Визит Александра Лукашенко в Китай
gazeta 22-05-2017, 16:36 0 У рэспубліцы
Прэзідэнт Беларусі 13-16 мая знаходзіўся з рабочым візітам у Кітайскай Народнай Рэспубліцы. Прымаў удзел у форуме "Адзін пояс і адзін шлях", мерапрыемствы якога праходзілі ў Пекіне і ў прыгарадзе. Правёў двухбаковыя сустрэчы з прэм'ер-міністрам Пакістана Навазам Шарыфам і Прэзідэнтам Турцыі Рэджэпам Таіпам Эрдаганам. Бакі абмеркавалі рэалізацыю дасягнутых раней дамоўленасцей, а таксама перспектывы развіцця супрацоўніцтва паміж краінамі ў розных сферах. У прыватнасці, была адзначана неабходнасць актывізаваць работу па стварэнні сумесных вытворчасцей у Пакістане і Турцыі.
Таксама лідары краін грунтоўна разгледзелі развіццё сітуацыі ў рэгіёне ў сферы бяспекі, міжурадавае і міжпарламенцкае супрацоўніцтва. На палях саміту Аляксандр Лукашэнка правёў перагаворы і з іншымі лідарамі краін Еўропы, Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі. У прыватнасці, Прэзідэнт сустрэўся з кіраўніцтвам Кеніі, Камбоджы, Эфіопіі і В'етнама.
Адбылася сустрэча беларускага лідара са старшынёй праўлення кітайскай карпарацыі "СІЦІК Груп" Чан Чжэньмінам, са Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам. Кіраўнікі дзяржаў абмеркавалі праведзены ў Пекіне форум "Адзін пояс і адзін шлях" і дамовіліся развіваць узаемадзеянне ў фармаце гэтага праекта.
"Адзін пояс і адзін шлях"
Стратэгічная канцэпцыя стварэння эканамічнага пояса Шаўковага шляху вылучана Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам яшчэ ў верасні 2013 года. Яна накіравана на распрацоўку інавацыйнай мадэлі ўзаемадзеяння і фарміраванне новага парадку міжрэгіянальнага супрацоўніцтва. Ва ўзаемасувязі з ініцыятывай будаўніцтва Марскога шаўковага шляху XXI стагоддзя аб'яднаная канцэпцыя атрымала назву "Адзін пояс і адзін шлях". Яе прыярытэтамі з'яўляюцца палітычная каардынацыя паміж краінамі, узаемасувязь інфраструктуры, бесперабойны гандаль, свабоднае перамяшчэнне капіталу і ўмацаванне блізкасці паміж народамі.
Беларусь адна з першых падтрымала ініцыятыву кіраўніцтва Кітая аб рэалізацыі гэтага праекта. Краіна задзейнічана ў двух з чатырох ключавых маршрутаў новага сухапутнага Шаўковага шляху. Праект "Адзін пояс і адзін шлях" не толькі перакройвае эканамічную карту свету, стварае новыя кропкі росту, але і фарміруе міжнародныя адносіны новага тыпу. Гэта інтэграцыя паверх блокаў, прызначаная гарманізаваць усе эканамічныя інстытуты і ліквідаваць бар'еры на шляху свабоднага руху тавараў, інвестыцый і людзей.
Так, рэалізуючы прынцыпы пабудовы "Супольніцтва адзінага лёсу", Беларусь і Кітай разам развіваюць праект індустрыяльнага парка "Вялікі камень". Ён будуецца як горад будучага— экалагічны, інавацыйны і камфортны для работы і жыцця. Глыбіня праекта ў тым, што дзве краіны сумесна ствараюць не толькі інфраструктуру, але і законы, па якіх развіваецца гэта вузлавая пляцоўка эканамічнага пояса Шаўковага шляху.
Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, Беларусь захавала і паспяхова развівае школы дакладных навук і лічбавых тэхналогій. Прапануе ўсім дзяржавам-удзельніцам прадумаць алгарытмы па спалучэнні сваіх навуковых патэнцыялаў. На міждзяржаўным узроўні і з дзяржаўнай падтрымкай фарміраваць цэнтры даследаванняў і навуковых абменаў. Таксама, упэўнены беларускі лідар, неабходна скаардынаваць намаганні па абароне стратэгічна важнай інфраструктуры ўрадавых і камерцыйных баз даных. Прэзідэнт адзначыў, што ініцыятыва "Адзін пояс і адзін шлях"—гэта не проста гандлёвы маршрут, а канал руху ідэй і сумеснага стварэння інавацый.
"СІЦІК Груп"
Для дзейнасці ў Беларусі ў кітайскай карпарацыі "СІЦІК Груп" ёсць вялікія перспектывы. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі заявіў на сустрэчы са старшынёй праўлення кампаніі Чан Чжэньмінам. "Так, вы ажыццяўляеце праекты ў нашай краіне. Я добра ведаю іх, на некаторыя вашы работы гляджу кожны дзень па два разы, праязджаючы міма будоўлі. Тым не менш, для такой велізарнай кампаніі, як ваша "СІЦІК Груп", гэта кропля ў моры",—лічыць Аляксандр Лукашэнка. Ён прапанаваў разгледзець розныя варыянты вядзення бізнесу ў Беларусі, разгарнуць які можна ў бліжэйшы час.
"Першая наша задача ў тым, каб завяршыць рэалізацыю ў Вашай краіне бягучых праектаў. З моманту майго апошняга візіту мінуў год, і мы бачым магчымасці для запуску новых бізнес-ідэй,—сказаў Ван Цзюн.—Мы ўжо дамовіліся аб стварэнні ў Беларусі вытворчасці спецыяльных робатаў, таксама пачынаем рэалізацыю праектаў у прамысловай, сельскагаспадарчай і нафтахімічнай сферах. Аб'ём інвестыцый складае амаль $1,5 млрд".
Супрацоўніцтва
Кітай прадоўжыць аказваць Беларусі дапамогу ў будаўніцтве сацыяльнага жылля. Такое рашэнне прынята ў час перагавораў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі са Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам у Пекіне. Таксама заключана міжурадавае пагадненне аб развіцці міжнародных грузавых перавозак і супрацоўніцтве ў рэалізацыі канцэпцыі будаўніцтва эканамічнага пояса Шаўковага шляху.
Кітай можа выдзеліць Беларусі адзін мільярд долараў для завяршэння мадэрнізацыі НПЗ. Праекты тэхнічна складаныя. Уладальнікі тэхналогій—у асноўным еўрапейскія і амерыканскія кампаніі, таму ад магчымасці прадастаўлення нязвязаных крэдытаў залежыць паспяховасць і эфектыўнасць іх рэалізацыі.
Беларусь і Кітай вывучаюць магчымасць узаемнага ўвядзення бязвізавага рэжыму да 30 дзён. Цяпер паміж краінамі дзейнічае бязвізавы рэжым для ўладальнікаў дыпламатычных або службовых пашпартоў, а таксама турыстычных груп. Акрамя таго, існуюць адпаведныя дамоўленасці аб кароткіх паездках у некаторыя гарады Кітая. КНР таксама ўваходзіць у спіс 80 краін, грамадзянам якіх можна знаходзіцца ў Беларусі без візы на працягу пяці дзён.
Фота для ілюстрацыі.
Па матэрыялах БелТА
падрыхтавала Наталія СТАНКЕВІЧ.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.





