Александр Лукашенко вручил премии

 Прэзідэнт Беларусі 9 студзеня ўручыў прэміі: «За духоўнае адраджэнне», спецыяльныя дзеячам культуры і мастацтва і «Беларускі спартыўны Алімп». Цырымонія адбылася ў Палацы Рэспублікі.

Па выніках 2019 года прысуджаны пяць прэмій «За духоўнае адраджэнне». Адзначаны працоўныя калектывы і прадстаўнікі рэлігійных аб'яднанняў за актыўную дзейнасць у гуманітарнай сферы. Сярод іх настаяцель прыхода храма святой роўнаапостальнай Марыі Магдаліны горада Мінска протаіерэй Іаан (Іван) Харашэвіч, Беларускае грамадскае аб'яднанне ветэранаў, калектывы Беларускай асацыяцыі шматдзетных бацькоў і археалагічнага музея «Бярэсце», аўтарскі калектыў у складзе акадэміка-сакратара аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандра Кавалені, галоўнага рэдактара прадпрыемства «Белкартаграфія» Галіны Ляхавай, дырэктара Беларускага навукова-даследчага цэнтра электроннай дакументацыі Вячаслава Насевіча.


За выдатныя дасягненні ў сферах прафесійнага мастацтва, народнай і аматарскай мастацкай творчасці, навучання і патрыятычнага выхавання творчай моладзі, дабрачыннай дзейнасці, што атрымалі грамадскае прызнанне, прысуджаны 10 спецыяльных прэмій Прэзідэнта Беларусі дзеячам культуры і мастацтва. Сярод ушанаваных калектывы Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва, Брэсцкага гарадскога цэнтра культуры, Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі і Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу.
Спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта «Беларускі спартыўны Алімп» 2019 года адзначаны галоўны дырэктар галоўнай дырэкцыі тэлеканала «Беларусь 5» Павел Булацкі, спартсмен-інструктар нацыянальнай каманды па скачках на батуце Уладзіслаў Ганчароў, старшы трэнер нацыянальнай каманды па сучасным пяцібор'і Васіль Гулевіч. 

  ПРА ВАЖНАЕ

– Шаноўныя сябры! – звярнуўся Прэзідэнт да прысутных. – Я ўпэўнены: мы стварылі нашу незалежную дзяржаву ў тым ліку дзякуючы таму, што ўсе гэтыя гады помнілі пра свае вытокі і былі адданыя зямлі сваіх продкаў.
У далейшым будзем падтрымліваць і заахвочваць усіх, хто ўзбагачае культурную спадчыну Беларусі, беражэ маральныя і духоўныя арыенціры, адраджае і напаўняе новым сэнсам нацыянальныя традыцыі. Яны наш якар, які дапаможа ўтрымацца на хвалі глабалізацыі, нацэленай на разбурэнне дзяржаўных асноў.


Так, мы ўсведамляем сябе часткай велізарнага свету і злучаны тысячамі ніцей эканамічных, культурных, дыпламатычных, роднасных, іншых сувязей з іншымі краінамі і народамі. Мы адкрыты для дружбы і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва, але наш традыцыйны сацыяльна арыентаваны ўклад непахісны.


Толькі так, памятаючы, хто мы і ў чым наша ўнікальнасць, захоўваючы сваю ідэнтычнасць і самабытнасць, мы зможам супрацьстаяць ідэі ўніфікацыі свету пад адзіны, чужы нашаму менталітэту ўзор або стандарт.
Ствараючы духоўную, маральную і культурную асновы для жыцця будучых пакаленняў беларусаў, мы таксама забяспечваем нацыянальную бяспеку і ўмацоўваем суверэнітэт краіны.


Вынік нашага цвёрдага, паслядоўнага палітычнага і сацыякультурнага выбару – пабудова моцнай суверэннай дзяржавы. У яе стварэнні заслуга ўсяго беларускага народа. Але асаблівая роля належыць тым, хто прысвяціў сябе бескарысліваму служэнню сваёй Айчыне.


