Чарговае паседжанне камісіі па справах непаўналетніх Міёрскага райвыканкама
gazeta 30-10-2025, 11:25 189 На Міёршчыне / Грамадства
Маці не дазволіла сыну пагуляць у тэлефоне – ён выклікаў міліцыю. У шматдзетнай сям’і зноў забралі дзяцей. Скандал паміж сужыцелямі выліўся ў кантроль за іх сям’ёй. Вось асобныя сямейныя сітуацыі, што разгледзелі на чарговым пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх.
Пакрыўдзіўся на маці
Апоўначы ў РАУС патэлефанаваў хлопчык і паведаміў, што яго маці пабіў яе брат. Праваахоўнікі прыбылі на выклік – інфармацыя не пацвердзілася. Як высветлілася, сын выклікаў міліцыю, бо мама не давала яму пагуляць у тэлефон.
– Пакрыўдзіўся вельмі, – тлумачыць свой учынак.
– Тэлефон – гэта наша катастрофа, – гаворыць маці. – Знайшоў гульню, ад якой не можа адарвацца.
Між тым у хлопчыка праблемы са зрокам, абмяжоўваць час на тэлефон – неабходнасць.
Учынак непаўналетняга стаў нагодай для сацыяльнага расследавання ў сям’і, дзе выхоўваецца двое дзяцей. Дарэчы, раней тут выяўляліся крытэрыі сацыяльна небяспечнага становішча. У прыватнасці, злоўжыванне маці алкаголем.
На працягу года з юным парушальнікам будуць весці індывідуальна-прафілактычную работу. Маці параілі больш увагі надаваць занятасці сына.
Парадку няма
Сям’я, дзе выхоўваецца чацвёра дзяцей, пастаянна ў полі зроку сацыяльных служб. Пяць гадоў таму малыя былі прызнаны маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне і адабраны ў бацькоў. Гісторыя паўтарылася: дзяцей экстрана забралі з сям’і. Прычына – злоўжыванне бацькамі алкаголем. Маці ў нецвярозым стане засталі ў грамадскім месцы. З ёй былі дзеці, малодшай – два з паловай гады. Выглядалі неахайна, гаварылі, што замерзлі і хочуць есці. У той жа дзень нецвярозым быў заўважаны бацька, які толькі вярнуўся з лячэбна-працоўнага прафілакторыя, дзе правёў два гады. Як адзначае камісія, пакуль бацька ў ЛПП, маці клапоціцца пра дзяцей, а калі ён вяртаецца – пачынаюцца праблемы.
– Парадку ў сям’і няма, – падкрэсліваюць.
– Пастараемся выправіцца, – гаворыць бацька.
Ён уладкаваўся на працу. Абавязкова гэта трэба зрабіць маці. Так пачынаюцца першыя крокі на шляху да выпраўлення.
Тэрмінова выправіць сітуацыю
У доме не выконваюцца санітарна-гігіенічныя нормы, падворак зарос травой, гаспадар перыядычна ўжывае алкаголь і не выходзіць на работу, недастатковыя запас прадуктаў і паліва, у дзяцей і таты праблемы ў адносінах. Такая сітуацыя склалася ў сям’і з трыма непаўналетнімі дзецьмі. Чакаюць чацвёртае.
– Вы разумееце, што ў такі дом немаўля могуць не аддаць? – заўважаюць бацьку.
У райцэнтры ў сям’і ёсць кватэра. Са слоў гаспадара, плануюць пераязджаць. Аднак камісія чуе гэта не ўпершыню. Калі год таму сям’я знаходзілася на ўліку, казаў тое ж самае.
Строгае патрабаванне – навесці парадак у доме і ў двары, запасціся палівам і прадуктамі, весці належны лад жыцця. У адваротным выпадку бацькі могуць застацца без дзяцей.
Адзінкавы выпадак
У прысутнасці дзяцей нецвярозы мужчына ўчыніў скандал з сужыцельніцай. Яна патэлефанавала ў міліцыю. Як паказала сацыяльнае расследаванне, у сям’і з двума дзецьмі створаны належныя ўмовы для іх выхавання. Малыя забяспечаны неабходнымі рэчамі, дастаткова прадуктаў харчавання, у доме выконваюцца санітарна-гігіенічныя нормы, маці заўжды прыслухоўваецца да рэкамендацый педагогаў. Як заўважае прадстаўнік установы адукацыі, раней пытанняў да сям’і не ўзнікала, гэта адзінкавы выпадак. Гаспадар сваю віну прызнае, запэўнівае, што намераны выпраўляцца.
Паколькі ў сям’і меў месца крытэрый сацыяльна небяспечанага становішча, на працягу трох месяцаў з ёй будзе весціся работа.
З уліку знялі
Сям’я з двума дзецьмі трапіла на ўлік сёлета ў красавіку з-за ўчынення правапарушэння старэйшым сынам. Штотыдзень іх наведвалі па месцы жыхарства, штораз не ўзнікала пытанняў да бацькоў і прэтэнзій да ўмоў, у якіх выхоўваюцца дзеці. Са старэйшым працягваецца індывідуальна-прафілактычная работа, больш праблем з паводзінамі ў яго няма. Камісія прыйшла да рашэння зняць сям’ю з уліку.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.




