В Миорской школе № 3 открылась интерактивная культурно-историческая площадка «Наследие Миорского края»

 У пятніцу, 27 жніўня, задоўга да 16 гадзін новае ажыўленне зведала СШ № 3 імя Героя Савецкага Саюза Ягора Томкі. Загадзя аб’яўленая прэзентацыя адной з дзесяці ініцыятыў, што рэалізоўваліся пры фінансавай падтрымцы Еўрасаюза ў рамках праекта «Разам для грамады і прыроды: Міёрскі раён», сабрала кіруючых работнікаў райвыканкама, непасрэдных натхняльнікаў і арганізатараў працы па стварэнні моладзевай інтэрактыўнай культурна-гістарычнай пляцоўкі «Спадчына Міёрскага краю», шматлікіх добраахвотных памочнікаў, краязнаўцаў, гісторыкаў, прадстаўнікоў прэсы.

 

Афіцыйную частку мерапрыемства ў спецыяльна падрыхтаванай аўдыторыі ПАЧАЛА намеснік дырэктара школы Вольга Федуковіч з прадстаўлення ганаровых гасцей і слоў удзячнасці за падтрымку ініцыятывы. Агульнымі намаганнямі праект рэалізаваны. Ён адметны не толькі для раёна – для ўсёй краіны. Невыпадкова песню пра Беларусь выконвае трыа ў складзе Аляксандры Мацвеевай, Міланы Шымко і Арыны Кліменцьевай. Дзяўчаты ў «валошкавых» строях з вянкамі на галовах спяваюць разам даўно, з малодшых класаў.

 
Вядучыя, вучні Вікторыя Конах, Кірыл Дзехцяронак і Максім Рачыцкі распавялі пра важнасць яднання мінулага і сучаснага, што найбольш ярка праявілася ў стварэнні ІТ-лабараторыі. Новая справа – толькі працяг традыцый, якія даўно склаліся ў школе. Пра іх, ажыццяўленне ініцыятывы і рэалізатараў падрабязна расказала дырэктар Святлана Пальчэх. Назвала паіменна ўсіх, намаганнямі каго створана моладзевая пляцоўка.

 
– Так, было няпроста, але і цікава, – сведчыла Святлана Леанідаўна. – Нам вельмі дапамагала падтрымка райвыканкама, пашанцавала, што ў справу актыўна ўключыліся дзеці.

 
– Адкрыццё сучаснай моладзевай пляцоўкі, – падзея не толькі для раёна, для краіны, – пацвердзіў старшыня райвыканкама Ігар Кузняцоў. – Пры яе стварэнні былі складанасці і праблемы, іх адолелі агульная адказнасць і аператыўнасць. Пляцоўка будзе служыць выхаванню моладзі. Спадчыну Міёрскага краю ствараем разам. Гэтая ініцыятыва не першая і, спадзяюся, не апошняя.

 
 Значным праектам для ўсёй Беларусі назваў прэзентацыю моладзевай пляцоўкі на базе СШ № 3 імя Я. Томкі менеджар праекта Алег Сівагракаў. Ён адзначыў адказнасць па яго рэалізацыі ўсіх міярчан. Яму падабаецца музейная газета «Міёрская даўніна», асабліва – устойлівасць намаганняў па вывучэнні і прапагандзе гістарычнай спадчыны роднага краю. Таму Алег Уладзіміравіч разлічвае на працяг добрай справы. Асаблівыя віншаванні з прэзентацыяй, дапоўненыя спецыяльным дыпломам, ён адрасаваў галоўнаму віноўніку ўрачыстасці – кіраўніку аб’яднання школьных музеяў і натхняльніку ініцыятывы «Спадчына Міёрскага краю» Вітольду Ермалёнку.

 
Так, гэтую прэзентацыю з поўным правам можна назваць асабістым святам, трыумфам Вітольда Антонавіча. Менавіта ён прапанаваў напрамак па ўключэнні ў праект «Разам для грамады і прыроды: Міёрскі раён», з калегамі-настаўнікамі, пры падтрымцы актыву гурткоўцаў-«арганаўтаў» уключыліся ў новую справу і давялі яе да лагічнага канца.

 
– Мы год ішлі да завяршэння работ па стварэнні моладзевай пляцоўкі, – апавядаў Вітольд Антонавіч. – А гэтаму папярэднічала 45 гадоў дзейнасці гуртка «Арганаўты мінулага», пошуку і збору рэальных музейных артэфактаў. Цяпер гэтае багацце маем магчымасць прадэманстраваць віртуальна. ІТ-лабараторыя ўжо служыць усёй супольнасці. Новае аблічча атрымаў наш гістарычны музей. Усё гэта – дзякуючы агульным намаганням.

 
За час стварэння моладзевай пляцоўкі сярод вучняў школы правялі некалькі конкурсаў. У спаборніцтве на найлепшы слоган пра ІТ-лабараторыю перамагла Вікторыя Конах. Узнагароду ёй уручыла першы сакратар райкама БРСМ Вікторыя Фурс, у дадзеным выпадку яна прадстаўляла грамадскую арганізацыю – заяўляльніка ініцыятывы «Спадчына Міёрскага краю».

 
Нарэшце настаў урачысты момант: Ігар Кузняцоў, Алег Сівагракаў і Вітольд Ермалёнак пераразаюць сімвалічную стужку пры ўваходзе ў памяшканне ІТ-лабараторыі. Настаўнік гісторыі Максім Філіповіч у якасці кансультанта ініцыятыўнай групы праводзіць для ўдзельнікаў прэзентацыі віртуальную экскурсію да касцёла ў райцэнтры, па музеі «Сялянская хата», уладаннях Мілашаў у Ідолта… На вялікім экране ў розных ракурсах дэманструюцца вадаспад на Вяце, калона ў Лявонпалі, найбольш адметныя экспанаты школьнага гістарычнага музея.
Максім Юр’евіч пракансультаваў, як карыстацца магчымасцямі ІТ-лабараторыі, расказаў пра папаўненне і захоўванне інфармацыі, распавёў пра перспектывы.

 
Нарэшце адчыняе дзверы абноўлены і пашыраны школьны гістарычны музей. Прыгадваю вялікія вочы ад першага ўражання ў навуковага супрацоўніка музея Верхнядзвінска Антона Бубалы, а таму не рызыкую расказваць пра экспазіцыі. Зацікаўлена фатаграфуе іх рэдактар «Краязнаўчай газеты» з Мінска Уладзімір Пучынскі. Ёсць чаму пазайздросціць супрацоўнікам раённага музея Вользе Пупінай і Кацярыне Рачыцкай. Прыемна ўражаны ўсе. Толькі Вітольд Антонавіч у сваёй стыхіі: пра кожны экспанат гатовы расказваць падрабязна. Аднак на азнаямляльнай экскурсіі вымушаны звяртаць увагу пераважна на ўнікальныя рэчы, здымкі, дакументы. Яны на ўсіх стэндах.

 
ІТ-лабараторыі і гістарычнаму музею СШ № 3 імя Я. Томкі проста наканавана стаць новым месцам масавага паломніцтва аматараў міёрскай даўніны. Упэўнены, ніхто не застанецца расчараваным. 

 

Леанід МАТЭЛЕНАК

Фота аўтара.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.