За духовное возрождение вручены премии

  9 студзеня ў Палацы Рэспублікі Прэзідэнт уручыў прэміі "За духоўнае адраджэнне", спецыяльныя прэміі дзеячам культуры і мастацтва, "Беларускі спартыўны Алімп" па выніках 2017 года.

Сярод лаўрэатаў прэміі "За духоўнае адраджэнне" грамадскае аб'яднанне "Беларускі саюз жанчын", калектывы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М.Аляксандрава, настаяцель прыходу храма прападобнай Еўфрасінні Полацкай у гарадскім пасёлку Івянец Валожынскага раёна Мінскай вобласці протаіерэй Віктар Перагудаў, муфтый Мусульманскага рэлігійнага аб'яднання ў Рэспубліцы Беларусь Абу-Бекір Шабановіч.


Таксама прысуджаны 10 спецыяльных прэмій Прэзідэнта, якіх за значныя дасягненні ўдастоены дзеячы інфармацыйнай сферы, культуры і мастацтва, аўтарскія калектывы, установы культуры за значныя дасягненні.


Лаўрэатамі спецыяльнай прэміі Прэзідэнта "Беларускі спартыўны Алімп" 2017 года сталі галоўны трэнер нацыянальнай каманды па скачках на батуце Вольга Уласава, спецыяльны карэспандэнт аддзела каментатараў галоўнай дырэкцыі тэлеканала "Беларусь 5", заслужаны дзеяч культуры Уладзімір Навіцкі і член нацыянальнай каманды па лёгкай атлетыцы, майстар спорту Віялета Скварцова.

Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць, што галоўныя героі ўрачыстасці ствараюць вакол сябе атмасферу дабра і міласэрнасці, робяць свет лепшым і святлейшым.


Звярнуў увагу, што мы памятаем і шануем багатую спадчыну былых пакаленняў. А сучаснікі павінны надаць ёй больш сілы і яркасці, каб нашы дзеці і ўнукі маглі падхапіць эстафету часоў і перадаць яе далей. Для гэтага трэба паказваць сваім прыкладам, наколькі важна шанаваць, паважаць і быць удзячнымі людзям, якія прадаўжаюць вялікую справу захавання і стварэння духоўнай спадчыны Беларусі.
Прэзідэнт канстатаваў, што сёння ў свеце ідзе нябачная барацьба, у тым ліку і за душу чалавека, з розных бакоў атакуюцца хрысціянскія асновы маралі, разбураюцца традыцыйныя сямейныя ўстоі. Пад уздзеяннем інфармацыйнага патоку змяняюцца светапогляд і спосаб жыцця людзей. Усё больш з'яўляецца спакус, усё цяжэй берагчы сэрцы ад цёмных думак і эмоцый. У пагоні за матэрыяльнымі дабротамі і знешняй мішурой людзі страчваюць унутранае святло добрых пачуццяў і высакародных учынкаў.


Такія рэаліі паволі, але метадычна разбураюць сістэму сталых традыцыйных маральных каштоўнасцей. Як адзначыў Прэзідэнт, цяпер вельмі важна не ўпусціць час, не страціць духоўную сутнасць. Першарадная роля ў тым належыць культуры, мастацтву, рэлігіі. Таму дзеячы гэтых сфер, работнікі сродкаў масавай інфармацыі, педагогі і ўсе, каму не абыякава, якім будзе свет, павінны аб'яднаць намаганні дзеля ўмацавання маральных асноў нашага народа.


Сродкі прэміі — на развіццё
Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М.Аляксандрава плануе накіраваць сродкі прэміі "За духоўнае адраджэнне" на развіццё цэнтра, паведаміў дырэктар Алег Суконка. Хутчэй за ўсё, дапамога будзе аказана аднаму з аддзяленняў, дзе патрабуецца абнавіць абсталяванне.


Калектыў РНПЦ удастоены прэміі за значны ўклад ва ўмацаванне ідэй чалавекалюбства, дабрачыннасці і міласэрнасці, у тым ліку за "Руководство по онкологии". Гэта трохтомнік найвышэйшага ўзроўню, якому няма роўных у краінах СНД.
У Беларусі ўзровень аказання анкалагічнай дапамогі знаходзіцца на еўрапейскім узроўні. Па некаторых пазіцыях краіна нават больш паспяховая, у прыватнасці, гэта мае дачыненне да навуковых даследаванняў. Цэнтр анкалогіі і медыцынскай радыялогіі развіваецца даволі паспяхова дзякуючы дзярж-падтрымцы. Прымяняюцца ўсе існуючыя метады лячэння і дыягностыкі, уключаючы малекулярна-генетычныя даследаванні і падбор медыкаментаў індывідуальна для кожнага пацыента.


Колькасць анкалагічных хворых у Беларусі, як і ва ўсім свеце, расце. Штогод у рэспубліцы выяўляецца 50 тысяч новых выпадкаў. У многіх краінах гэта паталогія выйшла на першае месца, апярэдзіўшы кардыялагічныя праблемы. Значны рост пацыентаў за апошнія гады звязаны з актывізацыяй работы па раннім выяўленні захворвання. Такая сітуацыя абумоўлена і старэннем насельніцтва.


Для развіцця жаночага бізнесу
Беларускі саюз жанчын удастоены прэміі Прэзідэнта "За духоўнае адраджэнне" за плённую працу па ўмацаванні інстытута сям'і, ахове мацярынства і дзяцінства, актыўную дабрачынную дзейнасць.


На працягу 25 гадоў мэта арганізацыі нязменная—умацоўваць маральныя і духоўныя каштоўнасці. Намеснік старшыні Савета Рэспублікі Мар'яна Шчоткіна падкрэсліла, што самае галоўнае для БСЖ—практыка канкрэтных спраў. Так, вялікую ўвагу грамадскае аб'яднанне надае развіццю жаночага прадпрымальніцтва. "Нядаўна атрымалі ад урада прапанову прыняць удзел у стварэнні сеткавых аб'яднанняў па настаўніцтве для пашырэння эканамічных магчымасцей жанчын. Абмяркуем гэта пытанне на пасяджэнні Прэзідыума БСЖ. У кожнай жанчыны павінны быць магчымасці для рэалізацыі сваіх здольнасцей, дасягнення пастаўленых мэт, і калі мы можам у гэтым садзейнічаць—павінны гэта рабіць",— пераканана яна.


"Наша сіла ў адзінстве, багацце ў разнастайнасці—меркаванняў, творчасці, падыходаў. Мы пастаянна шукаем новыя формы работы. Напрыклад, цяпер, калі Беларусь вядзе актыўную работу па дасягненні Мэт устойлівага развіцця, БСЖ не застаецца ўбаку. Рэалізуецца праект "Малых гарадоў не бывае", накіраваны на выкананне 11-й МУР—забеспячэнне адкрытасці, бяспекі, жыццястойкасці і экалагічнай устойлівасці гарадоў і населеных пунктаў. Праект прадугледжвае развіццё невялікіх населеных пунктаў, ліквідацыю няроўнасці тэрыторый, паколькі людзі павінны мець аднолькавыя магчымасці, незалежна ад таго, у якім куточку краіны яны пражываюць.


Па матэрыялах БЕЛТА
падрыхтавала Наталія СТАНКЕВІЧ.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.