"Большой разговор с Президентом"
gazeta 14-02-2017, 13:48 0 У рэспубліцы
"Вялікая размова з Прэзідэнтам", якая адбылася 3-га лютага, выклікала шырокі грамадскі рэзананс. Не дзіўна, бо дыялог выйшаў за рамкі традыцыйных стасункаў з прадстаўнікамі прэсы. Сам фармат мерапрыемства з удзелам палітолагаў, эканамістаў, прадпрымальнікаў, лідараў грамадскіх аб'яднанняў і партый, кіраўнікоў—меў на ўвазе гарачыя дыскусіі і вострыя пытанні. Абмеркаваны некалькі дзясяткаў тэм, у тым ліку знешняя палітыка Беларусі, вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны за мінулы год, праблематыка смяротнага пакарання, абстаноўка ў сферы бяспекі, турыстычны патэнцыял дзяржавы, будаўніцтва БелАЭС і інш.
Нашы заробкі — у нашых руках
У цэнтры ўвагі вялікай размовы аказалася эканоміка. І ў першую чаргу тое, што хвалюе большасць нашых суграмадзян: зарплаты, пенсіі, цэны, новыя рабочыя месцы, будаўніцтва жылля. Патрабаванне Прэзідэнта выйсці сёлета на ўзровень сярэдняга заробку ў 500 долараў не выглядае чымсці з разраду фантастыкі. Тым больш, што многія прадпрыемствы даўно ўжо перашагнулі праз гэту планку. Для дасягнення пастаўленай мэты абазначана простая формула: "Заработныя платы і пенсіі могуць быць павялічаны толькі тады, калі мы вырабім больш, якасна і прададзём па больш высокай цане". Гэта задача для органаў кіравання, для ўсіх і кожнага. Іншымі словамі, нашы заробкі—у нашых руках. Хочам жыць багацей, трэба лепш працаваць, павышаць вытворчасць працы і больш зарабляць на экспарце. Прыток валюты ў краіну гарантуе добрыя заробкі, а значыць, і дастойныя пенсіі, устойлівы курс рубля і стабільнасць на цэнавым рынку.
Канешне, каб упэўнена адчуваць сябе на знешніх рынках, трэба вырабляць якасныя і запатрабаваныя тавары і паслугі. Адсюль задача Прэзідэнта па стварэнні новых рабочых месц. Іх павінна з'яўляцца не менш за 50 тысяч у год.
Справядлівасць — вышэй за любы закон
У гэтых дзвюх задач ёсць адзін агульны знамянальнік—сацыяльная справядлівасць. У краіне не павінна быць такога, каб адны ра-з'язджалі па фешэнэбельных курортах і будавалі шматузроўневыя асабнякі, а іншыя перабіваліся з вады на хлеб. Сацыяльнае расслаенне ў нас не дапускаецца. У тым аснова нашай палітычнай стабільнасці і грамадзянскага міру. Таму дзяржава і далей будзе аказваць адрасную падтрымку тым, хто ў ёй мае патрэбу. Гэта мае дачыненне і да льготнага крэдытавання будаўніцтва жылля, і гарантыі прадастаўлення першага рабочага месца маладым спецыялістам, і ўзвядзення новых сацыяльных і спартыўных аб'ектаў. Іншай мадэлі Прэзідэнт не прымае і таго ж патрабуе ад кіраўнікоў: "Любая дзяржава толькі тады нечага вартая, калі яна звернута да людзей… Я часта кажу: у законах не ўсё прапішаш. А калі не прапісана—рабі справядліва. І справядлівасць стаўлю вышэй за любы закон".
У школах — не перагружаць!
У блоку сацыяльных тэм асабліва вылучалася тэма ўдасканалення адукацыі. Прэзідэнт прапанаваў паглядзець на яе з пазіцыі асабістага—ва ўсіх ёсць дзеці, унукі. Іх мы, канешне ж, хочам вырасціць здаровымі і ўсебакова развітымі. Таму галоўны пасыл—не перагружаць! Школьныя праграмы і падручнікі трэба кардынальна перагледзець, а шосты дзень адвесці пад спартыўныя мерапрыемствы, працоўнае навучанне, факультатывы, зносіны настаўнікаў з бацькамі.
Плаціць павінны ўсе
Мы прывыклі ўспрымаць сацыяльныя даброты як нешта даннае. Бясплатная медыцына, адукацыя, развітая інфраструктура, чыстая вада, транспарт па раскладзе, цяпло і святло ў дамах у самыя лютыя халады. Усё гэта патрабуе немалых сродкаў. Таму грамадзяне краіны, якія ў роўнай меры карыстаюцца сацыяльнымі дабротамі, павінны плаціць падаткі. На гэта накіраваны рэзанансны Дэкрэт №3 аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства.
