Реализация декрета №3
gazeta 22-02-2017, 10:56 0 У рэспубліцы
Людзям, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, ідуць насустрач. Пра гэта паведаміла журналістам кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Качанава ў Жодзіне ў час выязнога прыёму па пытаннях рэалізацыі норм дэкрэта №3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства".
Чалавек мае права звярнуцца з заявай у мясцовыя органы ўлады, якія надзелены паўнамоцтвамі вызваляць ад выплаты збору на фінансаванне дзяржрасходаў. "Па краіне я ўжо ведаю даволі шмат выпадкаў, калі вызвалілі ад выплаты збору. І гэта работа будзе прадоўжана, прычым больш актыўна",—заявіла кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта і звярнула ўвагу, што дэкрэт №3 дзейнічае няшмат часу, а таму ацэньваць яго эфектыўнасць пакуль рана. "Будзе праходзіць маніторынг, убачым вынікі яго работы і пасля гэтага прымуцца пэўныя рашэнні",—запэўніла Н. Качанава.
Наконт паведамленняў на выплату збору па фінансаванні дзяржрасходаў, якія накіраваны амаль 470 тыс. беларускіх грамадзян, кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта адзначыла: "Неабавязкова, што ўсе гэтыя людзі не заняты пэўнай дзейнасцю". Яна растлумачыла, што яшчэ не завяршылася фарміраванне баз дадзеных, яны абнаўляюцца і ўдакладняюцца, а таму магчымы памылкі. "Мы нацэльвалі на гэта Міністэрства па падатках і зборах, нашы інспекцыі на месцах, каб яны прасілі прабачэнне ў людзей, калі раптам дапушчаны недакладнасці пры накіраванні паведамленняў",—расказала Наталля Качанава. "Аднак ёсць і другі бок медаля: нядобрасумленныя грамадзяне, якія па пошце адсылаюць іншым "ліпавыя" дакументы на выплату збору. "Інакш кажучы, існуе і нейкая спекуляцыя на гэтым пытанні".
Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта таксама адзначыла, што ў краіне застаецца катэгорыя грамадзян, якія проста не хочуць працаваць. Але дэкрэт не нацэлены змушаць да працы. Гэта няправільна. Размова ідзе пра тое, што ўсе грамадзяне павінны ўдзельнічаць у суфінансаванні дзяржаўных расходаў. Са слоў Наталлі Качанавай, вядзецца работа па стварэнні новых рабочых месц, каб грамадзяне, маглі вырашыць пытанне з працаўладкаваннем.
Калі ёсць недапрацоўкі
"У бліжэйшы час у Адміністрацыі Прэзідэнта адбудзецца калегія, на якой разгледзяць пытанне аб зваротах грамадзян",—расказала Наталля Качанава. Праводзіцца маніторынг, будзе дадзена аб'ектыўная ацэнка рабоце па рэалізацыі дэкрэта №3. "Гэта ніякая не піяр-акцыя, што Аміністрацыя выязджае на месцы. Мы і раней выязджалі, і прадоўжым такую практыку, калі будзем бачыць, што ў тым ці іншым рэгіёне ўзнікаюць нейкія вострыя сітуацыі",—падкрэсліла яна.
Наталля Качанава адзначыла, калі шмат пытанняў даходзіць да вышэйшых інстанцый—гэта няправільна. Кіраўнікі мясцовых органаў улады, прадпрыемстваў і арганізацый павінны максімальна вырашаць узнікаючыя праблемы. Вядома, ёсць пытанні, якія трэба разглядаць на рэспубліканскім узроўні. Але разам з тым гэта паказчык у рабоце мясцовых органаў улады. Калі павялічваецца колькасць паўторных зваротаў, более зваротаў у вышэйшыя інстанцыі або калектыўных—гэта ўжо сігнал, што мясцовыя органы ўлады недапрацоўваюць".
"Не дзеля паказухі"
Выязныя прыёмы грамадзян па пытаннях рэалізацыі норм дэкрэта №3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства", якія праводзіць у рэгіёнах кіраўніцтва Адміністрацыі Прэзідэнта, нацэлены на тое, каб вывучыць хвалюючыя людзей праблемы. Аб гэтым заявіў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Максім Рыжанкоў у час такога прыёму ў Рагачове. Ён падкрэсліў, што гэта не паказушныя мерапрыемствы. "Адміністрацыя Прэзідэнта імкнецца праехаць па рэгіёнах, паглядзець сітуацыю са зваротамі грамадзян з акцэнтам на самыя актуальныя пытанні, што маюць дачыненне да рэалізацыі дэкрэта №3, камунальных плацяжоў, сацыяльна-эканамічнай палітыкі і іншых. Мы імкнёмся вывучыць зрэз праблем, якія хвалююць людзей у рэгіёнах".
