102 молодые специалисты прибыли работать на Миорщину

 Сёлета на Міёршчыну прыбылі па размеркаванні 102 маладыя спецыялісты. На мінулым тыдні іх запрасілі ў райвыканкам, каб падрабязней расказаць пра наш край, перспектывы яго развіцця і пазнаёміць з кіраўніцтвам раёна. Традыцыйна злёт прадоўжылі ўскладаннем кветак да помніка герою-падводніку Ягору ТОМКУ, насычанай экскурсіяй па сучаснай райбальніцы і фізкультурна-аздараўленчым комплексе. 


 АДКРЫЛА сустрэчу намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Стальмачонак. Адзначыла, што прыемна бачыць у зале шмат маладых і мэтанакіраваных прадстаўнікоў розных прафесій.


Галоўны спецыяліст аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Аксана Падзява прадстаўляла ўсіх, хто прыбыў, пад апладысменты. Так, папаўненне ў аддзеле па адукацыі райвыканкама, сектары спорту і турызму, аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, РАНС, сельгасарганізацыях, райспажыўтаварыстве, ЦРБ, лясной гаспадарцы, вузле паштовай сувязі, галіне прамысловасці.


КІРАЎНІК раёна Ігар Кузняцоў запэўніў, што ў Міёршчыны вялікія перспектывы, у тым ліку звязаныя з будаўніцтвам металапракатнага завода.


— Дзякуючы ўзвядзенню буйнога прадпрыемства новае дыханне ў развіцці раёна ўжо адчуваецца. Прапрацоўваецца пытанне аб будаўніцтве ў Міёрах больш за 80 тысяч квадратных метраў жылля ў бліжэйшыя дзесяць гадоў. У недалёкай будучыні — кардыялагічнага цэнтра. Унікальны аб'ект, якога няма нідзе ў краіне, на стадыі праектавання і вызначэння крыніц фінансавання. У магчымай перспектыве — будаўніцтва гандлёвага забаўляльнага цэнтра з рэстаранам, кафэ, кіназаламі, гасцініцай, прамысловым і прадуктовым сектарамі і многім іншым.


 Акрамя гэтага, па словах старшыні райвыканкама, праектуецца цэнтральная раённая паліклініка і, найбольш верагодна, у наступным годзе пачнецца праектаванне і будаўніцтва дзіцячага садка на 200 месц.


— Запэўніваю, што ўсе, хто звяжа жыццё з нашым раёнам, ніколі не пашкадуюць. Спадзяюся, што менавіта на нашай зямлі вы знойдзеце сваю палову і створыце сем’і,—выказаў пажаданне Ігар Кузняцоў.


ПРАДОЎЖЫЛІ старшыня раённага Савета дэпутатаў Марыя Баніфатава і першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу Аляксандр Шокель. Вітаў усіх галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення арганізацыйна-кадравай работы аблвыканкама Вадзім Вішнеўскі. На яго думку, пашанцавала тым, хто пачынае працоўную дзейнасць у Міёрскім раёне. Што зараз ажыццяўляецца тут і якім чынам гэта адбываецца, варта ўвагі. Нездарма сюды прыязджаюць пераймаць вопыт. Прывёў у прыклад нядаўнія выязныя заняткі на базе нашага раёна ў слухачоў факультэта павышэння кваліфікацыі Інстытута дзяржаўнай службы Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.


УЖО праз некалькі хвілін галоўны спецыяліст Цэнтра банкаўскіх паслуг №213 Беларусбанка Наталля Барынава прэзентавала крэдыты, якія могуць узяць маладыя спецыялісты.


 Распавядаў пра завод па вытворчасці металічнага ліста і белай бляхі тэхнічны дырэктар Уладзімір Цішчанка. Складаныя для разумення асаблівасці тэхналагічнага працэсу патлумачыў максімальна даступна і зацікавіў абсалютна ўсіх.


— Ці складана ўладкавацца на завод? — прагучала пытанне з залы.


