Звычайная адказная работа

15 кастрычніка — Сусветны Дзень анестазіёлага

 Звычайная адказная работа —   У нас нічога цікавага няма, звычайная работа, — такімі словамі сустрэў у рэанімацыйным аддзяленні цэнтральнай раённай бальніцы дзяжурны рэаніматолаг-анестэзіёлаг Юрый Баніфацыевіч Цярэшка. Што ж, для яго, медыцынскага работніка з 41-гадовым працоўным стажам, які 37 гадоў звязаны непасрэдна з гэтым напрамкам медыцынскай практыкі, усё даўно стала прывычным у бальнічных сценах. А тут 6 ложкаў, толькі адзін з іх не заняты на той выпадак, калі з’явіцца экстранная неабходнасць. І такое здараецца.

 

—  Звычайна хворых у рэанімацыйнае аддзяленне накіроўваюць урачы па профілю. Гэта самыя цяжкія, і тыя, у каго з’явілася пагроза для жыцця. Здараецца, што рэаніматолагаў выклікаюць адразу ў прыёмны пакой, калі туды даставілі чалавека  ў шокавым стане, траўміраванага, з інфарктам ці інсультам, з вострай дыхальнай ці сардэчнай недастатковасцю. Нямала алергікаў. Больш поўна ўсе гэтыя сімптомы выкладзены ў адпаведных дакументах, яны для спецыялістаў-медыкаў. Нярэдка паступаюць безнадзейныя хворыя.

 

— Аб стане чалавека мы мяркуем па першых уражаннях, — адзначае Юрый Баніфацыевіч. — Ацэньваем дыхальную дзейнасць, колер скуры, рухальную актыўнасць, пульс, затым вымяраюцца ціск і тэмпература, а далей — аналізы, уколы, кропельніцы... Пры неабходнасці падключаецца патрэбная апаратура. Калі ўсё правільна, хутка, кваліфікавана, то і, здавалася, безнадзейны ажывае. Таму, напэўна, запомніўся Юрыю Баніфацыевічу выпадак, як прывезлі ў бальніцу жанчыну, якая 12 гадзін праляжала на марозе, ужо абледзянела. Своечасовае ўмяшанне рэаніматолагаў выратавала ёй жыццё, праз пэўны час яна выпісалася нават без абмарожванняў.

 

Неяк даставілі самазабойцу, які са стрэльбы пацэліў сабе ў падбародак, раздрабіў сківіцу і іншыя косці. Зрабілі ўсё неабходнае, ужо пасля аднаўлялі фрагменты твару. Прыгажуном ён не стаў, але жыць застаўся.

І той чалавек, і многія іншыя трапляюць сюды ў нецвярозым стане. Гэта самыя клопатныя хворыя. Для іх алкаголь доўгі час з’яўляецца не толькі ўцехай, але і “лякарствам”, якое прыглушае сімптомы небяспечнай хваробы. Таму звычайна ў запушчаным стане. А яшчэ п’яніцы — гэта і надта неахайныя людзі, і ў іх неўзабаве пачынаецца белая гарачка. Яе неабходна ўтаймоўваць.

 

Вось нядаўна прывезлі жанчыну ва ўзросце з інфарктам. Сюды трапляюць і пасля кесарава сячэння, ахвяры транспартных здарэнняў...

Дарэчы, першым анестэзіёлагам у раёне ў 1969 годзе стаў Франц Браніслававіч Данісевіч. Была ўтворана група анестэзіялогіі і рэанімацыі. А ў 1990-ым з’явілася аддзяленне. Паступала новая дыягнастычная, наркозна-дыхальная апаратура і апаратура па кантролю за жыццёва важнымі функцыямі арганізма. Загадвае аддзяленнем цяпер Георгій Іванавіч Раманенка, працуюць урачы Юрый Баніфацыевіч Цярэшка і малады спецыяліст Юлія Анатольеўна Ніскоўская.

 

Шмат гадоў аддала гэтай справе медыцынская сястра Валянціна Агаф’еўна Грэцкая, яна ўжо на заслужаным адпачынку, дасягнула пенсійнага ўзросту, але працягвае працаваць Наталля Пятроўна Федуковіч, вялікі вопыт мае Валянціна Антонаўна Аўсяннікава. На іх раўняюцца астатнія. А ў аддзяленні цяпер працуе 3 ўрачы, 12 медсясцёр і 4 санітарачкі.

 

Што да Ю. Б. Цярэшкі, то ён захапіўся медыцынай яшчэ ў школе: паглядзеў неяк вельмі папулярны ў той час кінафільм пра ўрачоў-падводнікаў і вырашыў абавязкова стаць такім жа. Вучыўся добра, а яшчэ займаўся спортам, захапляўся фатаграфіяй, маляваў і спяваў, нямала часу патрабавала ігра на трубе ў духавым аркестры школы, а потым інстытута. Праўда, падводная лодка паплыла сваім курсам, а Юрый усё ж ажыццявіў першую частку сваёй мары ў Віцебскім медінстытуце, стаў урачом. На апошнім курсе праходзіў субардынатуру (паглыбленае вывучэнне) па хірургіі. Атрымаў накіраванне ў Шклоў, куды на інтэрнатуру прыехаў з маладой жонкай. Неаднаразова імкнуўся вярнуцца ў родныя Міёры, але змог гэта зрабіць толькі пасля двух гадоў службы ў арміі, дзе з’яўляўся начальнікам медпункта. Было гэта ў далёкім 1974 годзе. Толькі тады для маладога хірурга не знайшлося адпаведнай пасады, давялося перакваліфікавацца, што і вызначыла ўвесь далейшы жыццёвы шлях.

— Дапамагаем усім хворым па максімуму, нават калі бачым, што шанцаў няма. Перажываем, хвалюемся, бо кожная смерць узрушвае, прыгнятае. Толькі не прымушае апусціць рукі.

 

ХХХ

Многія юнацкія захапленні Юрыя Баніфацыевіча адышлі ў мінулае. Але шырокая натура засталася. Займаецца здымкамі на відэакамеру. Заўзяты аўтааматар, у ідэальным стане падтрымлівае аўтамашыну. Пакрысе стаў будаўніком: выкупіў непатрэбны будынак і зрабіў з яго вельмі ўтульны гараж. Цяпер абсталёўвае “фазэнду” — летні домік для адпачынку на зямельным участку маці. А з ім заўсёды побач верная спадарожніца па жыцці, жонка Таццяна Уладзіміраўна. Яна і на працы непадалёку, была галоўным бухгалтарам, а цяпер яго намеснікам у цэнтральнай раённай бальніцы. І пенсійны ўзрост ім не перашкода.

Леанід МАТЭЛЕНАК.

 

 

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.