"Гордыня — тяжелый грех. На все воля Божья". Разговор с настоятелем Цветинской церкви

"Гордыня — тяжелый грех. На все воля Божья". Разговор с настоятелем Цветинской церкви—Не будзе апраўдання сучаснаму пакаленню, абсталяванаму камп'ютарамі, тэхнікай, інтэрнэтам, у кожнага ў кішэні неабсяжны свет. Маюць усе тэхналогіі, але ж не скарыстоўваюць іх, каб пачытаць Свяшчэннае Пісанне, малітваслоў. Так і сцвярджаецца ў Бібліі: будуць чуць і не чуць, бачыць і не бачыць… Лянота… Жывём  у сваё задавальненне. Сапраўдны зямны рай. І пажылым. 

Пенсію прынясуць, магазін поўніцца харчамі, калі што не задавальняе—можна паскардзіцца, нешта забалела—машына адвезла ў бальніцу. Чым не рай? Наша размова з настаяцелем Цвецінскай царквы Васілём Мешчараковым прыемна зацягнулася. Нават не прыкмецілі, што на гадзінніку поўдзень, і час спяшацца па сваіх справах.
 
Так прыемна разважаць пра вечныя пастулаты з кампетэнтным чалавекам. У храм падышлі мае калегі, ціхмяна і цікаўна слухалі святара. Ён—асоба занадта шматгранная. Мудрасць, праваслаўная начытанасць, 30 гадоў царкоўнай службы надзяляюць незвычайнай энергетыкай, праўдзівасцю, шчырасцю. Здаецца, ён нікога не баіцца. Толькі Бога, які вярхуе ў нябёсах і на зямлі. 

"Гордыня — тяжелый грех. На все воля Божья". Разговор с настоятелем Цветинской церквиВасіль Мешчаракоў у Цвецінскі храм накіраваны Полацкай епархіяй у 1993-м годзе, аднак да духоўнасці прычасціўся яшчэ раней. У 1985-м пасля маскоўскай семінарыі прысвяціўся ў святары ў Крыме, затым родная Гомельшчына і наш край. Акрамя Цвеціна, служыць у Мікалаёве, штомесяц у Завуццеўскай, Папшулёўскай і Сіцькоўскай капліцах. 

З намоленых сцен паглядае ўсюдыісны Божы лік. Цвецінскі храм з 1864-га года, пра гэтую дату сведчаць спавядальныя спісы. Будынак не разбураўся і ніколі не зачыняўся. Царква ў Мікалаёве з'явілася пры цяпер спачылым айцы Мікалаі Рунда, да гэтага прыход адносіўся да храма ў Галомысле. 

У родзе Васіля Мешчаракова са свяшчэннаслужыцеляў ён адзіны, але ёсць манах, а дзядуля прыслужваў у Свята-Нікольскім храме на Украіне. 
У 70-я гады, калі Васіль вучыўся ў школе, наведваць царкву забаранялася. У хлопца быў цудоўны духоўны настаўнік айцец Стэфан, які жыў у царкве, часта запрашаў да сябе малога, разам рабілі ўрокі. І павучаў шкаляра перад забаронцамі апеліраваць артыкуламі закона Савецкай і Украінскай Рэспублік, што кожны мае права на свабоду, у тым ліку і веравызнання. Запомнілася першая настаўніца, якая  вучыла мысліць, разбірацца, выбіраць, з класа выраслі дастойныя людзі. 

