Витольд Ермаленок создал молодежную интерактивную культурно-историческую площадку «Наследие Миорского края».

 З вясны мінулага года кіраўнік музейнага аб’яднання Міёрскай СШ № 3 імя Героя Савецкага Саюза Ягора Томкі Вітольд Ермалёнак жыве ў асабліва напружаным рытме. Да звычайных экскурсій, сустрэч ля стэндаў, пасяджэнняў, канферэнцый, семінараў, паходаў, удзелаў у фестывалях і шматлікага іншага дадалося стварэнне моладзевай інтэрактыўнай культурна-гістарычнай пляцоўкі «Спадчына Міёрскага краю». Таму ў школе нават па выхадных. Добраахвотна скараціў летні водпуск да дзесяці дзён, толькі каб набрацца сіл ля цёплага мора, а па вечарах працуе над музейнай газетай ці піша чарговую кнігу пра новы турыстычны маршрут – «Пярсцёнак».

 

Радуе Вітольда Антонавіча, што плён уласных намаганняў і шматлікіх памочнікаў прадэманструе шырокай грамадскасці ўжо Ў пятніцу, 27 жніўня. У гэты дзень у актавай зале школы ў 16 гадзін распачнецца прэзентацыя ІТ-лабараторыі і абноўленага гістарычнага музея.

 
Пра будучую падзею гутару з Вітольдам Антонавічам ля новых паліц і шафаў за экспанатамі запасніка, куды да яго час ад часу звяртаюцца полацкія спецыялісты музейнага афармлення, што другі месяц працуюць у суседніх памяшканнях. Яны распрацоўвалі дызайн праекта і ведаюць, як яго рэалізаваць, а вось чым напоўніць стэнды, залежыць толькі ад ініцыятара новай справы. Аповяд пра яе Вітольд Антонавіч пачаў здаля:

 
– У пачатку мінулага года пры фінансавай падтрымцы Еўрасаюза пачаў ажыццяўляцца праект «Разам для грамады і прыроды: узмацненне працэсу развіцця ў Міёрскім раёне праз супрацоўніцтва мясцовай улады і грамадзянскай супольнасці». У яго рамках планавалася выдзеліць гранты на дзесяць ініцыятыў. Кожная з іх павінна была адпавядаць высокім крытэрыям сучаснасці, актуальнасці, перспектыўнасці, крэатыўнасці, цікаўнасці і карысці для шырокай аўдыторыі. У такіх умовах разлічваць на сродкі проста для абнаўлення школьнага гістарычнага музея (за дзесяцігоддзі існавання яго экспазіцыі і экспанаты не ўстарэлі, а вось афармленне патрабавала абавязковай замены) было нерэальна.

 
Пачаўся «мазгавы штурм», да якога актыўна падключыліся найперш дырэктар школы Святлана Пальчэх і пастаянныя мае памочнікі: бібліятэкар Дзіяна Варона, сябра гуртка «Арганаўты мінулага», а цяпер навуковы супрацоўнік музея-запаведніка ў Заслаўі Ігар Кандратовіч. У выніку прыйшлі да агульнай высновы, што школьны музей з дзясяткамі тысяч экспанатаў павінен стаць толькі часткай выразнай сучаснай сістэмы, базай па прапагандзе вялікай гістарычнай спадчыны краю і асновай для зацікаўлення моладзі, і не толькі яе, у пашырэнні і дэталізацыі нашых ведаў пра мінулае Міёршчыны і яе жыхароў.

 
Наш праект «Моладзевай пляцоўкі» знайшоў водгук у рэспубліканскім аб’яднанні «Ахова птушак Бацькаўшчыны», быў падтрыманы ў райвыканкаме, адобраны грамадскасцю. Нарэшце, вытрымаў двухмесячны конкурс і выйграў грант у 60 тысяч еўра, які павінен быць дапоўнены больш сціплымі сродкамі самафінансавання. «Дахам» для яго (па афіцыйнаму – заказчыкам) стала грамадскае аб’яднанне «Міёрская раённая арганізацыя БРСМ», дзякую за такую падтрымку асабіста першаму сакратару Вікторыі Фурс.

