Рейд в рамках районной акции "Семья без насилия"
gazeta 29-10-2025, 09:19 120 На Міёршчыне / Рознае
Маршруты раённай акцыі «Сям’я без гвалту» вядуць не толькі ў сем’і, дзе выяўлены крытэрыі сацыяльна небяспечнага становішча, але і ў тыя, што знаходзіліся на ўліку раней. Па розных адрасах скіраваліся падчас чарговага рэйду прадстаўнікі зацікаўленых служб.
У складзе групы намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Алена Пацеенак, педагог сацыяльны раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра Вольга Арсоба, старшы інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС Таццяна Курловіч і карэспандэнт раённай газеты. У спісе для наведвання сем’і, якія пражываюць у Міёрскім і Перабродскім сельсаветах.
Першы адрас – сям’я, што трапіла на ўлік з-за неабгрунтаванага расходвання бацькам сродкаў на ўтрыманне дзяцей.
– У мужчыны другі шлюб. Ад першага трое дзяцей, старэйшая дачка ўжо паўналетняя, сярэдняя – студэнтка, малодшая – школьніца. Іх родная маці памерла. Дарэчы, яна таксама злоўжывала алкаголем. Дзеці нават былі прызнаны маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне і адабраны з сям’і, – расказвае Вольга Арсоба. – Мачаху дзяўчаты не прымалі, у іх здараліся канфлікты. Сапсаваліся адносіны з бацькам, які больш сродкаў траціў на сваю новую сям’ю. Другую жонку ўзяў замуж цяжарную, дзіцяці даў сваё прозвішча.
Дома засталі гаспадара. Сустрэў пазітыўна. Расказаў, што намераны скасаваць шлюб, падаў заяву, хутка суд. З яго слоў, з жонкай разыходзяцца мірна. Намераны клапаціцца пра шасцігадовага сына. Купляе для яго прадукты, забірае на выхадныя. Наладзіліся адносіны з дочкамі.
– Калі і далей усё будзе нармальна, з уліку здымуць, – заўважаюць яму на развітанне.
Сям’я з трыма дзецьмі на ўліку не значыцца. Аднак сюды таксама трэба зазірнуць.
– Як пажываеце? – цікавяцца ў гаспадыні.
– Паціху, – добразычліва адказвае. – Вось у печы распальваю. Дзеці толькі са школы і садка вярнуліся. Муж на рабоце. Я таксама хутка на працу збіраюся.
– Мы рады, што ў вас усё добра, – кажуць ёй.
Так было не заўсёды.
– З-за злоўжывання абодвума бацькамі алкаголем дзяцей прызналі маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Забралі з сям’і, калі трэцяе нарадзілася. Затым увогуле пазбавілі бацькоўскіх правоў, – прыгадвае Алена Пацеенак. – Пасля муж і жонка самі аднавілі свае правы, вярнулі дзяцей. Цяпер перыядычна кантралюем сітуацыю ў іх сям’і.
Крытэрыямі нядобранадзейнасці ў сям’і, дзе нядаўна нарадзілася шостае дзіця, былі праблемы з пажарнай бяспекай і паводзінамі дзяцей. Цяпер усё ў парадку. Сям’я стаіць у чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў. Адкрыты рахунак «Сямейны капітал», на сродкі з якога плануюць набыць дом.
Калі б не развешанае на шнурах адзенне, можна было б палічыць, што ў доме ніхто не жыве – вельмі неахайна выглядае падворак. Унутры ствараюць беспарадак паўсюль раскіданыя рэчы.
– Колькі чалавек тут пражывае? – удакладняюць у гаспадыні.
– Мы з мужам, нашы двое дарослых сыноў, дачка з сужыцелем і маленькім дзіцём, якому паўгода, – адказвае яна.
Рэкамендацыя гаспадарам – прывесці ў належны стан тэрыторыю ля дома і навесці парадак у пакоях. Як справіліся, правераць.
У наступным доме адразу бачна, што гаспадыня сочыць за парадкам. Праблема тут зусім не ў антысанітарыі. Сын-школьнік на працягу года знаходзіўся на ўліку ў ІСН з-за ўчыненых крадзяжоў, нядаўна знялі, аднак часам узнікаюць праблемы з паводзінамі ў школе. Маці заўважае, што цяпер стаў паводзіць сябе лепш, адзнакі палепшыліся. Сітуацыю яна трымае на кантролі.
– Раней гэтая сям’я часта трапляла ў поле зроку, – заўважае Алена Пацеенак. – Маці злоўжывала алкаголем, мяняла сужыцеляў, якія таксама мелі шкодную звычку. Пасля выправіла свае паводзіны.
Таксама з-за злоўжывання алкаголем трапілі на ўлік маладыя бацькі гадавалага дзіцяці. З часам гэты крытэрый нядобранадзейнасці быў ліквідаваны. Аднак узніклі праблемы ў адносінах паміж мужам і жонкай.
– Я вярнулася да маці. Яна не супраць, што буду з імі жыць. З мужам не сышліся характарамі, развіталіся мірна, – гаворыць маладая маці.
Яе словам неахвотна вераць, бо падобная сітуацыя ў сям’і ўзнікае не ўпершыню. Запэўнівае, што больш мірыцца не намерана. Між тым галоўнае – умовы, у якіх расце дзіця. На новым старым адрасе для немаўляці ёсць усё неабходнае.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.





