Дзяржзаказ па продажу збожжа гаспадаркамі раёна на 4 жніўня выкананы на 44%. Тэмпы рэалізацыі, несумненна, трэба паскорыць. Усяго неабходна даставіць на перапрацоўчыя прадпрыемствы харчовай пшаніцы 3500 тон, жыта—1040, ячменю—170, аўсу—390, грэчкі—40, ячменю піваваранага—900.
У ліку тых, хто паспяхова выконвае дзяржзаказ СВК “Туркова” і “Узмёнскі”, дзе да канца тыдня хлебаробы плануюць завяршыць рэалізацыю збажыны. Заданне па здачы пшаніцы на Полацкі камбінат хлебапрадуктаў яны ўжо выканалі, цяпер рэалізуюць зерне на Міёрскі камбікормавы завод.
Актыўна здае пшаніцу, якая залічваецца трэцім класам—вытрымліваюцца паказчыкі па натуры і клейкавіне, СВК “Любінова”. Завяршае яе продаж СВК “Гвардзейскі”, а УП “Юбілейны” рупліва рэалізуе на Полацкі піўзавод ячмень. Да ўборкі жыта прыступілі толькі асобныя гаспадаркі, а таму рэалізацыя яго вядзецца больш марудна. Вялікі мінус—збажына засмечана спарынёй. Другое праблемнае месца—насенне яравой пшаніцы і ячменю ва ўсіх сельгаскааператывах і прадпрыемствах вельмі дробнае—трэба абавязкова калібраваць (перасяваць, аддзяляючы буйныя зярняткі) перад рэалізацыяй. Між тым, ачышчальнае абсталяванне ў большасці гаспадарак тэхнічна старое, зношанае, не мае неабходнай магутнасці, што і стрымлівае рэалізацыю збажыны. Тым не менш на рэспубліканскім узроўні пастаўлена задача выканаць дзяржзаказ на 100% да 10 жніўня. Таму трэба тэрмінова актывізаваць продаж, каб паспяхова выканаць даведзеныя заданні.