12-14 кастрычніка ў Гродне прайшоў першы нацыянальны форум “Музеі Беларусі”. Увогуле ў рэспубліцы такіх устаноў больш за 1900, а тут было прадстаўлена 150 лепшых. Іх дзейнасць ацэньвалася па 13 намінацыях. Яны дэманстравалі свае лепшыя экспанаты, гульнявыя формы, мультымедыйныя сродкі, праходзілі прэс-канферэнцыі, “круглыя сталы”, удзел у якіх прымала больш за 800 чалавек, сярод якіх 17 прадстаўнікоў замежных краін. Да гэтага мерапрыемства выйшаў адпаведны зборнік-даведнік.
Форум адкрыў міністр культуры рэспублікі Павел Латушка, з дакладам “Актуальныя пытанні культурна-адукацыйнай дзейнасці школьнага музея” на ім выступіў выкладчык гісторыі СШ №3 Вітольд Ермалёнак. Ён лічыць, што галоўным дасягненнем форуму стала абагачэнне вопытам музейнай работы.
Гродна невыпадкова выбрана для правядзення форуму, бо гэты абласны цэнтр самы багаты на музейныя ўстановы. Яны сталі наглядным сведчаннем сучасных падыходаў да экскурсійнай работы. А з Віцебшчыны на форуме былі прадстаўлены музеі абласнога цэнтра, Полацка, Лепеля і Глыбокага.