Для Марии Устиновой из Чепуков 2024 год счастлив и богат на отличительные события и даты

Для кого – то 2024-й-год високосный и во всем виноват. Для Марии Устиновой из Чепуков – счастлив и богат на отличительные события и даты. Встретила свои 60, с мужем отметили жемчужную свадьбу, готовят поздравления старшей дочери на 30-летие и внучке, которой исполнится десять. Еще в этом году Мария Александровна попрощалась с бухгалтерскими обязанностями в ОАО "Любинова" и полностью окунулась в пенсионную жизнь, наполненную привычными хозяйственными и приятными семейными заботами.

 Для кагосьці 2024-ы – год высакосны і ва ўсім вінаваты. Для Марыі Усцінавай з Чапукоў – шчаслівы і багаты на адметныя падзеі і даты. Сустрэла свае 60, з мужам адзначылі жамчужнае вяселле, рыхтуюць віншаванні старэйшай дачцэ на 30-годдзе і ўнучцы, якой споўніцца дзесяць. Яшчэ сёлета Марыя Аляксандраўна развіталася з бухгалтарскімі абавязкамі ў ААТ «Любінова» і цалкам акунулася ў пенсіённае жыццё, напоўненае звыклымі гаспадарчымі і прыемнымі сямейнымі клопатамі.

Цёплая ўсмешка, святло ў вачах, звонкія ноткі ў голасе. У свае 60 гадоў Марыя Усцінава маладая і аптымістычная.

– За добрым мужам – вось сакрэт маладосці, – радасна заўважае яна. – 30 гадоў душа ў душу жывём. Нават не верыцца, хутка час праляцеў. Рознае здаралася: і канфлікты, і непаразуменні. Пераканалася, што сакрэт дружнай сям’і ва ўменні саступаць. Не трэба ісці на прынцып. Цяпер практычна не спрачаемся. Са з’яўленнем унукаў сталі яшчэ больш цаніць сямейныя каштоўнасці.

Важна свайго чалавека сустрэць

Знаёмы Фёдар Мікалаевіч і Марыя Аляксандраўна з дзяцінства. Раслі ў суседніх вёсках Запруддзе і Барсучына Шаркаўчынскага раёна, у адну школу хадзілі. Увагу адно на аднаго звярнулі значна пазней.

– Замуж у 30 гадоў выйшла. Па ранейшых мерках, гэта позна, – гаворыць Марыя Аляксандраўна. – Узрост, у якім ствараеш сям’ю, не галоўнае. Важна свайго чалавека сустрэць.  

Будаваць сямейнае шчасце Усцінавы пачыналі ў вёсцы Каўшэлева Шаркаўшчынскага раёна. Там нарадзіліся дачушкі Вольга і Таццяна. Фёдар Мікалаевіч працаваў механізатарам. Цёплай парой з раніцы да позняга ў палях. З маленькімі дзецьмі і хатнімі клопатамі Марыя Аляксандраўна спраўлялася адна.

–  Іду агарод палоць, дзяўчатак з сабой бяру. Малодшая ў калясцы засне, старэйшая за мной поўзае. Я траву з градкі вырываю, а яна – расточкі агуркоў. Памочніца… – з усмешкай успамінае моманты, якія грэюць душу. – Амаль адразу пасля вяселля мы сталі жыць самастойна. Свой дабрабыт самі стваралі. Абодва са шматдзетных сем’яў – у маіх бацькоў нас пяцёра было, у сям’і мужа трое – таму да працы з малых гадоў прывучаны. Яшчэ трэцякласніцай я прыходзіла са школы і хутчэй да мамы на ферму бегла кароў даіць. Мне гэта вельмі падабалася.

Пасля водпускаў па доглядзе дзіцяці Марыя Аляксандраўна пайшла працаваць бухгалтарам у каўшэлеўскую гаспадарку. Калі яе рэарганізавалі, на сямейным савеце прынялі рашэнне пераехаць.

Рады за дочак і ўнукаў

У Чапукі Усцінавы прыехалі ў 2008 годзе. ААТ «Любінова», куды Фёдар Мікалаевіч уладкаваўся механізатарам, а Марыя Аляксандраўна бухгалтарам, прадаставіла новы дом. Першай справай гаспадары пасадзілі сад, які цяпер радуе ўраджаем.

Сваёй хадой ішло сельскае жыццё: работа – дзеці і дом – хатнія і гаспадарчыя клопаты. Адметныя сямейныя падзеі адлюстроўваліся на фотаздымках, якімі поўніліся фотаальбомы. Вось Оля ідзе ў першы клас, а Таня ў дзіцячы сад. А вось у старэйшай ужо выпускны ў школе.

 Дочкі атрымалі вышэйшую адукацыю. Цяпер у абедзвюх сем’і. Вольга з мужам і дзецьмі жывуць разам з бацькамі. Унукі Насця і Дзіма – радасць дзядулі і бабулі.

– Цяпер і не ўяўляем, як без іх. Недарэмна ў песні спяваецца, што ўнукаў любяць больш, чым дзяцей. Гэта сапраўды так, – заўважае Марыя Аляксандраўна. – У выхаванні дочак больш строгімі былі.

Разам з тым улічвалі іх меркаванні і паважалі прынятыя імі рашэнні.

Вольга ў 20 гадоў стварыла сям’ю, у хуткім часе стала маці, затым прадоўжыла вучобу і атрымала дыплом педагога. У Таццяны эканамічная адукацыя, пасля скончыла бухгалтарскія курсы і цяпер працуе галоўным бухгалтарам ў прыватнай фірме ў сталіцы. Раз на месяц наведваецца з мужам у Чапукі, у родных мясцінах праводзяць водпуск.

Кветкі, кнігі і малітва

Два гады таму Марыя Аляксандраўна мела магчымасць пайсці на адпачынак, але скарысталася ёй толькі сёлета. Атрымлівае асалоду ад пенсіённых будняў – актыўных і разнастайных. Цёплай парой часта выпраўлялася ў лес па ягады-грыбы. Занятак для душы – кветкі. Красуюць на падворку з вясны да восені. Сёлета на свяце вуліцы клопаты гаспадыні па добраўпарадкаванні адзначылі ўзнагародай Новапагосцкага сельвыканкама.

Яшчэ адно захапленне – кнігі.

– Па словах мужа, менавіта імі яго прывабіла. Неяк сказаў: «Калі б не твая бібліятэка, можа б і сёння ў маці на печы ляжаў», – усміхаецца суразмоўніца. – Мы з мужам пастаянныя чытачы ў мясцовай бібліятэцы. Ён дэтэктывы любіць. Мне гэты жанр таксама даспадобы, асабліва кнігі Таццяны Усцінавай. Увогуле выбіраю лёгкія творы для адпачынку, часцей жаночыя раманы.  

У нядзелю Марыя Аляксандраўна спяшаецца ў маленную ў Кублішчына. Тры гады як стала тут пастаяннай прыхаджанкай, спявае на клірасе.

– Ніколі не думала, што ў царкве спяваць буду, – прызнаецца суразмоўніца. – Цяпер гэта складнік майго жыцця. Стала на крок бліжэй да Бога. Заўважыла, што на душы цяпер больш спакойна і радасна.

Марыі Аляксандраўне ёсць за што быць удзячнай Богу. За добрага мужа, за дружную сям’ю, за любімых дочак і ўнукаў, за здароўе і дабрабыт. Просіць нябёсы пра мір у свеце і шчаслівую будучыню блізкіх.

Кацярына Рынкевіч.
Фотаматэрыял Казмімра Блажэвіча і з альбома сям'і Усцінавых.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.