Мозаика прошлого в школьных музеях Миорщины

Как попасть в прошлое? Один из вариантов-заглянуть в музей. Здесь приобретают особый смысл вещи, что когда-то являлись привычными, приходит другое осознание ценности прожитого и нынешнего. Об особенностях и развитии школьных музеев рассказали участники районного форума, который состоялся в центре детей и молодежи. Поделились опытом руководители музеев учреждений образования, провели экскурсии юные экскурсоводы.

 Як трапіць у мінулае? Адзін з варыянтаў – зазірнуць у музей. Тут набываюць асаблівы сэнс рэчы, што калісьці з’яўляліся звыклымі, прыходзіць іншае ўсведамленне каштоўнасці пражытага і цяперашняга. Пра адметнасці і развіццё школьных музеяў распавялі ўдзельнікі раённага форуму, што адбыўся ў Цэнтры дзяцей і моладзі. Падзяліліся вопытам кіраўнікі музеяў устаноў адукацыі, правялі экскурсіі юныя экскурсаводы.

Прывітанне ад Мірскага і загадкі з «Сялянскай хаткі»

Каля 3,5 тысячы наведвальнікаў з розных куточкаў Беларусі і замежжа штогод бываюць у музеях СШ № 3 імя Героя Савецкага Саюза

Я. Томкі. Тут можна прапасці на некалькі сутак, жартам і ўсур’ёз заўважыў кіраўнік музейнага аб’яднання Максім Філіповіч. Да прыкладу, толькі ў гістарычным музеі 19 раздзелаў і па кожным распрацавана экскурсія працягласцю ў 45 хвілін. Створаны ў 1986 годзе музей істотна абнавіў знешні выгляд у 2021-м. Тут захоўваюцца экспанаты, якія адлюстроўваюць гісторыю краю ад з’яўлення ў ім першага чалавека да сучаснасці. Адзін з першых прыкладаў выяўленчага мастацтва на Міёршчыне – выява сабачкі на кераміцы, што датуецца другім тысячагоддзем да нашай эры. З асобнымі адметнымі рэчамі даўніны азнаёміла экскурсавод Анастасія Вішнеўская. Сярод іх каменная сякера з арнаментам, пярсцёнак з адбіткам 1884 года, знойдзены ў жабрах шчупака, вылаўленага ў 1993-м. Гэта свайго роду прывітанне ад спадара Мірскага, які загадаў адпусціць невялікую рыбу, абазначыўшы яе пярсцёнкам.

Па музеі кнігі і друку, якому сёлета спаўняецца 15 гадоў і дзе можна даведацца пра развіццё пісьменнасці не толькі на Міёршчыне, правяла экскурсію Ангеліна Шульга. Старабеларускія кнігі, разнастайныя падручнікі, паштоўкі, рэкламныя буклеты… Усяго 12 тысяч экспанатаў. У іх ліку рукапісная кніга 18 стагоддзя, выдадзены ў Рызе ў 1945 годзе падручнік па фізіцы, нямецкая граматыка 1926 года. Вялікая калекцыя марак 19 стагоддзя – каля дзвюх тысяч.

У этнаграфічны музей «Сялянская хатка» запрасіла Ганна Нікалаёнак і прапанавала адгадаць назвы прадэманстраваных экспанатаў. Некаторыя выклікалі цяжкасці. Драўляную формачку для масла, нажніцы для стрыжкі авечак і шумёлы пазналі адразу.

Музеяў у школе стане больш. Як заўважыў кіраўнік музейнага аб’яднання, плануюць будаўніцтва кузні, з лета пачнуць работу па стварэнні музея адукацыі Міёршчыны, экспанаты для яго гатовы. Пра ўсе падзеі раскажа газета «Міёрская даўніна», што выдаецца ва ўстанове з 2011 года. 

 Памяць пра трагедыю і подзвіг

30 гадоў таму педагогі Дзісненскай школы-інтэрната вырашылі стварыць музей гісторыі горада. Цяпер ён знаходзіцца ў філіяле Цэнтра дзяцей і моладзі, складаецца з пяці залаў і мае больш за 2,5 тысячы экспанатаў, адзначыла кіраўнік Вольга Смаршчок. Боем сустракае наведвальнікаў гадзіннік 1938 года з Арлоўскага гадзіннікавага завода. Дзеці часта просяць уключыць патэфон. Каменную сякеру канца 14 стагоддзя нядаўна падарыў мясцовы жыхар. Знайшоў экспанат на сваім агародзе.

На кветку казяльца (рус. лютика), адлюстраваную на знойдзеных у дзісненскіх ваколіцах керамічных вырабах, звярнула ўвагу экскурсавод Ганна Лукашонак. У вобразе вандроўніка выхаванка Цэнтра дзяцей і моладзі распавяла пра музейныя адметнасці. Дарэчы, на аснове экспазіцый створана электронная кніга.

Асобная зала музея прысвечана самай трагічнай у гісторыі горада старонцы. 14 чэрвеня 1942 года фашысцкія акупанты расстралялі 3 800 мясцовых жыхароў яўрэйскай нацыянальнасці.

