Александр и Ирина Стома вместе 20 лет
gazeta 15-05-2024, 13:25 913 Грамадства / Сямейны лад
Александр и Ирина Стома вместе 20 лет. Из них 17-одна семья. вступая в брак, мечтали о двоих детях. Судьба оказалась щедрой вдвойне.
Аляксандр і Ірына Стомы разам 20 гадоў. З іх 17 – адна сям’я. Беручы шлюб, марылі пра дваіх дзяцей. Лёс аказаўся шчодрым удвая.
Размеранай хадой ідуць дні сельскай сям’і з аграгарадка Туркова. Тата Аляксандр працуе вартаўніком на малочнатаварнай ферме, а ў пару ўборкі заняты на зернесушыльным комплексе. Маці Ірына – акампаніятар-рэжысёр СДК – па дарозе на работу адводзіць у дзіцячы сад сыноў-двайнят Вячаслава і Уладзіслава. Шосты клас заканчвае дачушка Вераніка. На выхадныя чакаюць дадому старэйшую Вікторыю, студэнтку Полацкага эканамічнага каледжа. Вечарамі працоўныя і вучнёўскія клопаты саступаюць месца хатнім справам і сямейнаму адпачынку. Бацькі і дзеці любяць разам пагуляць у развівальныя гульні, паглядзець добрыя мультфільмы і кіно. Так праходзяць дзень за днём. І нібы неўпрыкмет бягуць гады.
Ад рамантыкі да рэальнасці
Гісторыя Аляксандра і Ірыны пачалася дваццаць гадоў таму.
– Родам я з Язна. Пасля Полацкага педкаледжа атрымала размеркаванне ў Туркоўскую школу, вяла ўрокі музыкі ў пачатковых класах, – расказвае Ірына.
– Я ў Завуцці нарадзіўся, а вырас у Туркове, тут школу заканчваў. Пасля вучыўся на будаўніка ў Полацку, – гаворыць Аляксандр.
Маладыя людзі звярнулі адно на аднаго ўвагу, калі Аляксандр скончыў вучылішча і ўладкаваўся працаваць у будаўнічую брыгаду мясцовай гаспадаркі. Праз два з паловай гады рамантычных сустрэч стварылі сям’ю, не баючыся рэальных жыццёвых складанасцяў. Падарункам да вяселля стаў новы дом, які атрымалі ад сельгаспрадпрыемства.
– Для маладой сям’і гэта вялікая дапамога, – падкрэслівае Аляксандр.
– Столькі радасці было, – прыгадвае Ірына. – Рабіць рамонт і добраўпарадкоўваць жыллё дапамагалі бацькі, сваякі. Хто чым мог.
У новым доме з’явілася на свет дачушка Вікторыя. Праз чатыры гады папоўніла бацькоўскае шчасце Вераніка. У такім саставе Стомы бачылі сваю сям’ю надалей. У год свайго алавянага вяселля даведаліся, што чакаюць сыночкаў-двайнят.
– Гэта было нечаканасцю. Але такой прыемнай, – усміхаецца маці. – З хлопчыкамі я нібы новае жыццё атрымала. Здавалася, мне не 34 гады, а 20.
– А я да апошняга не верыў, аж пакуль на рукі не ўзяў, – прызнаецца тата. – Нараджэнне дзяцей – самыя радасныя і хвалюючыя моманты ў нашым жыцці.
Узрадаваліся брацікам старэйшыя сястрычкі, дапамагалі іх даглядаць.
У верасні Вячаслаў і Уладзіслаў пойдуць у першы клас. Ужо чакаюць гэтага моманту.
– І ў садку нам падабаецца. Мы там гуляем, песенькі спяваем, па сшытках займаемся, – хорам адказваюць хлапчукі.
– Асабліва Уладзіку добра, лёгка яму ўсё, а мне нялёгка, – уздыхае больш гаваркі за брата Славік.
Радуе бацькоў добрымі адзнакамі Вераніка. Рыхтуючы дамашнія заданні, рэдка звяртаецца за падказкамі да дарослых.
– На вуліцы сама гуляе, а нас не бярэ, – папракае сястрычку Славік.
– Яна ж дарослая ўжо, свае інтарэсы ў яе могуць быць, – заўважаю хлопчыку.
– Ага, дарослая. А нам жа без яе сумна. З ёй цікавей.
Парадак у доме і ў сэрцы
Шмат перажылі разам Аляксандр і Ірына. Радаваліся нараджэнню дзяцей, кожнага з якіх лічаць падарункам лёсу. Назаўсёды развітваліся з роднымі людзьмі, памяць пра якіх жыве ў сэрцах. Узнікалі ў сям’і непаразуменні і, здавалася, безвыходныя сітуацыі, даводзілася зведваць матэрыяльныя цяжкасці. З усім навучыліся спраўляцца. Асобная навука – граматна размеркаваць сямейны бюджэт.
– Фінансавы дырэктар у сям’і я, – гаворыць Ірына.
– Мая справа – зарплату дадому прыносіць, – парыруе Аляксандр.
Перш-наперш бацькі забяпечваюць усім неабходным сваю студэнтку. Наступныя расходы – аплата камунальных плацяжоў і закупка прадуктаў харчавання. У горад на шопінг рэдка выпраўляюцца. Са слоў гаспадыні, у мясцовых магазінах дастатковы асартымент, хоць цэны не заўсёды радуюць. Перыядычна шматдзетная сям’я звяртаецца па дапамогу ў ТЦСАН, штолета атрымліваюць матэрыяльную падтрымку для збору дзяцей у школу. Мацярынскі капітал пакуль не выкарыстоўвалі.
– Многія кватэры ў горадзе будуюць, у нас нават думкі такой не ўзнікала, – гаворыць Ірына.
– Горад не люблю, – заўважае Аляксандр.
Абодвум па душы сельскі лад жыцця. Размераны, без мітусні, на свежым паветры. Бачаць сябе толькі тут – у Туркове. Дом сельгаспрадпрыемства вырашылі зрабіць сваёй уласнасцю. Паступова выплачваюць сродкі. У будучым плануюць гадаванцаў на падворку завесці. Пакуль цяпліца і агарод. Паліваць і палоць дапамагаюць дочкі. Спраўляюцца з уборкай у доме, гатуюць стравы на кухні.
Працавітасць і самастойнасць бацькі выхоўваюць у дзецях з малых гадоў. Сыны ведаюць, што цацкі за сабой трэба прыбраць, самі складаюць адзенне ў шафу. У аснове сямейнага выхавання – любоў, якую гарманічна дапаўняе строгасць. Сэнс свайго жыцця Аляксандр і Ірына бачаць у дзецях. Мараць, каб усе выраслі годнымі людзьмі і знайшлі сябе. Каб у іх жыцці быў парадак – у доме і ў сэрцы. У гэтым самі падаюць прыклад.
Кацярына Рынкевіч.
Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА і з архіва сям’і СТОМА.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.



