Первая помощница для каждого Лилия Спиркович из Язно

 Характар і жыццёвае крэда старэйшыны з Язна Ліліі Вікенцьеўны Спірковіч яскрава апісваюць два выпадкі. Некалі айцец Сергій Гуцко пацікавіўся ў прыхаджан: няўжо гэтая жанчына з двайнят?! Патлумачыў сваю здагадку тым, што, праязджаючы на аўтамабілі, нярэдка сустракаў яе на веласіпедзе ў розных частках аграгарадка за непрацяглы час. З упэўненасцю дэкламаваў някрасаўскія радкі «коня на скаку остановит, в горящую избу войдет» пра цешчу адзін з яе зяцёў. Ні хвіліначкі не сумнявалася, калі здарыўся пажар і давялося ратаваць маёмасць з агню. Вось такая яна, актыўная, энергічная і рашучая ў свае восемдзесят з невялікім гадоў.

Трапіла ў горад Язна

Сустрэліся з Ліліяй Вікенцьеўнай у яе дома. Здаецца, і тую гадзіну, што выдзелілі на размову, ёй не ўседзець на месцы. Раптам каму яе дапамога спатрэбіцца?! Падтрымлівае тых, хто сам хоча змяніць сваё жыццё ў лепшы бок, хто трапіў у складаную сітуацыю ці захварэў.

Браць на сябе адказнасць за іншых у Ліліі праяўлялася яшчэ з маладосці. Разам з бацькамі жыла ў пасёлку Лыска, што кіламетраў за пяць ад Дзісны. Калі прапанавалі стаць піянерважатай у Язненскай школе, першай справай аб’ехала населены пункт на веласіпедзе, каб пазнаёміцца. Здзівіла вялікая колькасць жыхароў: дзеці вучыліся ў трох паралелях, а заняткі, у тым ліку ў партыйнай школе, ішлі ў дзве змены.

– Тата, мама, я трапіла ў горад! – радавалася дзяўчына.

Парадаваліся за яе і бацькі, якіх неўзабаве перавезла да сябе. Ёй было 22 гады, калі выйшла замуж і нарадзіла дачку. Ні ў кога не пытаючыся, наняла чалавека абмерыць дом, затым залілі фундамент і паклалі некалькі вянцоў, куды перавезлі бацькоўскую хату разам з гаспадарчымі пабудовамі.

У кругазвароце спраў

 І сёння жанчына ў захапленні ад месца, дзе жыве. Побач дочкі Вольга і Ірына, прыязджае з райцэнтра Алена.

– Люблю сваё Язна, люблю працаваць на зямлі. Чакаю вясну, у мяне клубніцы, суніцы, нават дурніцы пладаносяць, – гаворыць суразмоўніца.

Дзесяць гадоў Лілія Спірковіч зай- малася аграэкатурызмам. Гасцінна прымала турыстаў сядзіба «Клённая», сярод іх было шмат іншаземцаў. Заўважае, што ў гэтую сферу прывёў лёс, бо трэба было аднаўляць жыллё, якое цалкам знішчыў пажар. Паспела толькі выхапіць з агню тэлевізар.

Спраў хапала, бо разам з тым працягвала працаваць у школе.

– Муж вадзіў аўтобус, дадому прыязджаў толькі вечарам. А мне трэба турыстаў пры-    няць, накарміць, экскурсію правесці і па гаспадарцы справіцца. У абед прыбягала кароў падаіць, каня перавязаць і зноў ляцела на работу. Дзякуй Богу, са ўсім справілася. Пазней яшчэ і школу прыняла ў якасці загадчыка гаспадаркі. А калі бібліятэкар пайшла на пенсію, я стала на яе месца. Некаторы час вяла ў дзяцей працоўнае навучанне, – прыгадвае.

Старэйшая па вуліцах і ў божым доме

Звыш чвэрці стагоддзя Лілія Вікенцьеўна займаецца грамадскімі справамі ў якасці старэйшыны. Пад яе крылом вуліцы Клённая, дзе жыве, Маладзёжная і Камсамольская. Новыя для сябе абавязкі ўспрыняла натуральна: трэба дык трэба. Дзейнічала так, як загадвала сэрца. Разуменне, што і як рабіць, прыйшло пазней.