Дзякуйце Госпаду
—Кожны павінен мець выбар: з Богам ці без, любіць ці не, злавацца ці прабачыць… Ад гэтага і залежыць паратунак душы. Асноўны грэх—гордасць, ад якой параджаюцца астатнія. Бацькі дзяцям з маленства яе прывіваюць. Рэкамендавана і спартсменам, каб не зважаючы ні на што дасягалі мэт. Так нельга, бо на ўсё воля Божая, і з ёй належыць мірыцца. У маёй бабулі расло дзевяць дзяцей, хлопчыкі памерлі, засталіся дзяўчаты. Дзядуля вярнуўся з Вялікай Айчыннай, перахрысціўся і падзякаваў Богу, што ведае, дзе магілкі,—прыгадвае бацюшка і працягвае разважаць пра заганы чалавечыя:—Гордасць, зайздрасць, асуджэнні ў свеце скрозь і побач. Галоўны з 10-ці біблейскіх запаветаў: палюбі бліжняга і Бога. Астатняе мітусня і тамленне духу. Страчваем розум, калі "прыляпляемся" да рэчаў. Згубілі кашалёк з грашыма—хай знаходка стане ахвярай. Чалавеку патрэбна так мала. З ежы 1 літр вады і шклянка збажыны ў дзень. Астатняе збытковае, грэх і спіртное, бо весяліць душу. Па святах дазваляецца віно: 1 грам на 1 кг вагі цела. У меру еш, у меру пі—здаровы будзеш. Цяпер амаль не спажываюць жывой вады. У Свяшчэнным Пісанні адзначана: народ пазбавіцца жывой вады, як быццам перад вачыма засціць смуга. 

Вялікі грэх—брыдкаслоўе. Да слова стаўцеся акуратна, ім можна вылечыць і забіць, не ганьбіце Божы лік—чалавека, створанага па вобразе і падабенстве Божым. Заганы ў кожнага свае. Я спавядаў зняволеных у Горках пад Дзісной. Звычайныя людзі са звычайнымі просьбамі пра прабачэнне. Такія і сярод нас. Толькі адны атрымалі пакаранне, а іншыя не трапілі "пад прыцэл". Працаваць і маліцца—-вось паратунак. З Богам жывіце што-дзень, ранкам ешце прасвіру, выпівайце палову або цэлую шклянку святой вады. Звяртацца да Усемагутнага можна сваімі словамі, але слушней—малітвай.

Маліцца дома ці ў храме?
—Набажэнства куды мацнейшае за хатні зварот. Дома, каб прыраўняцца да грамадскай малітвы, трэба зрабіць сто паклонаў і сто разоў папрасіць міласці ў Госпада, у храме дастаткова аднойчы. Царква не проста архітэктурны будынак, а святое, беззаганнае месца, злучае адзінствам таінства. Сюды пажадана прыходзіць кожную ня-дзелю. Як мінімум, два разы ў месяц. Д'ябал заўсёды чыніць перашкоды. Рэальная гісторыя ў нашым прыходзе. Да жанчыны прыехалі родныя, і яна не пайшла ў храм, вырашылі разам павярнуць сена. Іншая таксама мела такі клопат, аднак вырашыла з ім спра-віцца пасля службы. Неўзабаве пайшоў дождж, і завіханні першай гаспадыні аказаліся марнымі. 

Заўсёды Бога просім… Ці тактоўна гэта?
—Бога трэба прасіць, каб паспрыяў не рабіць дурной работы. Але прапаную прыхаджанам больш дзякаваць. Нічога не спасылаецца дарма. Хвароба, прычым у любым яе праяўлені,—першая прыступка да смерці за грахі. Многа гнявім Госпада. Чаму так часта ідзе дождж? Сцвярджаем: будзе столькі зерня. Забываемся на словы "Калі дасць Бог".

Чаму пакутуюць непавінныя? Так расплочваюцца за нечыя грахі?
—Бог карае да сёмага калена. Як на зямлі злачынства бывае адзіночнае і групавое, так і суд праведны. Саграшыла ўлада ці духавенства—расплочваецца народ. Як прыклад, рэвалюцыя. Прывяду рэальную гісторыю. Святар на вялікае свята паклеіў скрыпку, да сёмага пакалення малыя нараджаліся з заечай губой. І святары тое прадракалі. Камуністы не верылі. На зямлі дзве рэлігіі: вера ў Бога і чалавека. І кодэкс камуністаў, між іншым, заснаваны на хрысціянскіх запаветах.  

