Пенсионный возраст повышается

Пенсионный возраст повышаетсяГалоўная сацыяльная інтрыга апошняга часу вырашылася. 11 красавіка Прэзідэнт падпісаў Указ нумар 137 "Аб удасканаленні пенсіённага забеспячэння". Такім чынам, з 2017 года пенсіённая сістэма ўступае ў наступную—гістарычную фазу свайго развіцця. Да такой новай рэальнасці трэба рыхтавацца ўсім—грамадству, эканоміцы, дзяржаве. Пра гэта ў інтэрв'ю карэспандэнта БЕЛТА з намеснікам міністра працы і сацыяльнай абароны В.В. Кавальковым.

—Валерый Валер'евіч, урад прапаноўваў тры варыянты. Аптымальным прызнаны замацаваны ва ўказе Прэзідэнта. З 1 студзеня 2017 года пенсіённы ўзрост паступова— штогод на 6 месяцаў—павышаецца для мужчын да 63 гадоў, для жанчын—да 58 гадоў. Чаму захавана пяцігадовая гендарная розніца пенсіённых парогаў? Гэта пытанне выклікала нават больш вострыя дыскусіі на форумах, чым уласна павышэнне пенсіённага ўзросту.

—У дыскусіях праціўнікі захавання пяцігадовай розніцы прыводзілі адзін аргумент—дэмаграфічную статыстыку пра большую працягласць жыцця жанчын. Пры прыняцці гэтага варыянта ўлічваліся палажэнні Канстытуцыі, нацыянальнага заканадаўства пра асаблівы клопат дзяржавы пра жанчын і іх павышаную сацыяльную абарону. Што да дэмаграфіі, то працягласць жыцця мужчын расце. Такая пазітыўная тэндэнцыя па прагнозе экспертаў захаваецца.

