45 лет помогает людям

45 лет помогает людям Нядаўна загадчыца Мікалаёўскага ФАПа Соф'я Пятроўна Кабяк адзначыла 45-годдзе працоўнай дзейнасці. Такім багатым стажам і ўсім зробленым за гэты вялікі прамежак часу, сапраўды, можна хваліцца і ганарыцца. Так лічыць і кіраўніцтва УАЗ "Міёрская ЦРБ", якое выказвае жанчыне падзяку за сумленнае выкананне абавязкаў, і многія вяскоўцы, якім яна дапамагае, і яе дзеці — яны і накіравалі ў рэдакцыю газеты ліст з цёплымі радкамі пра сваю матулю.

 

«Сёлета ў нашай мамачкі 45-годдзе прафесійнай дзейнасці. А яшчэ ў сакавіку яна адзначае дзень нараджэння. Але не толькі гэта стала падставай звярнуцца ў "раёнку". Магчыма, гэтыя радкі і яе падтрымаюць — прыемныя словы заўсёды надаюць бадзёрасці і аптымізму, — і іншым паслужаць нейкім арыенцірам. Жыццё кожнага чалавека азнаменавана важнымі падзеямі, і вельмі добра, калі большасць з іх станоўчыя, хаця, напэўна, рэдка каму на доўгім шляху ўдаецца не сустрэцца з бядой. Вось і нашай мамачцы Соф'і Пятроўне Кабяк давялося многае перажыць. Радасці перапляталіся са смуткам, смех са слязамі, нараджэнне са смерцю. Наша мамачка і сама нярэдка падстаўляла плячо не толькі родным, але і аднавяскоўцам, і жыхарам з суседніх населеных пунктаў. Радавалася разам з тымі, у каго нарадзіліся дзеткі. Смуткавала, калі хтосьці хварэў. І гэта не дзіўна, бо па прафесіі яна медфельчар. Зона абслугоўвання немалая, таму клопатаў шмат. Акрамя выклікаў на дом даводзіцца весці дакументацыю, трымаць на кантролі хворых, якія стаяць на уліку з-за розных немачаў.  А колькі радасці прамяніцца ў яе вачах, калі яна расказвае пра немаўлят, якіх маладыя таты і мамы прывозяць дадому з радзільнага аддзялення, і клопаты пра здароўе кожнага з іх найперш кладуцца на плечы фельчара. Праўда, цяпер такія падзеі ў вёсцы не частыя. А вось раней многім бацькам Соф'я Пятроўна дапамагла "выхадзіць" малых. Цяпер у тых, каго яна некалі трымала на руках, лячыла, ужо ёсць уласныя дзеці. Увогуле, наша мамачка вельмі ўважліва адносіцца да кожнага, хто звяртаецца за меддапамогай, а гэта людзі розных узростаў. І ў снег, і ў дождж накіроўваецца да тых, каму патрэбна паставіць дыягназ, прызначыць абследаванне ці лячэнне. Дабіраецца дзе пешшу, дзе на веласіпедзе. Іншы раз хто-небудзь на машыне падвязе. І так на працягу многіх гадоў! З 1968-га працуе на Мікалаёўскім ФАПе — уладкавалася адразу пасля заканчэння Полацкага медвучылішча. Нягледзячы на сталы ўзрост (ужо на пенсіі), і цяпер яна старанна спраўляецца са службовымі абавязкамі. Сведчанне яе сумленнай працы — шчырыя падзякі ад вяскоўцаў і шматлікія Ганаровыя граматы ад раённай і абласных устаноў аховы здароўя, якія захоўваюцца ў яе сямейным архіве.

 

Трэба адзначыць, што менавіта нястомная праца і пастаянныя зносіны з людзьмі, а таксама падтрымка родных  дапамаглі ёй самой выстаяць перад шэрагам бед, якія неспадзявана ўварваліся ў жыццё. Напачатку загінуў 25-гадовы сын Аляксей. Праз год пасля яго смерці пайшоў з жыцця муж Іван Іванавіч. Пазней пахавала бацькоў.

 

Наша мамачка Соф'я Пятроўна цяпер жыве ў паўсядзёных турботах пра сваіх вяскоўцаў, пра родных. Трымае вялікую хатнюю гаспадарку. Разам з ёй дзеліць радасці і клопаты сямейнага жыцця малодшы сын Іван. Працуе ён на ЛПДС "Дзісна" кантралёрам. Некалькі гадоў назад ажаніўся, прывёў у дом нявестку Анжэлу, і яна нарадзіла дзяўчынку, якую ў гонар бабулі назвалі Соф`яй. А калі ў сям'і ёсць няўрымслівыя малыя, то і старэйшым не даводзіцца старэць.

Я (Жанна) — старэйшая дачка ў сям'і. Жыву ў Наваполацку і вельмі радуюся, што ў сталым узросце мама не засталася адна, побач з ёй пад адным дахам жыве малодшы сын Іван, прычым не адзін, а з сям'ёй. Я хачу нізка схіліцца перад матуляй, моцна абняць, пацалаваць яе рукі за тое, што аддае ўсю цеплыню сэрца нам — самым блізкім людзям, падзякаваць за нястомную працу, за падтрымку і дапамогу, за ўвагу, якой атуляе і ўжо дарослых дзяцей, і ўнукаў. Мая старэйшая дачка Марта вучылася ў Мінску ў БДУ, а малодшанькая Надзя яшчэ студэнтка. Абедзве мелі падтрымку ад бабулі і грашыма, і харчамі з вясковага падвор'я. Марта выйшла замуж і цяпер жыве ў Турцыі, але калі прыязджае на радзіму, то абавязкова спяшаецца наведацца і ў Мікалаёва да дарагой ёй бабулечкі.

 

Так склалася, што пакуль ніхто з нашай сям'і не абраў прафесійны шлях Соф'і Пятроўны, нялёгкі і разам з тым вельмі пачэсны. Але падрастае маленькая ўнучачка Сонечка. І хто ведае, можа яна стане ўрачом і будзе, як бабуля, такім жа добрым, чулым і граматным спецыялістам».


Жанна ЦІХАНОВІЧ.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.