Авторизация
 

Сям'я Касатых з Дзісны: 30 гадоў - разам з намі!

 У Генадзя Арцёмавіча і Ліліі Мікалаеўны і на заслужаным адпачынку спраў нямала. Вядуць будоўлю ў бацькоўскім доме, трымаюць хатнюю гаспадарку, на канікулах даглядаюць унукаў. За паўсядзённымі клопатамі не прамінаюць штораз знаёміцца са свежым нумарам «Міёрскіх навін».

 

Больш за тры дзесяцігоддзі раённая газета – пастаянны спадарожнік дзісненцаў Генадзя і Ліліі КАСАТЫХ. Спачатку чыталі яе ў бацькоў, добрую традыцыю перанялі ў сваю сям’ю.

 

Заўзяты прыхільнік раёнкі – Генадзь Арцёмавіч. Чытае «ад коркі да коркі». Атрымаўшы газету, уважліва знаёміцца з кожным матэрыялам. На наступны дзень перачытвае тое, што асабліва спадабалася. Лілія Мікалаеўна праглядае старонкі выбарачна. Яе цікавяць публікацыі пра маладыя сем’і, ваенных і пагранічнікаў, парады па вядзенні быту. Любіць спрабаваць рэцэпты з рубрыкі «Гатую і рэкамендую», ацаніла праект «Здаровы інтарэс», які вядзе ўрач Таццяна Бандарэвіч.

 
– Чытаю віншаванні, спачуванні і аб’явы. Магу забыцца пра дзень нараджэння знаёмага, а ўбачу ў раёнцы – адразу тэлефаную. Гэта зручна, – заўважае субяседніца.
Гаспадара засталі, калі збіраўся на возера. Летам павудзіць не выпадае: разам з жонкай заняты на агародзе ці на падворку, дзе гадуюць карову, курэй і качак. Зімовая рыбалка больш даспадобы, ёсць час адпачыць ад хатніх спраў і да таго ж папоўніць запасы. У Ліліі Мікалаеўны свае клопаты. Толькі нядаўна адмовілася ад занятку, якому прысвяціла ўсё працоўнае жыццё. Дваццаць шэсць гадоў працавала ў Дзісненскім камбінаце бытавога абслугоўвання краўцом, некаторы час выконвала абавязкі брыгадзіра. Перад пенсіяй займалася райскройваннем у дзісненскім цаху «Віцябчанкі». Шыла і дома, тры яе дачушкі хадзілі ў прыгожых і арыгінальных уборах.

 
У двайнят Таццяны і Ганны юрыдычная адукацыя. Першая працуе галоўным дзяржаўным інспектарам працы ў Полацкім міжраённым аддзеле. Прыязджаючы да бацькоў, вывучае перыёдыку. З сабой у Наваполацк забірае нумары «Міёрскіх навін», дзе друкуюцца яе інтэрв’ю. Абавязкова праглядае газету і чытае пра сваіх знаёмых малодшая Наталля.

 
Перажываюць бабуля і дзядуля, што цяпер дзеці і ўнукі рэдка прыязджаюць. Пра іх здароўе клапоцяцца, улічваючы эпідэміялагічную сітуацыю. З суседзямі таксама мінімум кантактаў.
– На нашай вуліцы пенсіянераў няшмат. Дзе маладыя жывуць, а дзе і пустуе жыллё. Часам нават пагутарыць не з кім, ды і не трэба цяпер збірацца кампаніямі. Усе навіны толькі з раёнкі пазнаём. Газета цікавая, ёсць што пачытаць. Нават не ведаю, матэрыялаў якой тэматыкі хацелася б дабавіць. Усяго хапае! – гаворыць Генадзь Арцёмавіч. – Сачу за поспехамі нашых спартсменаў у спаборніцтвах абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў. Даведваюся пра надзвычайныя выпадкі. Цікава пазнаваць з новага боку пра захапленні сваіх знаёмых.

 
Густы гаспадара абмяжоўваюцца ўсяго адным выданнем, гаспадыня дадае ў падпісны квіток «Советчицу», «Садовода и огородника», «Приусадебное хозяйство». Яна заўзяты кветкавод, з ранняй вясны да самых маразоў красуюць на падворку розныя гатункі і віды. Зімой радуюць вока хатнія расліны.

 
Паляводам калгаса імя Цітова пачынаў свой працоўны шлях Генадзь Арцёмавіч. Паспрабаваў сябе ў жывёлагадоўлі, пасля арміі ўладкаваўся машыністам тэхналагічных помп на ЛВДС. Пэўны час слясарыў і цяслярыў у Дзісненскім лясгасе, быў заняты ў будаўнічай брыгадзе. Гэтыя навыкі вельмі дарэчы, бо на ім увесь дробны і капітальны рамонт дома. Цяпер робіць крытую веранду, спрабуе плесці кошыкі з алюмініевага дроту.

 
Радуюцца Лілія Мікалаеўна і Генадзь Арцёмавіч, што знайшлі сябе ў прафесіі і сям’і дзеці, падрастаюць унукі Арсеній, Карына, Рома і Мацвей. На сваё жыццё не скардзяцца. Часам даводзілася цяжка, заробкі выплачвалі нерэгулярна, але раённая газета ніколі не знікала з паштовай скрыні сям’і Касатых.

 

Алена ВАРОНІНА

Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 21 января 2021
Василий, Виктор, Владимир, Георгий, Григорий, Дмитрий, Евгений, Емельян, Иван, Илья, Михаил, Юлиан, Василиса, Доминика

Именины 20 января 2021
Василий, Иван, Афанасий

Госці краін

free counters
Партнеры сайта