Ветеранская организация при управлении сельского хозяйства встречалась в Миорах

 Нядаўна ўтворана пярвічная ветэранская арганізацыя пры ўпраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, у якую ўліліся былыя работнікі іншых раённых арганізацый і ўстаноў аграрнага напрамку.

Яны абралі сваім кіраўніком чалавека няўрымслівага, які бачыць сваю задачу ў тым, каб ветэраны працы не адчувалі адзіноту, сустракаліся з былымі калегамі, прадаўжалі актыўна ўдзельнічаць у грамадскім жыцці.  За непрацяглы перыяд сабраліся ў трэці раз. У тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ўшанавалі юбіляраў за салодкім сталом.

Старшыня пярвічкі Пётр Пятроў падзяліўся з калегамі планамі на будучыню па арганізацыі наступных сустрэч, паездак, экскурсій. Дырэктар ТЦСАН Алена Шамёнак расказала пра дзейнасць установы і тыя магчымасці, якія яна прадастаўляе ветэранам працы. У Дзісне існуе даўно, а ў Міёрах нядаўна адкрыта аддзяленне дзённага знаходжання для людзей, якія хочуць асвоіць новыя для сябе напрамкі дзейнасці або здольны нечаму карыснаму навучыць іншых. Тут жа адбыўся майстар-клас па вырабе дэкаратыўнай елачкі з папяровых трубачак.
Былыя калегі сардэчна павіншавалі з днём нараджэння Раісу Скурат. Чарговую гадавіну Раіса Анатольеўна адзначыла 24 снежня.

Нарадзілася яна на Браслаўшчыне ў сялянскай сям'і. З дыпломам агранома пасля Смальянскага сельгастэхнікума працавала ў гаспадарках Пліскага і Глыбоцкага раёнаў. З мужам Аляксеем Яўгенавічам, якога пасля ветінстытута накіравалі начальнікам ветлабараторыі, прыехала на Міёршчыну. Тут давялося быць аграметэаролагам, узначальваць кантрольна-насенную лабараторыю і інспекцыю па насенняводстве, каранціне і абароне раслін. Установы пад яе кіраўніцтвам лічыліся лепшымі ў вобласці. У 60 гадоў перайшла на больш спакойны ўчастак работы. У памяці былых калег засталася як адукаваны спецыяліст, умелы кіраўнік, камунікабельны чалавек. Пасля смерці мужа дапамагае расціць унукаў сыну і нявестцы. Актыўная дачніца і агародніца, займаецца пладовымі дрэвамі і кустамі, парнікамі і градкамі, кветкамі ў двары і парадкам у доме.


Шмат добрых слоў выказалі былому дырэктару райплемстанцыі Ганне Чапулёнак. Ганна Нікадзімаўна нарадзілася на Каляды ў вёсцы Чыжоўшчына Новапагосцкага сельсавета. Вучылася ў Кублішчынскай і Новапагосцкай школах. Спецыялістам жывёлагадоўлі стала ў Лужаснянскім сельгастэхнікуме і Віцебскім ветінстытуце. Пачынала самастойны працоўны шлях заатэхнікам-селекцыянерам у райплемстанцыі, а потым узначаліла гэтую арганізацыю, якая базіравалася ў Дубашынскім Двары і лічылася адной з лепшых на Віцебшчыне. У яе склад уваходзілі кааператыў па штучным асемяненні сельгасжывёлы, кармавая і малочная лабараторыі, штат спецыялістаў — усяго 32 чалавекі і адпаведная тэхніка. Двойчы на дні наведвалі 52 малочнатаварныя фермы, дзе ўтрымлівалася больш за 6 тысяч кароў. Пасля дасягнення пенсіённага ўзросту яшчэ пяць гадоў працавала заатэхнікам-селекцыянерам.


Для гэтых старанных працаўніц, выдатных жанчын спявалі Дзіяна Маляўка і Аляксандра Пашкоўская. Замілаванне ў бабуляў і дзядуляў выклікалі таленты ў спевах, танцах і дэкламацыі маленькай Насценькі Шокель, якая суправаджала сваю бабулю Таццяну Пучкоўскую, таксама колішняга спецыяліста і адказнага работніка жывёлагадоўлі.


Пажаданні плённай працы выказала ветэранскай пярвічнай арганізацыі райсельгасхарчу Алена Кавалёнак.
Цікаваму і карыснаму адпачынку ветэранаў у сценах ТЦСАН садзейнічалі сцэнарый і ўмелае вядзенне мерапрыемства Вольгай Пашкоўскай. 

Фота аўтара.

Леанід МАТЭЛЕНАК.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.