Кругаворот секретарских дел — в памяти

Кругаворот секретарских дел — в памяти Непадалёку ад аграгарадка Павяцце, у маляўнічым куточку паблізу ракі Вята месціцца вёска Чарнілова, якая з гадамі апусцела і ператварылася ў хутар. Адзіным жыхаром яе засталася Марыя Антонаўна Альхімовіч. За плячыма гэтай жанчыны ўжо восем дзесяцігоддзяў, але яна і не прыкмеціла, як праляцеў час, бо ў кругаверці паўсядзённых спраў дні ішлі вельмі імкліва.   


Толькі цяпер з'явілася больш вольнага часу, можна павязаць пруткамі, што-небудзь пачытаць і ля кветак пазавіхацца. А даўней галоўным прыярытэтам з'яўлялася праца. У сям'і расло трое дзяцей, якіх адна на ногі ставіла. Муж пайшоў з жыцця вельмі рана, а таму на жаночыя плечы леглі не толькі клопаты па выхаванні, але і ўся гаспадарка, якая ў вёсцы не абмяжоўваецца хатняй тэрыторыяй. Трэба было і агароды апрацаваць, і бульбу пасадзіць ды выкапаць, для каровы сена на зіму нарыхтаваць, дроў назапасіць… Давялося Марыі Антонаўне "запрэгчыся ў воз" і цягнуць яго, нягледзячы на цяжар грузу. А жыццё, між тым, прыпадносіла ёй новыя сур'ёзныя выпрабаванні. Вялікім ударам была смерць дачкі, зяця…


Але ж нямала і радасных момантаў на жыццёвым шляху. Ёсць 5 унукаў і 4 праўнукі, якія нярэдка наведваюць бабулю і прабабулю. Жанчына прызнаецца, што раней з'яўлялася апорай для дзяцей, а цяпер яны падстаўляюць плячо. Сын Міхаіл жыве ў Міёрах, а дачка Валянціна паблізу — у Павяцці.


Працоўны стаж Марыі Антонаўны бярэ адлік з 1957-га. Каля чатырох гадоў адпрацавала ў хаце-чытальні. А потым перайшла ў сельскі Савет, дзе займала розныя пасады, а больш за 20 гадоў была сакратаром. Службовых абавязкаў мела шмат: арганізоўвала пасяджэнні выканкама, кантралявала выкананне яго рашэнняў, афармляла шматлікую дакументацыю, праводзіла падворныя абыходы для статыстыкі, арганізоўвала перапісы, даводзіла да ведама насельніцтва пастановы, рашэнні і распараджэнні, рэгістравала акты грамадзянскага стану. Штодзённа ў сельскі Савет людзі звярталіся за даведкамі, за дапамогай у вырашэнні пэўных гаспадарчых пытанняў, з сямейнымі праблемамі… Паўсядзённая работа сакратара нярэдка выходзіла за рамкі службовых абавязкаў, звязаных з дзейнасцю выканаўчага камітэта. Марыя Антонаўна добра ведала ўсіх сельскіх жыхароў з самых аддаленых вёсак. Нават цяпер беспамылкова можа назваць дату, месяц і год нараджэння многіх сяльчан.


У памяці жанчыны моманты ўрачыстасцей рэгістрацыі шлюбаў. Шмат разоў з яе вуснаў гучалі словы: "Віншую, сёння вы стварылі сям'ю! Жывіце ў згодзе і шчасці…" І заўсёды, калі даводзілася ў чарговы раз паўтараць іх, хвалявалася, бо кожную пару Марыя Антонаўна добра ведала, і хацела падабраць словы, якія закранулі б стрункі душы маладых. Цяпер шчыра радуецца, прыгадваючы хлопцаў і дзяўчат, якія шмат гадоў таму паставілі подпісы ў актах рэгістрацыі шлюбу, абмяняліся заручальнымі пярсцёнкамі і стварылі трывалыя сям'і, дзе ўжо выраслі дзеці і цешаць сэрца ўнукі.
Праца сакратара сельскага Савета ў 60-80-ыя гады была вельмі адказнай, значнай і выніковай. І пра яе Марыя Антонаўна ўзгадвае з задавальненнем і настальгіяй.

 

Алена САКАЛОЎСКАЯ і Марыя ЮРАШАК,

работнікі Павяцкага сельскага Савета.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.