Мифы и реальность

"Надзень шапку, а то захварэеш на менінгіт", пужала ў дзяцінстве маці. І толькі пазней, ужо ў свядомым узросце, многія даведаліся, што хвароба гэтая вірусная і перадаецца выключна паветрана-кропельным шляхам. Так што адсутнасць шапкі ў мароз пагражала толькі прастудай. Дзяцінства прайшло, а міфаў не паменела. І зараз, пачуўшы тое ці іншае сцвярджэнне, мы задумваемся над яго праўдзівасцю. Некаторыя з такіх "міфаў" даўно ўжо раскрыты.

 

Міф №1. Напоі з пластыкавых бутэлек шкодныя для здароўя.

 

Сапраўды, у іх склад уваходзіць небяспечнае рэчыва пад назвай бісфенол А, аднак канцэнтрацыя яго настолькі мінімальная, што ён не можа прынесці шкоды чалавеку. Нават калі выпіць дзесяць такіх бутэлек, вы ўсё роўна не перавысіце дапушчальны ўзровень гэтага хімікату.

 

Міф №2. Свежая садавіна і гародніна больш карысныя, чым замарожаныя.

 

З таго часу, як навукоўцы расказалі пра антыаксіданты, людзі сцвердзіліся ў меркаванні, што на карысць ідуць толькі свежыя прадукты расліннага паходжання. Але гэта не так. Замарожаныя садавіна і гародніна раўназначныя ім, бо замарозка адбываецца ў той час, калі яны маюць найбольшую пажыўную каштоўнасць. Ад холаду іх якасці не губляюцца.

 

Міф №3. Кава шкодная для здароўя.

 

Каву п'юць мільёны людзей, і яна традыцыйна лічыцца самым папулярным ранішным напоем. Аднак у нашай свядомасці трывала замацаваўся міф, што празмернае яе ўжыванне можа адбіцца на нервах.

На самой справе кава можа быць карыснай для здароўя: яна памяншае рызыку развіцця хваробы Паркінсона, амалоджвае, не ўздзейнічае на сэрца. Так што 2-3 кубкі кавы ў дзень ніякай шкоды не прынясуць. А вось тым, хто часта хвалюецца або пакутуе ад бяссонніцы, лепш адмовіцца ад усіх напояў, у складзе якіх ёсць кафеін.

 

Міф №4. Соль гэта атрута.

 

Трэба ведаць, што ад солі залежыць увесь мінеральны абмен у целе чалавека. Яе недахоп парушае працэсы ўзбуджэння і тармажэння нервовай сістэмы, што можа прывесці да сур'ёзных збояў. Зусім выключаць соль са свайго рацыёну не варта. Памятайце — усё добра ў меру.

 

Міф №5. Тэлевізар і камп'ютар псуюць зрок.

 

Справа ў тым, што да 1950-х гадоў тэлевізары сапраўды вылучалі радыяцыю, з-за чаго рызыка ўзнікнення праблем з вачамі была даволі высокай. Сучасная тэхніка створана са спецыяльнымі экранамі, якія блакіруюць шкоднае выпраменьванне.

Гэта ж датычыцца і камп'ютара — асноўную небяспеку для зроку ўяўляе не манітор, а няправільна арганізаваная праца. Напрыклад, калі экран размешчаны надта блізка перад вачыма, а вы без перапынку глядзіце на манітор, не даючы вачам адпачынку, то праблемы, безумоўна, узнікнуць, аднак сам камп'ютар у гэтым вінаваты не будзе.

 

Міф №6. Адмова ад мясных прадуктаў можа прадоўжыць жыццё.

 

Статыстыка паказвае, што вегетарыянцы сапраўды жывуць даўжэй, чым "мясаеды". Аднак прычына тут не ў адмове ад мяснога, а ў здаровым ладзе жыцця, якога часцей за ўсё прытрымліваюцца праціўнікі жывёльнай ежы. У большасці выпадкаў яны не п'юць, не кураць і займаюцца спортам. Пераважнае ўжыванне тых або іншых прадуктаў вызначальнай ролі не іграе.

 

Падрыхтавала Арына БАРКОЎСКАЯ.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.