На Миорщине прошел районный субботник

 Дружна выйшлі жыхары Міёршчыны на ўборку тэрыторый сваіх прадпрыемстваў і замацаваных за імі ўчасткаў горада. Падчас раённага суботніка працавалі на трох асноўных аб’ектах у райцэнтры – у лесапарку, на паўвостраве і ля дарогі, што вядзе да экасцежкі, – зборныя брыгады. Кіпела работа і ў сельсаветах.

Наш маршрут стартуе ў паркавай зоне лесапарка насупраць будынка райаграсэрвісу. Тут збіраецца вялікая каманда работнікаў райвыканкама пад кіраўніцтвам старшыні Сяргея Сямёнычава, а таксама прадстаўнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі і лясгасу. Мужчыны выразаюць драўнінна-хмызняковую расліннасць, жанчыны асвяжаюць фарбу на парэнчах моста і малых архітэктурных формах, усе разам зграбаюць і грузяць у прычэп трактара мінулагоднюю лістоту.

 – Суботнік – справа добрая і патрэбная, – запэўнівае начальнік аддзела землеўпарадкавання райвыканкама Павел Сушко. – Мы наводзім парадак для сябе. Кожны павінен прыбіраць за сабой у тым ліку і ў грамадскіх месцах, тады не трэба будзе ўбіраць за іншымі.

Праз дарогу прыбіраюць тэрыторыю парку работнікі райаграсэрвіса. Пакуль тут працуюць прадстаўнікі бухгалтэрыі, аддзела кадраў, а таксама галоўны энергетык і галоўны інжынер, у механізатараў свой фронт работ – яны рыхтуюць глебу і падкормліваюць азімыя, бо ў пачатку тыдня плануюць пачаць сяўбу.

 Сярод работнікаў маленькі Ілья Мацук з мамай Крысцінай. Тая ўсміхаецца і заклікае – усе на суботнік! Хлопчык спачатку капае зямлю каўшом цацачнага трактара, а потым, гледзячы на іншых, пачынае збіраць галінкі і насіць іх у кучу.

Прыбіраюць на сваёй тэрыторыі – за агароджай і абапал вуліцы Кірава – супрацоўнікі лясніцтва. Цікавімся: чым будуць займацца падчас рэспубліканскага суботніка? Запэўніваюць, што работы хопіць усім, бо ў разгары акцыя «Адновім лясы разам!», падчас якой неабходна засадзіць плошчу ў 120 гектараў. Наводзяць марафет і работнікі Міёрскага раёна электрасетак. Рэвізію дарожных знакаў право- дзяць супрацоўнікі ДРБУ № 203, мяняюць металічныя слупы на ацынкаваныя.

 Многія калектывы справіліся з уборкай тэрыторый напярэдадні. Напрыклад, вуліцу Усходнюю падзялілі паміж сабой мясакамбінат і ПМС, Міёрскі раён газазабеспячэння падмятаў участак Кірава ад СШ № 3 імя Я. Томкі да касцёла, а РУП «Белтэлекам» – частку вуліцы Леніна ад перасячэння з Кірава да будынка пошты.

Наступную масавую ўборку назіраем у зоне адпачынку «Паўвостраў». Прыбіраюць мінулагоднюю лістоту работнікі ўстаноў сацыяльнай сферы і жыллёва-камунальнай службы – усяго каля 30 чалавек. Працуюць сумленна, заўважае начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Вячаслаў Бялько:

– Трэба наводзіць парадак там, дзе жывеш. Прыемна прайсціся па чыстай вуліцы, па добраўпарадкаваным горадзе. Калі ў доме парадак і ўтульнасць – і на душы весела.

 Ён падмацоўвае сваё выказванне дзеяннямі: на гэтым тыдні калектыў выйдзе на ўборку прылеглай тэрыторыі, прыбяруць і вакол возера.

Ажыўлена, як у мурашніку, на наступным пункце маршрута, – уздоўж дарогі, якая вядзе на экасцежку. За яе добраўпарадкаванне адказваюць прадпрыемствы і ўстановы горада. На суботніку працуюць прадстаўнікі сілавых структур.

Пад кіраўніцтвам начальніка РАНС Віталя Ганіна каля трыццаці выратавальнікаў расчышчаюць абочыну і канаву ад драўнінна-хмызняковай расліннасці. Частка асабовага саставу добраўпарадкоўвае тэрыторыі пажарных часцей.

– Пытанні навядзення парадку надзвычайна важныя, асабліва ў Год добраўпарадкавання. Мы далучыліся да агульнай справы, – падкрэслівае Віталь Аляксандравіч.

 Навіны пра тое, як працавалі на суботніку ў сельсаветах, ляцелі з усіх куточкаў Міёршчыны. У цэнтры аграгарадка Язна сельвыканкам пры падтрымцы лясніцтва, ПМК і КУП «Язна» выразалі хмызняк на месцы знесенага дома. Пазней тут закладуць парк. Па вуліцы Маладзёжнай у Павяцці добраўпарадкоўвалі тэрыторыю шматкватэрнага дома прадстаўнікі мясцовай адміністрацыі. На могілках у Паташні замест драўлянай агароджы паставілі жалезабетонную. У аграгарадку Узмёны наводзілі парадак паблізу трасы Р-18 супрацоўнікі сельвыканкама і бібліятэкі. Згуртаваліся, каб навесці марафет у парку «Памятныя пасадкі» і на тэрыторыі агульнага карыстання ў цэнтры Новага Пагоста, ачысціць жалезабетонную агароджу ў Чапуках для наступнай афарбоўкі прадстаўнікі мясцовых працоўных калектываў і дэпутаты сельскага Савета пад кіраўніцтвам старшыні сельвыканкама. Высаджвалі дрэвы і туі, усталёўвалі архітэктурную кампазіцыю і лавачкі, прыбіралі ля прыпыначнага пункта ў Канахах работнікі Міёрскага сельвыканкама, члены ветэранскай арганізацыі і мясцовыя жыхары. Асаблівую ўвагу надалі памятным месцам. У Мікалаёўскім сельсавеце жыхары Шарагоў навялі парадак у парку ля абеліска, у Дзісне прыбралі тэрыторыю ля пахавання 3 800 мірных жыхароў яўрэйскай нацыянальнасці.

Работа па добраўпарадкаванні і навядзенні парадку на зямлі прадоўжыцца.

Алена ВАРОНІНА.
Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

0 комментариев

Добавить комментарий