– Цяпер не магу людзей кінуць, мне ўсіх іх шкада, многім па 90 гадоў, ім дапамагаць неабходна, – дзеліцца жанчына. – На юбілеі і дні нараджэння мяне запрашаюць, я да іх наведваюся, цікаўлюся іх радасцямі і праблемамі.

Патрабавальная да сябе, не дае спуску і іншым. Стараннямі старэйшыны восем домаўладанняў у яе падпарадкаванні маюць званне дома ўзорнага парадку.

Акрамя таго, гаспадарыць Лілія Вікенцьеўна і ў царкве. Паспявае прыбыць раней за ўсіх, каб падрыхтаваць храм да службы. Працепліць у печы, прыбрацца. Наводзіць парадак на прылеглай тэрыторыі дапамагаюць вяскоўцы. Не сакрэт, што на многія добрыя справы збіраюць ахвяраванні, старэйшына і яе родныя ў першых радах. Такім чынам атрымалася паставіць агароджу на могілках у Язне, добраўпарадкаваць звонку і ўнутры храм, які сёлета адзначыць 125-годдзе. У сувязі з юбілеем у старэйшыны таксама вялікія планы.

Старасць не здагоніць

 Гледзячы на гэтую жанчыну, захапляюся яе жыццялюбствам і актыўнасцю. Кажу: вас старасць не здагоніць! У пацвярджэнне маіх слоў у чарговы раз падхопліваецца і інтрыгуе – паглядзіце, што ў мяне ёсць!

Здаецца, кожны важны і цікавы момант жыцця знайшоў адлюстраванне ў фотаальбоме. На ганку дома ледзь змяшчаецца ўся вялікая сям’я:

– Нас 22 чалавекі. У мяне пяцёра ўнукаў і сем праўнукаў. А калі яшчэ двое ўнукаў жэняцца (ім ужо пара!), то яшчэ болей будзе.

На фотаздымках сустрэча шведаў на аграэкасядзібе, выступленні на «Славянскім базары ў Віцебску», у Паставах на Дні беларускага пісьменства, на экалагічным свяце «Жураўлі і журавіны Міёрскага краю», а таксама мітынгі, прысвечаныя Дню Перамогі, юбілеі родных. Шэсць дзясяткаў гадоў Лілія Вікенцьеўна прысвяціла сцэне, удзельніца народнага фальклорнага калектыву «Язынка», спявала ў царкоўным хоры. У асобнай папцы як прадмет асаблівай гордасці – узнагароды рознага ўзроўню. Сярод іх граматы і ўдзячнасці ад старшыняў раённага і сельскага выканкамаў за актыўную грамадскую дзейнасць, добраўпарадкаванне сядзібы, ад міністра культуры – за захаванне спадчыны, ад архіерэя – за працу ў славу святой царквы. Апошнюю прывезла з санаторыя «Лётцы», адкуль вярнулася гэтымі днямі.

– Сіламі адпачывальнікаў рыхтавалі канцэрт да 23 лютага. Убачыла аб’яву пра тое, што ўсіх жадаючых чакаюць на праслухоўванне. Напярэдадні дрэнна спала, таму задрамала днём. Прачнулася і абамлела – спазнілася! Прыляцела ў клуб, а там ужо праграма складзена. Папрасілася хоць на адну песню. Праспявала, а людзі крычаць – яшчэ! Мяне ўключылі ў праграму, усё добра прайшло.

Тытул трэба адпрацаваць

Званне «Жанчына года Міёршчыны» для Ліліі Вікенцьеўны – нагода для новых планаў і іх дасягнення. Кажа, што яго трэба пацвердзіць. Разам з тым дадае: працую для людзей, а ацэніць старанні няхай Бог.

***

Прабачце, паважаныя чытачы, магчыма, артыкул атрымаўся крыху сумбурным, аднак ён дакладна адлюстроўвае жыццядзейнасць Ліліі Вікенцьеўны. Мяркую, са мной пагодзяцца тыя, хто знаёмы з гэтай цудоўнай жанчынай асабіста.

Алена ВАРОНІНА.
Фотаматэрыял з архіваў рэдакцыі і Ліліі СПІРКОВІЧ.

0 комментариев

Добавить комментарий