—Колькі мужчын і жанчын, паводле ацэнкі, выйдуць на пенсію на паўгода пазней? Якая эканомія сродкаў ад гэтай меры? 
—Аб эканоміі няма гаворкі. Мы не можам дапусціць зніжэння памераў пенсій. За апошні год колькасць жыхароў Беларусі, якія дасягнулі 55/60 гадоў, павялічылася больш як на 40 тыс. (гэта тыя, хто на ўліку ў органах па працы, занятасці і сацабароне). Цяпер 2 млн 354 тыс. такіх пенсіянераў. Калі б не было прынята рашэнне аб павышэнні пенсіённага ўзросту, то ў 2018 годзе іх колькасць павялічылася б да 2 млн 445 тыс. —гэта плюс 90 тыс. чалавек. Дадаткова на выплату пенсій спатрэбілася б у 2018-ым каля 3,5% ад цяперашніх расходаў на пенсіённае забеспячэнне, у 2019-м—5,2%, у 2020-м—6,9%, а ў 2030-м—амаль 20%.
За 2015-ы органы па працы, занятасці і сацабароне назначылі 134,7 тыс. новых пенсій, з іх 104,8 тыс.—па ўзросце. Для прастаты падліку—у год назначаецца больш як 100 тыс. такіх пенсій. Пры павышэнні пенсіённага парога палавіна ад гэтай колькасці штогод будзе выходзіць на пенсію на паўгода пазней, чым цяпер, другая палавіна—на год.   
—Многія не разумеюць, што азначае на практыцы штогадовы паўгадавы крок... 
—Жанчыны, якія нарадзіліся ў перыяд з 1 студзеня па 30 чэрвеня 1962 года, і мужчыны, народжаныя з 1 студзеня па 30 чэрвеня 1957-га, змогуць рэалізаваць сваё права на пенсію з ліпеня па снежань 2017-га—яны пойдуць на пенсію ў 55 гадоў 6 месяцаў і 60 гадоў 6 месяцаў адпаведна. Іх равеснікі, чый дзень нараджэння прыпадае на ІІ паўгоддзе 1962 і 1957гг., выйдуць на пенсію ўжо ў другой палове 2018-га—у 56/61 год.
Жанчыны, якія нарадзіліся ў І паўгоддзі 1963-га, а мужчыны 1958-га, накіруюцца на заслужаны адпачынак у ІІ паўгоддзі 2019-га—у 56 гадоў і 6 месяцаў і 61 год 6 месяцаў адпаведна. Жанчыны і мужчыны, дзень нараджэння якіх у ІІ паўгоддзі 1963 і 1958гг., выйдуць на пенсію ў ІІ паўгоддзі 2020-га—у 57/62 гады.
Жанчыны з датай з'яўлення на свет у І паўгоддзі 1964-га, і мужчыны, якія нарадзіліся ў І паўгоддзі 1959-га, выйдуць на пенсію ў другой палове 2021-га—у 57 гадоў 6 месяцаў і 62 гады 6 месяцаў. Жанчыны і мужчыны, народжаныя ў ІІ паўгоддзі 1964-га і 1959-га, выйдуць на пенсію ў ІІ паўгоддзі 2022-га—у 58/63 гады.
Пры гэтым трэба звярнуць увагу, што ўзрост выхаду на пенсію залежыць не толькі ад даты нараджэння, але і ад даты звароту за прызначэннем пенсіі. Так, калі жанчына адсвяткавала дзень нараджэння ў снежні 1962-га звернецца не ў гэтым месяцы 2018-га, а пазней, напрыклад, у лютым 2019-га, то права на пенсію ёй прадставяць не раней за чэрвень 2019 года. 
—Якія прадугледжаны гарантыі занятасці для работнікаў перадпенсіённага ўзросту? Ці зрушацца "ўзроставыя" межы гэтых гарантый разам з павышэннем пенсіённага парога?
—Ва Указе №180 змешчаны так званыя ахоўныя нормы для работнікаў перадпенсіённага ўзросту—кантракты з мужчынамі і жанчынамі павінны заключацца як мінімум да агульнаўстаноўленых пенсіённых—55/60 гадоў. Паколькі яны ўжо скарэкціраваны, узрост для гарантый па занятасці таксама павялічыцца. 
—Як новы пенсіённы ўзрост і плаўныя тэмы яго ўвядзення (па 6 месяцаў з 1 студзеня кожнага года) увязаны з ёмістасцю рынку працы?
—Цяпер заняты 663 тыс. пенсіянераў, або 25% ад іх агульнай колькасці. Паводле статыстыкі, у першы год пасля прызначэння пенсіі прадаўжаюць працоўную дзейнасць амаль 68% жанчын і больш як палова мужчын. Цераз 5 гадоў пасля прызначэння пенсіі працуюць 40% жанчын і 30—мужчын. 
Інакш кажучы, занятасць сярод новых пенсіянераў даволі высокая. Улічваўся і выхад выпускнікоў на рынак працы: ад 95,8 тыс. чалавек у 2017-ым да 78,3 тыс.—у 2020-м. Акрамя таго, у адпаведнасці з указам нумар 78 плануецца штогод ствараць 50 тыс. рабочых месц за кошт новых прадпрыемстваў і вытворчасцей. Усё гэта дапаможа захаваць магчымасці занятасці і для моладзі, і для старэйшага пакалення. 
—А ці захаваюцца пенсіённыя льготы?
—У Беларусі захоўваюцца дзеючыя пенсіённыя льготы па раннім выхадзе на пенсію сацыяльна слабаабароненых грамадзян, за работу ў нездавальняючых умовах працы, а таксама дзяржслужачым і ваеннаслужачым. Пры гэтым пенсіённы ўзрост для льготных (датэрміновых) пенсій павялічыцца суразмерна павышэнню агульнаўстаноўленага пенсіённага ўзросту. Тым самым забяспечыцца аднолькавы падыход да ўсіх катэгорый. 
—Які чакаецца вынік ад павышэння пенсіённага ўзросту да 58/63 гадоў?
—Колькасць насельніцтва ў працаздольным узросце фіксуецца на сённяшнім узроўні (амаль 5,5 млн чалавек). Колькасць занятых у эканоміцы да 2020 года захоўваецца практычна на 100% узроўні да 2015-га. Утрымліваюцца дзеючыя суадносіны колькасці людзей працаздольнага ўзросту і старэйшых да 2027 года (2,3 і 1).
 
