В гости к "Живому слову" наведались корреспонденты Миорских новостей
gazeta 23-10-2025, 10:59 503 Моладзь
Гурток журналістыкі «Жывое слова» ў гэтым навучальным годзе папоўніў пералік заняткаў па інтарэсах у раённым Цэнтры дзяцей і моладзі. Разам з педагогам Вольгай Міна юныя журналісты вучацца пісаць нататкі, браць інтэрв’ю, рабіць фотарэпартажы, удасканальваюць маўленне. На адзін з заняткаў запрасілі карэспандэнтаў раённай газеты.
Пра гісторыю развіцця фотаздымкі – ад камеры-абскура да сучаснай фотатэхнікі – распавёў фотакарэспандэнт Казімір Блажэвіч. З сабой прыхапіў уласную калекцыю фотаапаратаў, старэйшаму з якіх больш за сто гадоў. Такім карысталіся фатографы ў пачатку 20-га стагоддзя. Міні-выстава зацікавіла дзяцей, тым больш што кожны экспанат можна патрымаць у руках. Расказаў фотакор пра сваё захапленне фотаздымкай, што бярэ выток з дзяцінства і з часам стала прафесіяй. У рэдакцыі «Міёрскіх навін» Казімір Блажэвіч працуе больш за сорак гадоў і па-ранейшаму атрымлівае задавальненне ад любімай справы.
Як фарміруецца нумар раённай газеты, па якім прынцыпе размяшчаюцца матэрыялы на палосах, што служыць крыніцай інфармацыі, расказала карэспандэнт Кацярына Рынкевіч. У ліку плюсаў прафесіі журналіста адзначыла стасункі з адметнымі людзьмі, цікавыя паездкі і мерапрыемствы, магчымасць пастаянна пашыраць кругагляд.
Свайго роду майстар-класам стала інтэрв’ю з гурткоўцамі і педагогам. Філолаг Вольга Міна ў мінулым – настаўнік рускай мовы і літаратуры.
– На новым для сябе месцы вырашыла прадоўжыць работу ў гэтым накірунку. Яшчэ вяду гурткі па рукадзеллі і іншыя, – гаворыць Вольга Уладзіміраўна. – Праграму для «Жывога слова» складала сама. У планах заняткаў напісанне нататак, рэпартажаў, развіццё пісьмовага маўлення, складанне фотарэпартажаў, выкананне іншых творчых заданняў. Выпускаем часопіс «Муравейник», матэрыялы для якога збіраюць усе гурткоўцы.


Пацікавіліся ў дзяцей, чым іх прывабіла «Жывое слова». Матыў у большасці – пашырыць кругагляд, папоўніць слоўнікавы запас, палепшыць навыкі напісання сачыненняў, павысіць школьныя адзнакі па рускай мове.
Сустрэча атрымалася цікавай і насычанай. Яшчэ пабачымся. Чакаем юных журналістаў на экскурсію ў рэдакцыю газеты «Міёрскія навіны».
Кацярына Рынкевіч.
Фотаматэрыял Казіміра Блажэвіча.




