Добрая королева маленькой страны из Окунева

 Ёсць у Павяцкім сельсавеце хутар Акунёва. Тут два дамы. У адным з іх жыве Вера Антонаўна АСТУКЕВІЧ.

19 верасня Веры Антонаўне споўнілася 85 гадоў. У мінулым – працоўны шлях ад культработніка да ветфельчара, у цяперашнім – клопат, любоў і ўдзячнасць блізкіх. Пажаданне на будучае – добрага здароўя, каб яшчэ доўга цёплым сонейкам свяціць родным людзям.

Родам Вера Антонаўна з вёскі Горныя. Цяпер ад таго месцейка на тэрыторыі сучаснага Перабродскага сельсавета толькі назва засталася. У сям’і раслі чацвёра дзяцей. Бацькі мелі ўласную зямлю, трымалі гаспадарку, таму з малых гадоў дочкі і сыны ведалі сельскую працу.


 Скончыўшы Павяцкую дзесяцігодку, Вера Антонаўна ўладкавалася культработнікам у Орцах.
З будучым мужам Баляславам Станіслававічам сустрэлася, калі той вучыўся на ветфельчара ў сельскагаспадарчай школе ў Лявонпалі. Стварэнне сям’і стала свядомым крокам – абодвум было па 27. Лёс адмерыў ім 41 год разам.


Жыць вырашылі ў Акунёве, на малой радзіме Баляслава. Спачатку іх звязалі сямейныя повязі, затым яшчэ і прафесійныя. Сферу культуры Вера Антонаўна змяніла на ветэрынарыю. Завочна скончыла тэхнікум у Бігосаве. Разам з мужам працавала ў калгасе «Гігант» (цяпер філіял «Павяцце» ААТ «Чэрасы»). Загадвала ветэрынарным участкам на свінакомплексе, пасля стала галоўным урачом. Да пенсіі лячыла калгасную жывёлу. Спяшалася на дапамогу гадаванцам сяльчан.


Справу бацькоў прадоўжыў малодшы сын Франц. Атрымаў вышэйшую адукацыю. Жыве ў Павяцці, працуе ў мясцовай гаспадарцы. Старэйшы Антон выбраў педагогіку. Выкладае ў Павяцкай школе. А пражывае побач з маці.


У Веры Антонаўны шэсць унукаў і пяць праўнукаў. Не зважаючы на паважаны ўзрост, садзіць агарод, даглядае сад.
Для родных і блізкіх яна – дарагі чалавек, якога любяць, цэняць і берагуць.

Франц Астукевіч, сын:
– Наша матуля добразычлівая, клапатлівая, уважлівая. Перш-наперш не пра сябе, а пра блізкіх турбуецца. Так было ў дзяцінстве, так і цяпер. За правіннасці на нас малых не сварылася. Спакойна тлумачыла, што добра, а што дрэнна. Разам з татам вучылі нас працавітасці, гаспадарлівасці, гасціннасці, увазе да іншых людзей. Добра засвоіў кулінарныя ўрокі. Умею пірагі і бліны смачныя пячы. І гасцям у сваім доме рады. З маці штодня па тэлефоне размаўляем. Два – тры разы на тыдзень прыязджаю да яе. Спачатку за стол запрашае і толькі пасля дазваляе за работу ўзяцца.

Марына Генрыхаўна, нявестка:
– У сям’ю мужа прыйшла як да сябе дадому. Свякроўка прыняла мяне з цеплынёй. Аднойчы трапіла ў бальніцу з сярэднім сынам. А малодшай дачушцы год быў. Вера Антонаўна ўзяла на сябе ўсе клопаты пра малую. Яе вызначальная якасць – гатоўнасць дапамагаць. Ёй важна быць карыснай для іншых. Тады адступаюць хваробы. З радасцю прымае гасцей, шчодра накрывае стол. Ніхто не ўмее так смачна саліць агуркі. Гатуем па яе рэцэптах, але паўтарыць не ўдаецца.

Крысціна Астукевіч, унучка:
– Наша бабуля вельмі добрая, пяшчотная, клапатлівая. У дзяцінстве частавала мядовымі пірагамі, якія называла пернікамі, булкі смачныя выпякала. Цёплая душэўная атмасфера панавала ў доме. Туды хацелася і летам, і зімой. Цяпер нячаста даводзіцца ў яе бываць. Я вучуся ў Оршы ў медкаледжы, дадому ў Павяцце прыязджаю раз на месяц. З бабуляй трымаем сувязь па тэлефоне. Яна кансультуецца наконт лекаў і называе мяне сваім асабістым доктарам.

Яна Паршута, унучка, г. Віцебск:
– У маленстве бабуля Вера была маім найлепшым сябрам. І цяпер паміж намі, нягледзячы на адлег- ласць, цёплыя і трывалыя адносіны. У дзіцячы садок я не хадзіла, таму шмат часу ў яе праводзіла. Любіла з бабуляй у школу гуляць. Яна была цудоўнай жонкай для дзядулі. Мудрая і ўважлівая, не ставіла свае інтарэсы на першае месца, умела слухаць. У доме – чысціня і парадак, на стале – смачныя стравы. І цяпер памятаю смак яблычнага варэння, якое вельмі любіла есці з аладкамі. У сталым узросце бабуля застаецца энергічнай і працавітай. Па традыцыі, збіраемся ў яе на Каляды.

Анатоль Астукевіч, унук, г. Наваполацк:
– Пра такую бабулю, як у нас, марыць кожны. За 30 гадоў свайго жыцця ні разу не чуў ад яе дрэннага слова. Калі былі малымі, не маглі абысціся без яе клопату, пяшчоты, жартаў і добрых казак. Цяпер дарослыя, але нічога не змянілася. Бабуля патрэбна заўсёды, незалежна ад нашага ўзросту. Вельмі ўдзячны ёй за клопат, пяшчоту і ўвагу. Без яе не выраслі б моцнымі, разумнымі, паспяховымі. Мы шчаслівыя, што ў нас ёсць бабуля Вера.

Яўген Маркуш, пляменнік з Полацка:
– Хутар Акунёва для мяне і маёй сям’і нібы цудоўная маленькая краіна. А Вера Антонаўна – яе добрая каралева. Любіў гасцяваць тут у дзяцінстве. Часта наведваемся цяпер. Уважлівая і клапатлівая, рухавая і актыўная. З радасцю сустрэне, дасць мудрую параду, накорміць смачна і дасыта. Гэта наш родны дарагі чалавек. Што б мы без яе рабілі?!

Фотаматэрыял з асабістага архіва сям'і АСТУКЕВІЧ.
Падрыхтавала Кацярына РЫНКЕВІЧ.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.