Збаўленне жанчыны—нараджаць
Айцец Васіль заклапочаны, што ў раёне менее насельніцтва. Жанчыны мала нара-джаюць, а гэта іх галоўнае прызначэнне і ратаванне. За асноўны дзетародны ўзрост ад 20 да 35 гадоў могуць вывесці на свет 7 малых. Такога даўно няма. Значыць, і кахання няма, бо нашчадкі з'яўляюцца па вялікім пачуцці. "Пажывём для сябе, а то цяжка выхаваць",—апраўдваюцца патэнцыяльныя бацькі. А тады скардзяцца, што Гасподзь забраў адзіную крывінку. Што значыць, цяжка вырасціць? Зерня, адзення хапае. Бог цяпер наўмысна дае мала збожжа—няма каго карміць. Я неяк спавядаў у Полацкім манастыры. Дзяўчаты засмучаюцца, што не могуць зацяжарыць, бо спачатку жадаюць усяго дасягнуць, адумваюцца занадта позна.

А калі жанчына не замужам?
—Не можа падабраць пару праз сваю грахоўнасць, шукае лепшага. Людзі—Божыя стварэнні—аднолькавыя. 

Шлюб заключаецца на нябёсах праз вянчанне?
—Так, і да гэтага абраду трэба прыходзіць свядома. У маладых пытаюся, чым цікавіцца другая палова, якія мае недахопы, з якой радаслоўнай, дзе пахаваны бацькі. Муж і жонка, аказваецца, нічога адно пра аднаго не ведаюць, а гэта элементарна.

Суд нябесны і зямны—розныя
Далей наша гутарка закранула дзяцей. Бацюшка ўпэўнены, што мы датуль дзеці, пакуль не страцілі бацькоў. У айца Васіля дзве дачкі, гадуюцца ўнукі. Сярод іх і прыёмныя.  Малыя, аказваецца, таксама павінны пасціцца, акурат з 6-ці гадоў, як пойдуць у школу. 

—Не давайце, многае не дазваляйце і не апраўдвайце. Суцэльная дэмакратыя, а яна ж паходзіць ад слова "дэман", ці "д'ябал". Правы—спрыянне ляноце. Выхоўваць трэба працавітасць, адносіны будаваць на веры. 

Ці апраўдваецца славуты "падман у ратаванне"?
—Любая мана ёсць мана. Вышэйшы суддзя рассудзіць. Суд нябесны і зямны зусім розныя. У спрэчцы не шукаюць правага і вінаватага, абое заганныя: адзін даў нагоду, другі падтрымаў. 

А калі схітрыць?
—Дапусцім, хочаце вызваліцца раней з работы. Не падманвайце начальніка. Лепш скажыце так: "Мне трэба пайсці, як гэта зрабіць: падмануць цябе ці сказаць праўду? Але я ўсё роўна пайду. Рассудзі мяне, калі ласка". 

Часта крыўдзім іншых, але на сабе гэтае пачуццё больш заўважнае. Адказваць тым жа ці падставіць другую шчаку?
—Любую відавочную несправядлівасць каштоўна пратрываць. Гасподзь мілуе. Значыць, і ты некага падобна засмуціў. Як кажуць, не кідай палку ў мінулае, знойдзеш наперадзе.
 
Дапусцім, чалавек у храм не прыходзіць, але кепскага не робіць. Які суд яго чакае?
—Ісус сказаў: "Хто не есць і не п'е цела і кроў маю, той не ўвойдзе ў царства маё". Гаворка пра споведзь і прычасце, гэтыя таінствы адбываюцца толькі ў храме. 
 
2000 гадоў пекла поўнілася. Ісус распяццем яго спустошыў, але многа званых, ды мала выбраных. Пеклу трэба запаўняцца. 
—Існуе сем чаш гневу Божага. Некаторыя ўжо перапоўнены. Некалі наступіць апакаліпсіс. Пакуль людзі каюцца, з нябёс сыходзіць міласць. Усё, што паходзіць ад пачатку, мае і канец. Так і наша жыццё. Толькі душа нятленная. 
 
Алена БАСІКІРСКАЯ. 
Фота К.БЛАЖЭВІЧА.




0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.