—Адваротны бок сацыяльных гарантый—нагрузка на эканоміку... 
—Перад Беларуссю, як, зрэшты, і іншымі еўрапейскімі дзяржавамі, стаіць задача адаптаваць пенсіённую сістэму да дэмаграфічных змяненняў. Гэта праводзіцца паступова, з замацаваннем прынцыпаў "Пенсія павінна зарабляцца", "Чым большы стаж і заробак, тым вышэйшая пенсія", "Чым пазней назначаецца пенсія, тым яна вышэйшая". Адным з першых прыкметных крокаў стала ўдасканаленне падыходаў да прадастаўлення ранняй пенсіі за работу ў шкодных умовах. Так, з 1 студзеня 2009 года ў рэспубліцы ўведзена прафесійнае пенсіённае страхаванне (ППС) работнікаў, занятых у нездавальняючых умовах працы. Для іх работадаўцам фарміруюцца асобныя сродкі, якія тым самым выводзяцца за рамкі агульнай пенсіённай сістэмы. Значыць, агульныя пенсіённыя сродкі не будуць траціцца на датэрміновыя пенсіі.
Істотна павялічаны мінімальны стаж работы з выплатай узносаў, неабходны для назначэння пенсіі,—з 5 да 15 гадоў 6 месяцаў. Да 2025 года ён паступова дойдзе да 20 гадоў (павышаецца штогадова на паўгода). Тым самым практычна ўраўноўваюцца перыяды  фарміравання права на пенсію і яе атрымання. Пры гэтым захаваны ранейшы 5-гадовы стаж для сацыяльна слабаабароненых катэгорый —шматдзетных маці з пяццю дзецьмі, інвалідаў з дзяцінства і іх бацькоў і інш.
На пяць гадоў павышаны пенсіённы ўзрост для тых, хто не адпрацаваў мінімальнага страхавога стажу. З 2015 года ўведзена правіла аб вылічэнні памеру пенсіі з абавязковым улікам звестак аб заробку па дадзеных персаніфікаванага ўліку. Гэта садзейнічае легалізацыі даходаў.
Каб стымуляваць людзей зарабляць пенсію, узмоцнены ўплыў на яе памер кожнага года працяглага стажу, высокага заробку грамадзян. У выніку максімальны памер пенсіі па ўзросце ў непрацуючага атрымальніка (пры стажы 40/45 гадоў, індывідуальным каэфіцыенце заробку 5,0 і вышэй) перасягае мінімальны памер гэтай пенсіі ў 3,1 раза, а сацыяльную пенсію тых, хто не выпрацаваў стаж,—у 6,1 раза. Каб работнікі маглі больш паўплываць на памер будучай пенсіі, павялічана "прэмія" за адкладзены выхад на пенсію. Адмова ад пенсіі на 5 гадоў дае магчымасць павялічыць яе ў сярэднім у 1,7-1,8 раза.

—Прынятых мер аказалася недастаткова?
—Будучыя дэмаграфічныя змяненні будуць вельмі інтэнсіўнымі. Таму патрэбны больш сур'ёзныя меры. Удзельная вага людзей пенсіённага ўзросту ў агульнай колькасці насельніцтва павялічылася з 13,6% у 1960 годзе амаль да 25% у 2015-м і, паводле ацэнкі, да 2030-га складзе 30%. Гэта адбудзецца на фоне зніжэння колькасці насельніцтва ў працаздольным узросце. 
Трэба таксама ўлічваць і пазітыўную тэндэнцыю росту працягласці жыцця. Пры гэтым, безумоўна, павялічваецца і перыяд атрымання пенсіі. За апошнія 8 гадоў у мужчын ён вырас на 1 год, у жанчын—на 2 гады 3 месяцы. Зразумела, становяцца большымі і пенсіённыя расходы.
З улікам дэмаграфічных прагнозаў важна захаваць колькасць грамадзян у працаздольным узросце і стабілізаваць колькасць пенсіянераў. Гэта дасць магчымасць не дапусціць зніжэння ўзроўню пенсій—без перакладання адказнасці, звязанай з празмернай нагрузкай па ўтрыманні пенсіянераў, на нашых дзяцей.
Фота для ілюстрацыі. 

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.