны знакавымі падзеямі ў грамадскім жыцці нашай дзяржавы, 70-годдзем Вялікай Перамогі і выбарамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Горача віталі апладысментамі старшыню аблвыканкама Мікалая Мікалаевіча Шарснёва, які адзначыў, што ў сучасных умовах, калі ўзброеныя канфлікты адбываюцца ў нашых суседзяў, асаблівую каштоўнасць набываюць адзінства і згуртаванасць народа. Пад пільнай увагай павінна быць патрыятычнае выхаванне моладзі, зберажэнне гістарычнай праўды пра Вялікую Айчынную вайну, дапамога ветэранам, стварэнне умоў для самарэалізацыі маладых грамадзян, гатовых прыкласці свае сілы і здольнасці на дабрабыт краіны .
Прыярытэтам у развіцці Віцебшчыны ў 2015 годзе павінна стаць мадэрнізацыя вытворчасці і работа па зніжэнні ўсіх відаў затрат на ёй. Асаблівая ўвага сельскай гаспадарцы. Ад эфектыўнасці і канкурэнтаздольнасці сельскагаспадарчай прадукцыі, продажу на знешні рынак залежыць дабрабыт сельскага жыхара. Галоўным клопатам улады было і застаецца павышэнне якасці жыцця насельніцтва. Абласны бюджэт 2015 года мае выражаную сацыяльную накіраванасць. Агульная мэта — зрабіць жыццё беларускага народа, стабільным, багатым духоўна і дастойным у матэрыяльным плане.
Надыходзіць урачысты момант: на сцэну ўзыходзяць пераможцы. Поціск рукі старшыні аблвыканкама і яго асабістыя віншаванні, дыплом і кветкі, нагрудны знак і грашовае ўзнагароджанне ў сто базавых велічынь — вось дастойнае ўшанаванне лаўрэатаў.
Затым сцэна пераўвасобілася ў сапраўдную зменлівую феерыю, адным з эпізодаў якой былі навогоднія дэкарацыі. "Новы год даўно скончыўся!", — заўважыце вы. Так, але… Каб зняць нешта кшталту "Блакітнага агеньчыка" на тэлебачанні пры сустрэчы 2016-га, пачынаюць рыхтавацца ўжо цяпер. І прысутныя сталі сведкамі такіх "здымак". Сярод выступоўцаў — мастацкія калектывы, творчыя сем'і і індывідуальныя выканаўцы з Віцебска, Дуброўна, Глыбокага, Лепеля, Наваполацка, Лёзна, а таксама ансамбль танца "Лявоніха", ансамбль танца, песні і музыкі "Талака", народныя артысты Беларусі Ядвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч.
На высокай ноце і шчаслівай хвалі ўрачыстая цырымонія і святочны канцэрт завершаны, а наперадзе ў лаўрэатаў — новыя рубяжы, перамогі, вяршыні.
Алена БАСІКІРСКАЯ.
Фота аўтара.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.



