Кто и что придает отдыху особый вкус в санатории "Росинка"
gazeta 2-01-2026, 10:10 1 414 Грамадства / На Міёршчыне
Рэцэптам салаты «Пачастунак па-міёрску» адпачывальнікі санаторыя «Расінка» часта цікавяцца ў супрацоўнікаў харчаблока. Шмат у меню страў, што прыходзяцца на густ. Завіталі ў санаторый пацікавіцца, хто і што надае адпачынку асаблівы смак.
І рыба, і мяса да смаку
Час – 10.00. Гадзіну таму быў сняданак, у 11.00 – другі. Работа на кухні ў прамым сэнсе слова кіпіць з шасці раніцы.
– Адпачывальнікі яшчэ спяць, а з вакон харчаблока ўжо плыве прыемны водар. Асабліва, калі булачкі пякуць. Свая выпечка або на падвячорак, або на другую вячэру, – расказвае загадчык харчаблока Вольга Зямец. – У дзяцей харчаванне шасціразовае, у дарослых з аддзялення для бацькоў з дзецьмі пяціразовае. У апошніх меню заказное: выбіраюць на свой густ з некалькіх варыянтаў. Так, сёння на сняданак адны заказалі адварное філе гарбушы, другія – амлет з каўбасой, трэція – рагу з гародніны. Дзеці снедалі вараным яйкам і запечанымі сырнікамі са смятанай. Сырнікі без мукі – страва безглютэнавай дыеты. Абед – суп з капусты, салата «Рознакаляровая», запечанае філе хека ў смятане з морквай. Для тых, у каго алергія на рыбу, – адварное мяса.
Меню распрацоўваюць дыетсёстры Валерыя Сцефановіч і Вольга Аляксеева. Задачка не з простых. Трэба ўлічваць шмат фактараў: энергетычную і харчовую каштоўнасць, узроставую катэгорыю, сезоннасць, супрацьпаказанні.
– Складаем меню на 14 дзён па чатырох узроставых групах. Гэта займае некалькі тыдняў. Улічваем дыету для адпачывальнікаў з алергіяй на пэўныя прадукты, з супрацьпаказаннямі па глютэне, казеіне. Дапамагае з разлікамі камп’ютарная праграма, – заўважае Валерыя Сцефановіч. – Распрацоўваем і ўключаем у меню ўласныя рэцэпты.
Ацанілі адпачывальнікі салаты «Чырвоная разынка», «Аліўе па-беларуску», «Пачастунак па-міёрску». Прыхо- дзяць за рэцэптам.
– Падабаюцца ім тварожныя стравы: запяканкі, пудынгі, лянівыя варэнікі. Цікавяцца тэхналогіяй прыгатавання, напрыклад, сакрэтам пышных сырнікаў. Любяць мясныя рулецікі з розным начыннем. Незалежна ад сезону ў меню пастаянна зяленіва і свежая гародніна, – адзначае Вольга Зямец. – З’ядаюць, як правіла, усё. Дзякуюць і адзначаюць, што як у рэстаране пабылі.
Абслугоўванню ў дзвюх абедзенных залах – для дзяцей і для аддзялення бацькоў з дзецьмі – надаюць асаблівую ўвагу. Суп афіцыянты разліваюць за пару хвілін да прыходу адпачывальнікаў. З’елі першае – прыбіраюць посуд і падаюць другое.
Кормяць смачна!
Харчаблок – месца, дзе адзін у полі не воін. У камандзе на чале з загадчыкам 30 супрацоўнікаў. На змене задзейнічаны па чатыры повары і афіцыянты, тры кухонныя работнікі, два мыйшчыкі посуду, адзін прыбіральшчык памяшканняў.
– На кухні важна зладжаная работа і адказнае стаўленне кожнага да абавязкаў, – падкрэслівае Вольга Зямец. – Аб прафесіяналізме супрацоўнікаў сведчаць іх стажы і разрады. З васьмі повараў у пяцярых самы высокі шосты разрад. Сярод іх Святлана Шлабовіч, Жанна Кабяк, Зоя Бельская, якія на кухні больш за 20 гадоў. Пяты разрад у траіх афіцыянтаў. Гэта Марыя Лагун і Тамара Мініна з амаль 30-гадовым стажам і Наталля Самуйла, якая працуе 16 гадоў.
Афіцыянтаў Наталлю Самуйла і Марыю Лагун засталі ў зале аддзялення для бацькоў з дзецьмі. Завіхаліся ля столікаў, расстаўляючы посуд.
– Важна не толькі ведаць правілы сервіроўкі, але і ўмець кантактаваць з людзьмі, – заўважае Наталля і коратка знаёміць са сваёй працоўнай біяграфіяй: – Па дыпломе я прадавец, але па спецыяльнасці не працавала. Тут маё першае рабочае месца. Прайшла курсы афіцыянтаў і ўлілася ў работу.
Тым часам на кухні гатуецца абед, падсілкавацца якім адпачывальнікі прыйдуць у 13.00. Гатуюць на сучасным абсталяванні. У распараджэнні повараў тры параканвектаматы, шматфункцыянальная агароднінарэзка. За справай поварам не да доўгіх размоў. Хвілінку пагутарылі з Жаннай Кабяк.
– Працую 24 гады. Няма такой стравы, якую б не змагла прыгатаваць, – заўважае яна. – Згодна, што гатаваць трэба ў добрым настроі. У мяне так, бо люблю сваю работу. Прыемна радаваць дзяцей смачнымі стравамі, чуць іх словы ўдзячнасці.
Між тым на гадзінніку 11.00. На другі сняданак фрукт. Трое дзяўчат занялі месца за столікам і частуюцца хурмой. Ксенія Федаровіч з Лепеля і Паліна Дрозд з Віцебска ў «Расінцы» ўпершыню, Насця Кухарэнка з Шуміліна – трэці раз.
– Смачна кормяць? – цікавімся ў дзяўчат.
У адзін голас адказваюць:
– Так! Смачна і сытна.
Заўважаюць, самая любімая іх страва – пюрэ і курыная катлета з сырам. Пазітыўныя водгукі адпачывальнікаў – высокая ацэнка для каманды харчаблока. 
Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЕВІЧА.




