Следим за давлением и холестерином вместе с врачом-кардиологом из Миор Анастасией Григорович

Во всем мире среди заболеваний лидируют болезни сердечно-сосудистой системы. Об их профилактике и облегчении протекаемости посетителям отделений ТЦСОН для пожилых и людей с инвалидностью рассказала врач-кардиолог Анастасия Григорович.

Ва ўсім свеце сярод захворванняў лідзіруюць хваробы сардэчна-сасудзістай сістэмы. Пра іх прафілактыку і аблягчэнне працякальнасці наведвальнікам аддзяленняў ТЦСАН для пажылых і людзей з інваліднасцю распавяла ўрач-кардыёлаг Анастасія Грыгаровіч.

На Міёршчыне сардэчна-сасудзістыя захворванні таксама на першым месцы, заўважыла Анастасія Сяргееўна. Нагадала пра фактары рызыкі. Іх падзяляюць на дзве групы: мадыфіцыруемыя і немадыфіцыруемыя. Да першых адносяцца харчаванне, лішняя вага, гіпадынамія, шкодныя звычкі. Усё тое, што залежыць ад чалавека. На немадыфіцыруемыя фактары – спадчыннасць, пажылы ўзрост, спадарожныя захворванні – паўплываць нельга.

Як адзначыла ўрач-кардыёлаг, змена ладу жыцця ў бок здаровага харчавання і фізічнай актыўнасці да 70 % аблягчае працякальнасць сардэчна-сасудзістых захворванняў. У той час як лекавая тэрапія і медыкаментознае ўмяшальніцтва толькі на 30 % садзейнічаюць зніжэнню смяротнасці ад іх. Разам з тым прымаць прызначаныя прэпараты неабходна. Да прыкладу, у Еўропе і ЗША гіпаліпідэмічныя сродкі, што зніжаюць халестэрын, ужываюць у якасці БАДаў. Зніжаецца халестэрын – змяншаецца рызыка сардэчна-сасудзістых захворванняў. Насуперак міфу гіпаліпідэмічныя прэпараты ў невялікай дазіроўцы не шкодзяць печані, гэта паказалі даследаванні.

Урач-кардыёлаг раіла сачыць за ціскам. Пастаянны паказчык звыш 140х90 сведчыць пра артэрыяльную гіпертэнзію. Часам чалавек не адчувае павышаны ціск, ад чаго ўзрастае рызыка інсульту і інфаркту. Яшчэ адна рэкамендацыя доктара – кантраляваць халестэрын. У норме паказчык менш за 5.

Што да харчавання, неабходна скараціць ужыванне солі. Яна затрымлівае вадкасць у арганізме, ад чаго ўзнікаюць ацёкі. Важна ўключыць у меню прадукты з высокім утрыманнем калію і магнію. У іх ліку марская капуста, разынкі, чырвоныя буракі, кабачкі, грэчневая каша. Больш ужываць свежых гародніны і фруктаў. Пазбягаць трансгенных тлушчоў, што ўтрымліваюцца ў маргарыне, а таксама ўтвараюцца падчас смажання прадуктаў на алеі.

Харчавацца трэба ў меру. Пастаяннае пераяданне – адна з асноўных прычын залішняй вагі. Расказала доктар, як вызначыць індэкс масы цела. Вагу падзяліць на рост у квадраце. Напрыклад, вага 70 кг, рост 1,68 м. 70 : (1,68х1,68) = 24,8. Паказчык менш за 25 – норма. Лічба больш за 28 у мужчын і больш за 30 у жанчын сведчыць пра атлусценне.

Найбольш павышае рызыку сардэчна-сасудзістых захворванняў цэнтральнае ці абдамінальнае атлусценне, калі тлушч адкладваецца ў раёне жывата. Памер таліі ад 80 см у жанчын і ад 94 см у мужчын – не норма. Ступень абдамінальнага атлусцення вызначаюць па індэксе суадносін таліі і сцёгнаў. Напрыклад, акружнасць таліі – 70 см, сцёгнаў – 103. 70:103 = 0,68. Паказчык звыш нормы для жанчын – ад 0,85, у мужчын – ад 1.

Звярнула ўвагу ўрач-кардыёлаг на шкоду пасіўнага курэння, якое на 30 % павялічвае рызыку сардэчна-сасудзістых захворванняў. Верагоднасць смерці ад іх у дзесяць разоў павышае выкураны ў суткі пачак цыгарэт. Калі са звычкай развітацца, праз пяць гадоў пагроза знікае.

Доктар падкрэсліла: пачаць весці здаровы лад жыцця ніколі не позна. Сачыць за харчаваннем, больш рухацца, дастаткова спаць і па магчымасці пазбягаць стрэсаў. У выпадку дрэннага самаадчування неадкладна выклікаць медыцынскую дапамогу.

Адказала Анастасія Сяргееўна на пытанні аўдыторыі.

Выдаўся цёплы дзень. Добра папрацавала на ўчастку. У выніку – пульс 110 і доўга не змяншаўся. Пару месяцаў назад рабіла кардыяграму, усё добра.

– Нармальным лічыцца пульс 60 – 90. Такое павышэнне – рэакцыя сэрца на рэзкую і вялікую фізічную нагрузку, да якой яно не прывыкла. Магчыма, гэта была сінусавая тахікардыя. Тут нічога крытычнага. Аднак лепш яшчэ раз зрабіць кардыяграму.

Як правільна арганізаваць харчаванне, каб знізіць вагу.

– Да гэтага пытання шмат падыходаў. Заўважу асноўнае. Дробнае харчаванне чатыры разы на дзень. Пасля 18.00 ежу пажадана не ўжываць. Зменшыць у рацыёне вугляводы і тлушчы, павялічыць колькасць бялкоў. Салодкае і здобу лепш увогуле выключыць з меню. Аматарам сала можна ўжываць гэты прадукт у першай палове дня, але ў невялікай колькасці. 

Шмат гадоў павышаны пульс. Пастаянна п’ю «Метакард». Два гады таму перанесла кавід. Апошнім часам пасля ўжывання таблеткі пачынаюць трэсціся рукі і ногі, практычна не магу рухацца. Праз гадзіну ўсё праходзіць. Гэта нармальна.

– Адназначна, гэта не нармальна. Магчыма, праяўляюцца наступствы кавіду. Таблеткі пачалі выклікаць пабочны эфект. Трэба памяняць прэпарат.

Кацярына Рынкевіч.
Фота аўтара.

0 комментариев

Добавить комментарий