Вдохновляет память об известном земляке
gazeta 10-11-2020, 15:07 662 Грамадства / Гісторыя краю
Жыццёвы шлях і постаць Генрыка Дмахоўскага ўражваюць не толькі яго землякоў. Паўстанцу і таленавітаму скульптару, чалавеку трагічнага лёсу прысвечана шмат публікацый, нават кніг на розных мовах: беларускай, польскай, французскай, англійскай. Аднак у іх яшчэ сказана далёка не ўсё. Жыццяпіс нашага земляка працягваецца, памяць жыве. Пра гэта днямі ішла гаворка ў Забалоццеўскай бібліятэцы-клубе на юбілейным мерапрыемстве, прысвечаным 210-годдзю з дня яго нараджэння.
Святкаванне юбілею ў рамках рэалізацыі праекта «Разам для грамады і прыроды: Міёрскі раён» сабрала ў Забалоцці дэлегацыі прадстаўнікоў ініцыятывы па стварэнні маладзёжнай інтэрактыўнай культурна-гістарычнай пляцоўкі «Спадчына Міёрскага краю» з СШ № 3 імя Героя Савецкага Саюза Я. Томкі пад кіраўніцтвам дырэктара Святланы Пальчэх і прадстаўнікоў цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы на чале з яе дырэктарам Таццянай Цыцылінай. Мясцовую ўладу прадстаўляў старшыня Перабродскага сельскага Савета Віктар Дзеравянчык. Работнікі раённай рэдакцыі былі не проста журналістамі, але і стваральнікамі кнігі «Памяць».
Два стагоддзі з большага сцёрлі сляды таго, што ў родных мясцінах, на бацькоўскай зямлі акружала ў дзяцінстве Генрыка Дмахоўскага. Але не ўсё. У час экскурсіі, якую праводзілі гаспадыня – загадчыца бібліятэкі-клуба Людміла Белая – і настаўнік гісторыі СШ № 3 імя Я. Томкі, краязнаўца і стваральнік школьнага аб’яднання музеяў Вітольд Ермалёнак, госці прайшлі сутарэннямі былога сядзібнага дома, пабачылі рэшткі даўніх гаспадарчых пабудоў, палюбаваліся старымі дрэвамі, што захаваліся ад даўняга парку, пазнаёміліся з экспазіцыямі краязнаўчага музея, які апавядае пра нядаўняе мінулае вёскі і яе жыхароў. Гэта здымкі і дакументы, асабістыя рэчы, прадметы побыту і працы, адзенне, вязанне і вышыўкі, цацкі.
Пра краязнаўчы напрамак сваёй работы, як адзін з асноўных, гаварыла Людміла Міхайлаўна і на пачатку афіцыйнай часткі, калі больш дакладна – агульнай размовы за кубачкам гарбаты. Цудоўным дапаўненнем стаў відэафільм пра адкрыццё сем гадоў таму на будынку бібліятэкі-клуба памятнай дошкі, прысвечанай Генрыку Дмахоўскаму. Кадры стужкі нагадалі пра людзей, што зрабілі свой унёсак у захаванне памяці пра земляка – Чалавека Сусвету. Зноў жа, самымі ініцыятыўнымі сярод іх аказаліся настаўнікі СШ № 3 імя Я. Томкі і непасрэдна Вітольд Ермалёнак, тагачасны дырэктар школы мастацтваў Баляслаў Чарняўскі з сынам Аляксандрам.
Дарэчы, «вяртанне» Дмахоўскага сучаснікам пачалося з даўняй публікацыі ў раённай газеце, якую падрыхтаваў Вітольд Ермалёнак. Цяпер ён засведчыў, што славутым земляком зацікавіўся яшчэ ў школьныя гады, калі прачытаў кнігу Гедэмана. Працяглы час збіраў звесткі пра рэвалюцыянера і скульптара, нават наведаў Францыю, каб паглядзець на адну з работ – надмагілле Напалеона, што выканана з яго ўдзелам. Гэта натхніла на выданне невялікай кнігі, якую плануе пашырыць.
Паступова размова перайшла на тое, што ўвекавечання вартыя многія падзеі, якія адбываліся на Міёршчыне, знакамітыя людзі Дзісны і іншых мясцін. У адным толькі Перабродскім краі такіх не адзін дзясятак.
– Вартыя павагі і нашы сучаснікі, – выказаў сваё меркаванне старшыня сельвыканкама Віктар Дзеравянчык. – У цяперашнім Забалоцці жывуць дружныя, шчырыя людзі, выдатныя працаўнікі. Непадалёку прадпрымальнік Аляксандр Лапуцэвіч адраджае сваю родную вёску Лебедзева. Яе неабходна ўключыць у турыстычны маршрут праз нашы населеныя пункты з багатай гісторыяй і цікавымі архітэктурнымі і прыроднымі помнікамі.
Пра рэалізацыю ініцыятывы па стварэнні маладзёжнай культурна-гістарычнай пляцоўкі на базе музеяў СШ № 3 імя Я. Томкі праінфармавала дырэктар гэтай навучальнай установы Святлана Пальчэх і прадставіла аўдыторыі сваіх актывістаў-краязнаўцаў – настаўнікаў і вучняў. Потым дзесяцікласніца Ульяна Вальмус зачытала даклад пра мінулае сядзібы Дмахоўскіх.
Набыткамі і планамі па рэалізацыі праекта «Разам для грамады і прыроды: Міёрскі раён» падзялілася кіраўнік цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Таццяна Цыцыліна. Яна зацікавілася ініцыятывамі ў гэтым напрамку. Яе меркаванне: усё ў культурна-краязнаўчай рабоце залежыць найперш ад нас саміх. Дарэчы, і яна прывезла на мерапрыемства сваіх памочнікаў-аднадумцаў.
Юбілейнае мерапрыемства ў Забалоцці прысвячалася ўшанаванню памяці знакамітага земляка, аднак яго ўдзельнікі закранулі нямала актуальных сучасных гісторыка-культурных праблем. Трэба меркаваць, з’явяцца новыя цікавыя праекты і ініцыятывы.
Леанід МАТЭЛЕНАК
Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.