 ***

«… як я не прывык да вайны, а па чалавечым жыцці засумаваў. Спадзяюся, хутка сустрэнемся. Яшчэ адно намаганне – і мы пераможам», – чытае радкі з пісьма Героя Савецкага Саюза Міхаіла Кузьміна экскурсавод музея Дзісненскай школы, што носіць імя воіна-вызваліцеля, Міхаіл Баўтот. Баявы шлях Кузьміна ішоў праз Сталінградскую і бітву на Курскай дузе. За смеласць і мужнасць, праяўленыя ў баях за вызваленне Дзісны, танкіст удастоены звання Героя Савецкага Саюза. Пасмяротна. Загінуў у кастрычніку 1944-га ў Літве. Пра подзвіг воіна памятаюць у самым маленькім горадзе Беларусі. Экспазіцыя, прысвечаная Міхаілу Кузьміну, адчынена ў 1989 годзе ў прысутнасці ветэранаў 159-й танкавай брыгады і па-ранейшаму займае цэнтральнае месца ў школьным музеі, падкрэсліў кіраўнік Мікалай Пацеенак. У 2022 годзе праведзена рэканструкцыя. Фонд папоўніў каштоўны экспанат – капсулу з зямлёй з малой радзімы героя перадаў кіраўнік Аленінскай муніцыпальнай акругі Цвярской вобласці Расійскай Федэрацыі.

Яшчэ адзін з раздзелаў школьнага музея – «Беларуская хатка» – змяшчае прадметы побыту і культуры нашых продкаў. Ідуць работы па афармленні раздзела, прысвечанага гісторыі горада і школы.

 Партфель савецкага вучня

Дзевяць экспазіцый – нумізматыка, падзеі ваенных гадоў, быт і культура і іншыя – складаюць гісторыка-этнаграфічны музей Сіцькоўскай БШ. Азнаёміцца з яго гісторыяй і экспанатамі, паглядзець відэаэкскурсію можна на нядаўна створаным сайце музея, расказала кіраўнік Таццяна Матэленак. Разам з пастаяннымі экспазіцыямі дзейнічаюць зменныя выставы, прысвечаныя адметным датам і падзеям. Напрыклад, 35-годдзю вываду савецкіх войск з Афганістана, 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У мінулым годзе ў школе распачалі рэалізацыю раённага інавацыйнага праекта «Школьны музей як рэсурс грамадзянска-патрыятычнага развіцця і выхавання».

Экскурсавод Таццяна Вяль прадставіла экспазіцыю ў чамадане са школьнымі прыладамі савецкіх вучняў. Простыя сшыткі без надпісаў і палёў, чарнільніца-непралівайка, капіравальная папера – тагачасны ксеракс, трафарэты, з дапамогай якіх афармлялі

насценгазеты. Партфель акрамя прамога прызначэння дзятва выкарыстоўвала для катання з горкі. Сярод экспанатаў журнал 1940 года з Акунёўскай школы і вучнёўскія сшыткі 1955-га.

Здымкі сельскага святара

Гісторыя краязнаўчага музея Узмёнскай БШ бярэ адлік з 1993 года і звязана з імем Наталлі Тамашэвіч, па чыёй ініцыятыве пачалі збіраць экспанаты, заўважыла цяперашні кіраўнік Наталля Матэленак. Тут пяць экспазіцый. Самая вялікая – «У сялянскай хаце». Прыцягвае ўвагу наведвальнікаў экспазіцыя «Павел Валынцэвіч. Святар з фотаапаратам», матэрыял для якой падарыў школьнаму музею ў 2010 годзе калекцыянер з Мінска. Святар Павел Валынцэвіч служыў у мясцовай царкве з 1904 па 1947 гады і захапляўся фотаздымкай. На экспазіцыі прадстаўлены фотакопіі яго работ. На адной з іх сям’я святара глядзіць на неба праз цёмныя шкельцы – назіраюць сонечнае зацьменне. Датуецца здымак 8 жніўня 1914 года.

Пра фотасюжэты святара і іншыя музейныя экспанаты распавяла экскурсавод Ганна Матэленак. Адметныя прадметы – крамянёвы наканечнік стралы эпохі мезаліту і каменная сякера бронзавага веку.

Дзейнічае на базе музея краязнаўчы клуб «Спадчына» для вучняў пятага класа. Вывучаюць мінулае малой радзімы, вучацца працаваць з краязнаўчымі матэрыяламі і гістарычнымі дакументамі. n

У ТЭМУ
Па выніках конкурсу «Панарама педагагічнага вопыту» дыпломамі ўдзельнікаў адзначылі кіраўнікоў школьных музеяў.
Падвялікі вынікі конкурсу юных экскурсаводаў. Дыпломы ІІІ ступені атрымалі Ангеліна Шульга і Ганна Нікалаёнак, дыпломы ІІ ступені – Таццяна Вяль, Міхаіл Баўтот і Анастасія Вішнеўская. Дыпломы І ступені ў Ганны Лукашонак і Ганны Матэленак.

 Кацярына Рынкевіч.
Фотаматэрыял Казіміра Блажэвіча.

0 комментариев

Добавить комментарий