Своим профессиональным праздником считают День охраны детей сотрудники районного социально-педагогического центра

Своим профессиональным праздником считают День охраны детей сотрудники районного социально-педагогического центра. Вся их трудовая деятельность направлена на безопасность несовершеннолетних, соблюдение их законных прав. Нередко сталкиваются с психологически трудными ситуациями, но наградой за их заботы становятся детские глазки, которые светятся счастьем, ведь это настоящий дар - жить в полной, дружной семье.

Сваім прафесійным святам лічаць Дзень аховы дзяцей супрацоўнікі раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра. Уся іх працоўная дзейнасць скіравана на бяспеку непаўналетніх, захаванне іх законных правоў. Нярэдка сутыкаюцца з псіхалагічна цяжкімі сітуацыямі, але ўзнагародай за іх клопаты становяцца дзіцячыя вочкі, якія свецяцца шчасцем, бо гэта сапраўдны дар – жыць у поўнай, дружнай сям’і.

Права на другі шанц

На варце інтарэсаў дзяцей Міёршчыны сацыяльна-педагагічны цэнтр з верасня 2011 года. У яго складзе тры структурныя падраздзяленні: дзіцячы сацыяльны прытулак у Дзісне і сектары – прафілактыкі сямейнага недабрабыту і сацыяльнага сіроцтва і падтрымкі сем’яў, якія прынялі на выхаванне дзяцей-сірот і тых, што засталіся без апекі бацькоў. Яны размяшчаюцца ў райцэнтры па вуліцы Касмадзям’янскай. Вя-
дзе па светлых, маленькіх, але ўтульных кабінетах і знаёміць з дзейнасцю сектараў дырэктар СПЦ Валянціна Рымдзёнак.

– У складзе сектара прафілактыкі сямейнага недабрабыту і сацыяльнага сіроцтва загадчык, педагог сацыяльны і педагог-псіхолаг. Яны выяўляюць сем’і, дзе ёсць праблемы, займаюцца іх суправаджэннем. Прытрымліваюцца прынцыпа, што дзіця павінна жыць з біялагічнымі бацькамі, але калі яму там дрэнна і нават небяспечна – малога забіраюць з сям’і, – тлумачыць Валянціна Васільеўна. – Кожнай сям’і даецца шанц на выпраўленне, але калі бачым, што бацька і маці дэградзіравалі як асобы, ніякіх станоўчых змяненняў не заўважаецца, то варыянт адзін – пазбавіць бацькоўскіх правоў і перадаць хлопчыка або дзяўчынку ў надзейныя рукі.

Сёння на Міёршчыне 22 сям’і, дзе выхоўваецца 46 дзяцей, прызнаных у сацыяльна небяспечным становішчы. Лічба мяняецца штомесяц: кагосьці ставяць на ўлік, у іншых сітуацыя выпраўляецца. Ведаюць асабіста кожнае такое дзіця, кожную сям’ю і перажываюць за іх спецыялісты цэнтра. Абстрагавацца ад сітуацыі не атрымліваецца, бо разумеюць: на коне – лёс маленькага чалавечка і нават яго жыццё.

На сувязі кругласутачна

У Вольгі Арсоба багаты вопыт, у сферы адукацыі з 2005 года. Некаторы час працавала метадыстам у сектары аховы дзяцінства, але абавязкі сацыяльнага педагога больш па душы. Выконвала іх у школе, а цяпер у сектары прафілактыкі сямейнага недабрабыту і сацыяльнага сіроцтва. Кажа, што заставацца раўнадушным у гэтай сферы немагчыма:

– Ёсць яшчэ надзея, што ў кожнага дзіцяці будзе сям’я – добрая, поўная і шчаслівая. Гэта таксама дае падставы верыць у станоўчыя змяненні ў грамадстве. Наша дзяржава прадастаўляе дапамогу ўсім, хто мае ў ёй патрэбу. Нават у тых, каго ўжо пазбавілі бацькоўскіх правоў, ёсць шанц.
Для работы з бацькамі выкарыстоўваюць розныя формы: індывідуальныя і групавыя кансультацыі, метадычныя распрацоўкі, наладжана работа клуба «Шлях да сябе».

Аказвае псіхалагічную падтрымку як дарослым, так і дзецям педагог-псіхолаг Зінаіда Равецкая. У штаце з верасня, да гэтага працавала ў тэрытарыяльным цэнтры. Яна ахоплівае сваім клопатам амаль усе ўстановы адукацыі на Міёршчыне, паколькі не хапае педагогаў-псіхолагаў ва ўстановах адукацыі, удзельнічае ў мерапрыемствах і акцыях з камісіяй па справах непаўналетніх.

– Адчуваю адказнасць за кожную сям’ю, я на сувязі амаль кругласутачна. Ніколі не кажу «патэлефануйце заўтра». Кагосьці кансультую нават пры сустрэчы на вуліцы. Дапамагаць трэба па меры паступлення запыту – тут і цяпер. І гэта здорава, што людзі не саромеюцца звяртацца да псіхолага, – разважае Зінаіда Феафанаўна.

Адагрэць маленькае сэрца

Дзіцячы прытулак у Дзісне – прамежкавае звяно паміж роднай і прыёмнай сям’ёй. За год праз яго праходзіць у сярэднім 40 чалавек. На жаль, за 2024-ы толькі прыкладна ў 30 % выпадкаў малыя вярнуліся ў біялагічныя сем’і. У большасці выпадкаў прычынай таму – злоўжыванне бацькоў алкаголем. Некаторых паўторна прызнаюць у сацыяльна небяспечным становішчы, такіх прыкладна чвэрць.