І тут пазіцыя Прэзідэнта прынцыповая і паслядоўная. З ёй пагадзіцца кожны адказны грамадзянін: "Гэты дэкрэт працуе гады два-тры. Давайце пажывём. Калі мы з вамі прыйдзем да аднаго непрыхільнага выніку, што гэта анахранізм і ён не патрэбны, мы яго адменім. Не спяшайцеся. Магчыма, ён яшчэ шмат карыснага прыўнясе ў наша жыццё. Мы падштурхоўваем да таго, каб людзі працавалі. І мы ж не прымушаем нікога працаваць. Але атрымліваеш паслугу—заплаці. Няма падстаў сёння далей раскручваць гэту тэму".
Менш, ды лепш
Пытанне пра павышэнне эфектыўнасці дзейнасці дзяржкіравання Прэзідэнт прапанаваў вырашаць на сістэмнай аснове, узброіўшыся старым добрым прынцыпам: лепш менш, ды лепш. Спешка тут не патрэбна, бо размова ідзе пра людскія лёсы. Тон усёй аптымізацыі задала Адміністрацыя Прэзідэнта, колькасны склад якой з 1 мая будзе скарочаны на 30%. Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў: "Пакуль не ўбярэце лішнія функцыі і ў сувязі з гэтым не скароціце апарат—ніякага павышэння заробку. Ва Урадзе мы спакойна будзем ажыццяўляць кадравую палітыку з заменай людзей, калі яны абяцаюць, але нічога не робяць. Ды яшчэ калі Прэзідэнт гаворыць, што гэта трэба выканаць, яны дзесьці на кухні шэпчуцца, што гэтага не будзе. Не, гэта будзе! Вы бачыце, што паступова, без гвалту і крыку, новыя людзі прыходзяць. Тыя, хто не спрацаваў, адыходзяць. Адыходзяць і тыя, у кім мы не бачым перспектывы".
Да рускага чалавека — з павагай
Становішча спраў у нашай эканоміцы ў многім залежыць ад знешніх фактараў. І ў першую чаргу ад адносінаў з нашым галоўным саюзнікам і рынкам збыту—Расіяй. Цяпер нашы адносіны перажываюць няпростыя часы, і многія чакалі на гэты конт каментарыяў з першых вуснаў. Пазіцыя Прэзідэнта: незалежнасць Беларусі даражэй за любыя грошы і нафту. Сапраўдныя партнёры і сябры павінны гэта разумець.
Аднак дзеянні Рассельгаснагляду часцей за ўсё выклікаюць неўразуменне. Тут ужо дарэчы разглядаць пытанне з прававога пункту погляду—пра нанясенне ўрону нашай дзяржаве. Плюс увядзенне усходнім суседам уздоўж сваіх заходніх (беларускіх) межаў пагранічнай зоны. Хтосьці скажа, што гэта толькі ўнутраная справа Расіі. Але як жа тады Саюзная дзяржава, іншыя пагадненні: "Адзін нейкі міністр, няхай нават моцны, адным росчыркам пяра паставіў крыж на ўсіх дамовах, выдаўшы свой загад. Гэта што, нармальна?"
Мінск пры гэтым сумленны і паслядоўны ў сваіх саюзніцкіх абавязацельствах: "Ні адзін рускі чалавек, ні адзін расіянін не паверыць, што Беларусь, Лукашэнка—вораг Расіі, чужы, што ён на Захад павярнуўся, яшчэ кудысьці. Гэтаму не павераць"... "Пакуль я Прэзідэнт, ні адзін камень у бок рускага чалавека, расіяніна кінуты не будзе".
За 7 гадзін 20 хвілін прааналізаваны шматлікія тэмы і праблемы. Кіраўнік дзяржавы таксама анансаваў маючыя адбыцца сур'ёзныя нарады па развіцці сфер навукі і ЖКГ, а таксама па выніках работы ўрада ў 2016 годзе. Асаблівая ўвага звярталася на прыцягненне інвестыцый у Беларусь. Прэзідэнт расказаў аб перагаворах з КНР па прыцяненні $700 млн. для малога і сярэдняга бізнесу.
На развітанне кіраўнік дзяржавы сказаў: "Хачу, каб тыя, ад каго залежыць вырашэнне пытанняў, якія тут узнімаліся, пачулі мяне і не чакалі новых законаў і нарматыўна-прававых актаў—іх дастаткова. Лічыце, што я прыняў рашэнні, і гэтыя рашэнні трэба рэалізоўваць".
Фота для ілюстрацыі.
Па матэрыялах СМІ і БЕЛТА.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.