Максім Рыжанкоў адзначыў, што дэкрэт №3 памылкова звязваюць з барацьбой з дармаедствам. "Людзі, якія працуюць і не паказваюць свае даходы, не дармаеды. Яны ствараюць прадукцыю з дабаўленай вартасцю, прыносяць краіне пэўную карысць. Іншае пытанне, што яны не ўдзельнічаюць у пакрыцці сацыяльных расходаў". Першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі заклікаў не ўспрымаць сацыяльна арыентаваную палітыку па-ўтрыманску. Дзяржава прадастаўляе кожнаму сацгарантыі, але частку сацыяльнай адказнасці людзям трэба браць на сябе, у тым ліку шляхам сумленнай выплаты падаткаў.
Калі жыццёвая сітуацыя цяжкая
12 студзеня прыняты дэкрэт №1, згодна з якім мясцовым органам улады даецца права вызваляць тых, хто знаходзіцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, ад выплаты збору на фінансаванне дзяржрасходаў. Грамадзяне звяртаюцца ў мясцовыя органы ўлады, іх заявы разглядаюцца, і шмат выпадкаў, калі прымаецца станоўчае рашэнне, пра гэта расказаў намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Валерый Кавалькоў. Органы ўлады імкнуцца аб'ектыўна разглядаць усе сітуацыі. "Для гэтага ствараецца спецыяльная камісія, у якую запрашаюцца эксперты ў той галіне, на якую чалавек будзе рабіць спасылку ў сваіх тлумачэннях. Адны з галоўных прычын вызвалення грамадзян ад выплаты збору на фінансаванне дзяржаўных расходаў па дэкрэце №3—медыцынскія.
Цяжкая жыццёвая сітуацыя—аб'ектыўныя абставіны, якія не залежаць ад грамадзяніна. Напрыклад, чалавек у пачатку года працаваў і меў пастаянны стабільны даход, потым страціў работу з-за таго, што даглядаў хворага. У такім выпадку ён можа звярнуцца ў мясцовы орган улады. Атрымальнікі дзяржаўных дапамог—удзельнікі фінансавання дзяржрасходаў, таму вызваляюцца ад выплаты збору. Акрамя таго, асаблівая катэгорыя—бацькі, якія даглядаюць дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Да цяжкай жыццёвай сітуацыі можа адносіцца рэабілітацыя і іншыя абставіны.
Так, у Брэсце ад выплаты збору на фінансаванне дзяржаўных расходаў за 2015 год вызвалены амаль 50% заяўнікаў. Сярод іх шмат тых, хто працяглы час хварэў або сам даглядаў састарэлых блізкіх, пражываў за межамі краіны. Падатковая льгота таксама прадастаўлена грамадзянам, якія праходзілі службу ў радах Узброеных Сіл, знаходзіліся ў водпусках па доглядзе дзяцей.
У Рэчыцкім раёне каля 60% заяўнікаў, якія падалі заяву на вызваленне ад выплаты збору на фінансаванне дзяржаўных расходаў у сувязі з цяжкай жыццёвай сітуацыяй, атрымалі станоўчы адказ. "Рабочая група разглядае кожную канкрэтную сітуацыю з пазіцый чалавечнасці. Улічваюцца матэрыяльна-бытавыя ўмовы, у якіх пражывае чалавек, стан яго здароўя, наяўнасць утрыманцаў, іншыя аб'ектыўныя абставіны",—адзначыла старшыня Рэчыцкага раённага Савета дэпутатаў Святлана Бадзюля, якая ўзначальвае рабочую групу па разглядзе такіх заяў.
У Гродзенскай вобласці ад збору па дэкрэце №3 вызвалілі больш за 110 чалавек. Ва ўсіх абласцях падкрэсліваюць: кожны выпадак разглядаецца індывідуальна.
Фота для ілюстрацыі.
Па матэрыялах БелТА
падрыхтавала Н. СТАНКЕВІЧ.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.