Па словах выступоўцы, на прадпрыемстве ўжо даволі шмат маладых людзей розных спецыяльнасцей. Многія з іх, маючы базавую адукацыю, у тым ліку універсітэцкую, навучаліся або цяпер праходзяць навучанне дадаткова. Абсталяванне, з якім давядзецца мець справу, суперсучаснае і для многіх незнаёмае.


 — Дасылайце рэзюмэ, прыходзьце, вучыцеся, працуйце. Усё ў вашых руках, — даводзіў Уладзімір Цішчанка.
Уладзімір Андрэевіч гаварыў і пра тое, што прамысловы гігант не пагражае экалогіі і ў той жа час значны не толькі ў маштабах раёна, але і рэспублікі.


АСВЯТЛІЛА маладзёжную палітыку раёна ва ўсёй яе шматграннасці галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Наталля Пяткевіч. Прадставіла сямейную пару Мікалая і Валянціны Раганавых. Яны адзначаюць залатое вяселле. Сумесны няпросты жыццёвы вопыт пачынаўся на Міёршчыне. Лічаць наш край самым прыгожым у свеце, хоць і не адсюль родам. Прыехалі па накіраванні з Магілёўшчыны ў сярэднюю школу №2. У 1968 годзе стварылі сям’ю.


Жанчына параіла ўладкоўваць сваё гняздзечка там, куды размеркавалі працаваць:
— Тут і заставайцеся. Міёрская зямля вельмі прыгожая і самая лепшая.


 ПАСЛЯ калектыўнага фота і кофепаўзы накіраваліся да помніка земляку Ягору Томку, дзе адбыўся ўрачысты мітынг з удзелам ваеннага камісара Уладзіміра Жабёнка і сястры Героя Савецкага Саюза Ноны Саркісян. Усклалі кветкі.


У фізкультурна-аздараўленчым комплексе сустэліся з інструктарам-метадыстам ФСК “Міёры”, дарэчы, таксама маладым спецыялістам Аксанай Шыман. Яна паказала басейн, трэнажорную залу і распавяла пра паслугі.


У ФАЕ сучаснай цэнтральнай раённай бальніцы дэлегацыю моладзі вітала галоўны ўрач Алена Сівая. Правяла па некаторых кабінетах першага паверха, у тым ліку па прыёмным аддзяленні, паказала сучаснае высокатэхналагічнае абсталяванне.


— Я родам з Міёр, — кажа малады спецыяліст Дарына Паўлоўская.—Скончыла Наваполацкі музычны каледж. Зараз канцэртмайстар у музычнай школе. Работа падабаецца, родныя сцены дапамагаюць.


  Майстар лесу ў Перабродскім лясніцтве Аляксей Фядзьковіч прыехаў з вёскі Ломашы Глыбоцкага раёна.
— Калектыў прыняў як роднага, за што вельмі ўдзячны. Увёў у курс справы і дапамог асвоіцца ляснічы Васіль Сямчонак. Дзякуй за дабрыню і разуменне, — не скупіўся на добрыя словы субяседнік.


Падабаецца наша Міёршчына за прыгажосць і чысціню навапалачанцы Вераніцы Крупко. Працуе медсястрой у Даўгінаўскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі. Лепяльчанін Яўген Пшанко адзначыў для сябе, што ў райцэнтры ўтульна.


— У цэнтральнай райбальніцы я ўрач-анестэзіёлаг. Атрымаў дыплом у Віцебскім медуніверсітэце, — патлумачыў хлопец.


А наш зямляк Мікіта Сасноўскі — інжынер-электронік на металапракатным заводзе. Яшчэ за школьнай партай вырашыў, што абавязкова вернецца на радзіму і тут застанецца.


P.S. Сярод маладых спецыялістаў больш дзяўчат. Прыемна, што ўсе, з кім гутарыў, дзяліліся добрым настроем. 

Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

Ігар МАТЭЛЕНАК.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.