Социальное обслуживание

Асноўнае пытанне на чарговым пасяджэнні райвыканкама, якое адбылося 25 студзеня, было "Аб ходзе выканання Комплекснай праграмы развіцця сацыяльнага абслугоўвання на 2011-2015 гады". З інфармацыяй выступіла намеснік старшыні райвыканкама М. М. Баніфатава. Яна адзначыла, што сістэма медыцынскага і сацыяльнага абслугоўвання дазваляе ахапіць шырокія слаі насельніцтва, у тым ліку грамадзян з абмежаванымі магчымасцямі. Летась у жыллі гэтай катэгорыі жыхароў раёна адрамантаваны 32 печы, электраправодка ў 9 дамах, устаноўлена 195 пажарных апавяшчальнікаў. Матэрыяльную падтрымку з розных крыніц атрымала 139 чалавек больш чым на 73 млн. рублёў. Пашыраецца аддзяленне кругласутачнага знаходжання да 60 месц, прымаюцца меры па медыцынскім, гандлёвым, бытавым абслугоўванні састарэлых. Але пералік гэтых паслуг трэба пашыраць, а якасць — павышаць. Вось таму ў прынятым рашэнні намечана сёлета да 1 красавіка адкрыць пункты пракату сродкаў рэабілітацыі ў Дзісне і Язне, увесці да 1 кастрычніка ў аддзяленні кругласутачнага знаходжання пакоі павышанай камфортнасці, арганізаваць з 1 красавіка адаптацыю маладых інвалідаў да працоўнай дзейнасці ў якасці рабочых зялёнага будаўніцтва. З 1 лютага пачнецца збор у насельніцтва адзення і абутку, у тым ліку былых ва ўжытку, для малазабяспечаных грамадзян.

 

Пэўныя задачы ў вызначаным напрамку пастаўлены перад Дзісенскім гарадскім і сельскімі выканкамамі, аддзеламі ўнутраных спраў, фізічнай культуры, спорту і турызму, цэнтральнай раённай бальніцай.

 

Прафілактычная работа

На пасяджэнні разгледжаны пытанні па прафілактыцы правапарушэнняў. Начальнік РАУС С. М. Лонь, намеснік старшыні райвыканкама М. М. Баніфатава, начальнік аддзела адукацыі В. А. Драба і старшыня Туркоўскага сельвыканкама П. П. Ціхановіч вялі размову аб выкананні Закона "Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў" і Дзяржаўнай праграмы па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй. Адзначана, што летась узровень злачыннасці на тэрыторыі раёна з'яўляўся найменшым за апошнія 11 гадоў. Не дапушчана забойстваў, разбояў, махлярстваў і іншых цяжкіх правапарушэнняў. Меней стала злачынстваў, учыненых непаўналетнімі. Засталося менш дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным стане. І пры тым паболела наўмысных цяжкіх цялесных пашкоджанняў, угонаў і крадзяжоў аўтамашын. У стане алкагольнага ап'янення здзейснены па два цяжкія і асабліва цяжкія злачынствы. 46 правапарушэнняў на рахунку раней судзімых, яшчэ 30 — раней судзімых і непрацуючых.

Сама больш правапарушэнняў на тэрыторыі райцэнтра і Туркоўскага сельсавета.

 

Райвыканкам зацвердзіў Комплексны план мерапрыемстваў па прафілактыцы правапарушэнняў да 2015 года. Канкрэтныя задачы пастаўлены перад аддзелам унутраных спраў па сумеснай рабоце з райаддзелам Следчага камітэта, цэнтральнай раённай бальніцай і іншымі службамі. Акрэслена роля ўпраўлення райсельгасхарчу, райспажыўсаюза, упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, аддзела адукацыі, гарадскога і сельскіх выканкамаў. Зняты з кантролю шэраг рашэнняў райвыканкама, вызначаны меры па далейшым умацаванні парадку і дысцыпліны.

 

Іншае

Райвыканкам прыняў рашэнне аб ліцэнзіях на рознічны гандль алкагольнымі напоямі і тытунёвымі вырабамі, узгадніў рэжым работы аб'ектаў гандлю, разгледзеў пытанні аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

 

 

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.