Паколькі сабралася эліта нашай дзяржавы, ад думак, спадзяванняў і ўчынкаў якой залежаць далейшае існаванне нашай краіны, яе развіццё, умацаванне, Прэзідэнт выказаўся на злобу дня.
– Усе прысутныя тут добра ведаюць нашу гісторыю: ніколі ў жыцці нашаму народу не давалася магчымасці без крыві пабудаваць, заклаўшы аснову з нуля, застаўшыся на абломках, асколках вялізнай імперыі, суверэнную і незалежную дзяржаву. Напэўна, Бог нам дапамог. І мы не маем права не скарыстацца такой унікальнай магчымасцю. Інакш будзем, як гэта было заўсёды, спатыкацца аб уласнае ныццё, аб уласныя размовы і пажаданні. А потым тлумачыць, чаму ў нас не атрымалася.


Гэту дзяржаву мы сапраўды будуем, стварыўшы трывалую аснову. І давайце без пафасу: не толькі для сябе – мы будуем для самага каштоўнага і дарагога, што ў нас у кожнага ёсць, – сваіх дзяцей. Для маіх, для вашых, для ўсіх тых, хто яшчэ не нарадзіўся, але народзіцца.


Чаму мы дагэтуль з Прэзідэнтам Расіі не дамовіліся па нафце? Таму што Расія хоча, каб мы купілі ў яе нафту па цэнах вышэйшых за сусветныя. Таму я і адмовіўся ад такой нафты і адкрыта заявіў: калі не будзе паставак па сусветнай цане з Расіі, мы знойдзем гэту нафту ў іншым месцы. Што мы і робім. Няхай нават будзе даражэй, але мы знойдзем. І знайшлі.


Мы дамовіліся на сённяшні дзень, што гэтыя два месяцы (гэта была прапанова Прэзідэнта Пуціна) будзем працаваць па газу на ўмовах 2019 года. Але нагадаю: калі мы ў 2011-м ішлі на продаж «Белтрансгаза», была строгая дамоўленасць, што за пяць гадоў мы выйдзем на ўнутрырасійскую цану па газу. Нехта гэта забыў, я памятаю. Таму настойваю, каб гэта рэалізаваць.


Многія нашы «свядомыя» спалі і раптам – «страта суверэнітэту!» – прачнуліся і закрычалі: «Трэба было яшчэ тады, гадоў дваццаць таму пайсці на сусветныя цэны і адмовіцца ад Расіі». Вы ведаеце, калі б мы гэтыя крокі зрабілі, мы з вамі тут не знаходзіліся б. Расія – гэта не проста велізарная краіна, дружалюбны нам народ. Гэта краіна, дзе мы куплялі сыравіну. Самае галоўнае (сыравіны мора, можам купіць яе ў любой краіне) – гэта наш агульны рынак. Мы ўсе пералапачвалі і перапрацоўвалі на гэтай прасторы. І што можа здарыцца і здарылася б – паглядзіце на суседнюю Украіну. Гэта часткова таму, што па жывым усё парвалі і паламалі. І вось гэтыя «нашы», якія некалі кіравалі краінай, і іх народ проста выкінуў, адмовіўшыся ад іх паслуг, сёння пачынаюць лямантаваць.


Вы павінны памятаць: няма больш у свеце народа, які з такой павагай ставіўся б да беларусаў, як расіяне. Па-рознаму могуць ісці перагаворы паміж кіраўніцтвам краін і элітамі, але трэба глядзець глыбей: расіяне – нашы людзі, браты, якія заўсёды гатовы падставіць нам плячо ў цяжкую хвіліну. Няма катастрофы, калі мы нават не дамовімся з Расіяй. Жывём жа гэтыя дні і будзем жыць не горш, чым у 2019 годзе. Вельмі хутка не разбагацеем, але ні ў якім разе не загінем. Не той час: мы сталі на ногі. Сталі дзякуючы сваёй працы. Таму не трэба думаць, што недзе на Захадзе або на Усходзе нехта нам прынясе і падорыць шчасце. Шчасце ў нашых руках. Давайце працаваць дзеля гэтага.

Фота для ілюстрацыі.

Па матэрыялах БЕЛТА.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.