Заместитель председателя Миорского райисполкома Евгений Николаёнок рассказал, как хорошие дороги свяжут райцентр и агрогородки по поручению Президента

В стране реализуется масштабная государственная программа «Дороги Беларуси», которая завершится в этом году. В связи с этим Президент Александр Лукашенко 21 октября потребовал связать хорошими дорогами райцентры со всеми агрогородками. Как его поручение реализуется на Миорщине, рассказал заместитель председателя райисполкома Евгений Николаёнок.

У краіне рэалізуецца маштабная дзяржаўная праграма «Дарогі Беларусі», якая завяршыцца сёлета. У сувязі з гэтым Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка 21 кастрычніка запатрабаваў звязаць добрымі дарогамі райцэнтры з усімі аграгарадкамі. Як яго даручэнне рэалізуецца на Міёршчыне, расказаў намеснік старшыні райвыканкама Яўген Нікалаёнак.

– Лічу, што на сёння сувязь райцэнтра з аграгарадкамі ў нас на высокім узроўні. Дзякуючы таму, што амаль палова з іх знаходзіцца або на рэспубліканскіх дарогах, або ў непасрэднай блізкасці, раёну даводзіцца менш сродкаў накіроўваць на іх утрыманне. Планы па рамонце складалі, улічваючы фактычны стан шляхоў. Ды і ўвогуле, мы кожны год надаём увагу дарогам аграгарадкоў, – запэўніў Яўген Віктаравіч.

Сёлета добраўпарадкаванне вуліц у межах 340 тысяч рублёў прадугледжана ў Павяцці і Ідолце. Згодна з новай праграмай, разлічанай на тры гады, фінансавыя сродкі на гэта выдзяляюцца з рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў. У Павяцці запланаванае ажыццявілі на 90 %, у чэрвені жыллёва-камунальная служба правядзе рамонт гравійных вуліц. У ліпені – жніўні ДРБУ № 203 прыступіць да аднаўлення ўчасткаў у Ідолта. У наступным годзе рамонтныя работы ахопяць аграгарадок Узмёны.

– Надаецца ўвага не толькі самім аграгарадкам, але і прылеглым да іх населеным пунктам. Цяпер дарожнікі ўкладваюць новае асфальтавае пакрыццё на ўчастку каля двух кіламетраў ад дарогі Р-14 да Цімошкава. Затым пераедуць на Папшулі, дзе летась засталося 1,3 кіламетра, каб цалкам абнавіць пад’езд да аграгарадка, – расказвае пра планы і іх рэалізацыю суразмоўнік.

Па яго словах, сёлета завершаны рамонт дарожнага пакрыцця ў Чэрасах і зроблены два пад’езды ад Р-14.

…не забываемся на райцэнтр…

Часам жыхары раёна скардзяцца, што рамонт праходзіць не на тых участках, дзе, па іх меркаванні, ён больш за ўсё неабходны. Напрыклад, выклікаў пытанні пад’езд ад Р-14 да райаграсэрвісу.

Яўген Віктаравіч пагаджаецца: сітуацыя была не крытычная, можна было пачакаць, але ў наступным годзе ўсё роўна давялося б мяняць пакрыццё. А планаў напярэдадні абласных «Дажынак» і так будзе дастаткова. Тлумачыць:

– Да таго ж трэба разумець ведамаснае падпарадкаванне дарог і вуліц. Напрыклад, возьмем Міёры. Пад’езды з боку Полацка – ад Р-14 да райаграсэрвіса, ад Браслава Р-14 да чыгуначнага пераезду, дарога праз Дворышча да Р-14 і так званы паўднёвы аб’езд – ад крыжа да Р-18 – вотчына ДРБУ № 203. Усе астатнія тэрыторыі ў межах горада – клопат ЖКГ. Раённыя ўлады не могуць перанакіроўваць фінансавыя сродкі з Віцебскаблдарбуду ў жыллёва-камунальную службу.

Таму, напрыклад, у аграгарадку Ідолта будуць працаваць як дарожнікі, так і камунальнікі, якія ў суме адновяць каля 3,5 кіламетра.

Рэспубліканскія дарогі Р-14 і Р-18 на балансе ЛДД. Транзітныя вуліцы ў працяг рэспубліканскіх дарог – Кірава, Леніна, Ізварына, Верхнядзвінская.

Сёлета на іх з’явіўся новы артыкул фінансавання.

Планаў у раёна шмат, і з кожным годам аб’ёмы фінансавання растуць, асабліва напярэдадні «Дажынак».

– У чэрвені плануем укладку асфальтавага пакрыцця па вуліцы Кірава ад перакрыжавання са Свярдлова да чыгуначнага пераезду. Такім чынам наладзім выезд на Браслаў. У наступным годзе адновім шлях ад уязнога знака да магазіна «Маяк», – дзеліцца Яўген Віктаравіч.

…і іншыя населеныя пункты

Сёлета завершаны перавод гравійнай дарогі ў асфальтаваную, што злучае Міёры з Друяй Браслаўскага раёна. Да таго ж будуць заасфальтаваны 1,6 кіламетра ў раёне Волкаўшчыны, на што выдзелена 400 тысяч рублёў, і ўчастак 1,7 км па маршруце Камянполле – Ігнацікі. Не менш значная задача – 2 кіламетры пад’езду да экасцежкі, за якія возьмуцца ўжо ў трэцім квартале.

Значную ўвагу нададуць рамонту вуліц Дзісны, тут планы нават большыя, чым у райцэнтры. Асвояць 280 тысяч супраць 122-х.

Падцягнулі і рэспубліканскія дарогі, яшчэ некалькі гадоў таму як жыхароў раёна, так і гасцей непакоіў стан шляхоў у Туркове і Шарагах. Цяпер гэтыя пытанні закрыты. Сёлета таксама выдзелена значнае фінансаванне, у рамках якога ўжо ўкладзена 2 кіламетры асфальту па маршруце Апанасёнкі – Пераброддзе. Дарожнікі павінны зрабіць удасканаленае пакрыццё на ўчастку Шарагі – Калатушкава, а яшчэ 4,3 кіламетра на ўчастку Узмёны – Даўгінава. Новы асфальт з’явіцца на працягласці ў кіламетр ад Чэрасаў да аўтазаправачнай станцыі і ў накірунку Верхнядзвінска на ўчастку Басяныя – Мальцы. 

ДАРЭЧЫ

Па праграме ДРБУ № 203 сёлета павінна аднавіць 25 кіламетраў дарог, на што выдзелена шэсць мільёнаў рублёў. Разам з дадатковым фінансаваннем атрымліваецца каля сямі мільёнаў. Не ідуць у разлік планавыя работы: ямкавы рамонт, абкошванне прыдарожных палос, высечка кустоўя, на што летам выходзіць каля 100-150 тысяч штомесяц. За год служба асвойвае каля 8 мільёнаў рублёў.

Алена ВАРОНІНА.
Фота з архіва рэдакцыі.

0 комментариев

Добавить комментарий