20 мая — Міжнародны дзень памяці людзей, якія памерлі ад СНІДу, сёлета яго тэма — “Свечка памяці”. Больш чым у 100 краінах пройдуць адпаведныя мерапрыемствы, каб падтрымаць тых, хто жыве з ВІЧ і пацярпеў ад яго вынікаў. Гэта яшчэ адна магчымасць прадэманстраваць гатоўнасць і жаданне супрацьстаяць далейшаму распаўсюджванню эпідэміі, растлумачыць кожнаму, як пазбегнуць няшчасця.
Цяпер у свеце больш 35 млн. людзей жыве з ВІЧ, каля 25 мільёнаў памерлі.
З пачатку эпідэміі ў Беларусі зарэгістравана больш 13 тысяч інфіцыраваных, памерла — 2807. У Віцебскай вобласці на 1 мая зарэгістравана 712, памерлі 122. У Міёрскім раёне адпаведна 3 і 2.
Наш абавязак — зрабіць усё магчымае, каб зберагчы людзей ад гэтага захворвання, а інфіцыраваных падтрымаць маральна і абараніць ад дыскрымінацыі, гарантаваць лячэнне і догляд.
Веды пра ВІЧ — першы крок на шляху да папярэджання распаўсюджвання віруса. Не заставайцеся раўнадушнымі, прымайце ўдзел у мерапрыемствах па прафілактыцы ВІЧ-інфекцыі.