З прыёмнымі, апякунскімі сем’ямі і дзіцячымі дамамі сямейнага тыпу працуе сектар падтрымкі сем’яў. У яго штаце загадчык Анжаліка Банькоўская і педагог сацыяльны Алена Рудаміна, якія заняты тут з адкрыцця ў 2018 годзе. Вядуць работу як з дарослымі, так і з малымі. У сямі прыёмных сем’ях выхоўваюцца дванаццаць дзяцей, у двух дамах сямейнага тыпу – яшчэ дванаццаць, у васямнаццаці апякунскіх – 23.

– На жаль, адагрэць такіх дзяцей бывае вельмі складана, бо ім здрадзілі самыя блізкія людзі. На шчасце, ёсць тыя, каму гэта ўдаецца – прыёмныя бацькі, – падкрэслівае Анжаліка Іосіфаўна, Алена Леанідаўна падхоплівае: – Для нас гэтыя дзеці таксама становяцца як родныя, перажываем за кожнага.

У двух дамах сямейнага тыпу ў Міёрах цяпер выхоўваецца па шэсць дзетак. Вялікі педагагічны стаж у гаспадыні Ганны Пабярэжскай, лёгка знаходзіць падыход да сваіх выхаванцаў. Шмат гадоў працуе выхавацелем Жанна Лашына, яна падтрымлівае сувязь і з тымі хлопцамі і дзяўчатамі, якіх выпусціла ў свет.

Першую прыёмную сям’ю на Міёршчыне стварылі Валянцін і Алена Гоч. Выпусцілі ўжо дзвюх дачок, з якімі на сувязі. Адказна ставяцца да сваіх абавязкаў Дзмітрый і Ірына Шавяковы, Міхаіл і Ларыса Шчарбіцкія з Дзісны, Ігар Цімафееў і Таццяна Галіцкая, Сяргей і Святлана Бакевічы, Таццяна Мікель з Міёр. Працуе выхавацелем у прытулку і прыняла ў сям’ю ўжо пяцярых хлопцаў і дзяўчат Раіса Кулянок. Для ўсіх іх гэта не проста работа, а лад жыцця.

Прыемна, што для многіх прыёмных бацькоў дзеці становяцца роднымі і падтрымліваюць з імі сувязь, ужо калі заканчваюць школу і ідуць вучыцца далей. Дапамагаюць сабраць выпускнікам прытулка і дзіцячых дамоў сямейнага тыпу неабходныя для студэнтаў рэчы супрацоўнікі цэнтра, іх родныя і знаёмыя. Значную дапамогу ў гэтым аказвае маладзёжны праваслаўны рух «Ладанка» і яго кіраўнік Аляксандр Рынкевіч, які заняты вадзіцелем у СПЦ.

Адзін у полі не воін

Шмат гадоў працуе клуб «Астравок надзеі», які арганізуе сумесны адпачынак бацькоў і дзяцей. Тут бавяць вольны час, дзеляцца вопытам па прынцыпе «роўны вучыць роўнага».

У кастрычніку ў цэнтры адчынілі пакой, дзе праводзяць работу з дзецьмі, якія, магчыма, падвяргаліся гвалту, супрацоўнікі праваахоўных органаў. Летась тут працавалі з двума непаўналетнімі. Пра тое, каб усё было ў рамках закона, клапоціцца юрыст Наталля Сіцько.

Супрацоўнікі сацыяльна-педагагічнага цэнтра не дзеляць работу на сваю і чужую, пры неабходнасці замяняюць адзін аднаго. Цесна супрацоўнічаюць з іншымі суб’ектамі прафілактыкі.

– Аднаму дабіцца выніку складана, – падкрэслівае Валянціна Рымдзёнак. – У нас шмат сяброў, якія таксама на варце абароны правоў дзяцей. Гэта камісія і інспекцыя па справах непаўналетніх, аддзел па адукацыі і ўстановы адукацыі, аховы здароўя, тэрытарыяльны цэнтр, раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях. Важна, каб і насельніцтва не заставалася раўнадушнымі да патрэб дзяцей. Калі ўзніклі сумненні наконт іх бяспекі, лепш патэлефанаваць у камісію па справах непаўналетніх, аддзел па адукацыі, нам. Будзе праведзена сацыяльнае расследаванне, вынікі якога пакажуць, ці знаходзіцца дзіця ў сацыяльна небяспечным становішчы. Прыемна, што такіх сем’яў становіцца менш, як і выпадкаў, калі ўпушчаны час, і выправіць сітуацыю ўжо немагчыма.

Каб аднавіць жыццёвы рэсурс, бо ў прафесійнай дзейнасці супрацоўнікі цэнтра нярэдка сустракаюцца з негатыўнымі момантамі, практыкуюць адпачынак на прыродзе, экскурсіі, наведванне фізкультурна-аздараўленчага комплексу. І далей выконваюць сваё асноўнае прызначэнне – робяць дзяцей шчаслівымі, захоўваюць сем’і поўнымі. 

Алена ВАРОНІНА.
Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЕВІЧА.

0 комментариев

Добавить комментарий