 
Непасрэдная рэалізацыя праекта пачалася ў маі 2020 года ініцыятыўнай групай пад маім кіраўніцтвам. Кансультантам у ёй стаў настаўнік гісторыі Максім Філіповіч, бібліятэкарам-асістэнтам – Анастасія Варонька і бухгалтарам – Марына Трашчанка. Мы яшчэ абапіраліся на групу падтрымкі з 15 прадстаўнікоў грамадскасці з розных устаноў і арганізацый раёна. Для ІТ-лабараторыі набылі ноўтбукі, прынтар, ксеракс, потым – мульціборд, інфармкіёск, перфабіндар, ламінатар і іншае абсталяванне. Справа ўвогуле звычайная гаспадарчая, калі б не ператваралася ў руцінную пры правядзенні тэндараў.

 
Наступным крокам стала стварэнне сайта «Моладзевы рэсурсны цэнтр «Спадчына Міёрскага краю» на трох мовах: беларускай, рускай, англійскай. У ім звесткі пра школьны музей, навіны пра нашу дзейнасць і публікацыі ў розных СМІ, ІТ-лабараторыі, супрацоўніцтва, кантакты і іншае. Гэта крыніца інфармацыі і база дадзеных для ўсіх, хто цікавіцца мінулым і цяперашнім раёна. Знаёміць з гісторыяй населеных пунктаў, апавядае пра музеі, іх экспанаты, знакамітых людзей. Гэтыя звесткі зацікавілі дапытлівых вучняў школы, натхнілі некаторых на асабістыя даследаванні. З імі яны ўдзельнічалі ў канферэнцыях рознага ўзроўню, у тым ліку міжнароднай.

 
Мы ж правялі ў інтэрнэце анкетаванне, каб высвеліць інфармаванасць жыхароў раёна пра мінулае Міёршчыны і магчымасць яго вывучэння. У ім прынялі ўдзел звыш 700 рэспандэнтаў. Дарэчы, сайтам ужо карыстаюцца, і не толькі мясцовыя людзі. Нядаўна на ім шукалі звесткі пра вёску Міжрэчча ўнучкі былога ўладальніка маёнтка Аскеркі, сям’я якога трапіла ў Сібір, а потым змагалася з фашызмам у складзе арміі Андэрса. Яны даслалі з Аргенціны здымкі сваіх родных, іх жылля на беразе Вяты.

 
Нямала намаганняў запатрабаваў тэматыка-экспазіцыйны план новага афармлення гістарычнага музея. У ім некалькі тысяч экспанатаў і кожны сфатаграфаваны, змераны, узважаны, апісаны. Выбраць для новых экспазіцый самыя цікавыя, важныя дазволілі кансультацыі з экспертамі музейнай справы і вучонымі-археолагамі. Адначасова вывучалі вопыт афармлення і дзейнасці музеяў у сталіцы, Верхнядзвінску, Германавічах і іншых. Адным з вынікаў такой справы стала падрыхтоўка першага набору паштовак пра мінулае і цяперашняе райцэнтра. Разлічваю, што ён будзе выдадзены масавым накладам.

 
Элементамі «Моладзевай пляцоўкі» з’яўляюцца працяг выдання на новым узроўні музейнай газеты «Міёрская даўніна» і выдавецкая дзейнасць: кніга пра турыстычныя адметнасці «Дзісненскага пярсцёнка» ужо друкуецца, наступная пра славутасці Пагосцкага краю рыхтуецца.

 
Гэта не поўны пералік зробленага ў рамках «Моладзевай пляцоўкі». Рады, што магу не толькі расказаць пра патрэбную і карысную справу для нашай Міёршчыны, але і прадэмастраваць яе вынікі. Запрашаю на прэзентацыю.

 

Леанід МАТЭЛЕНАК

Фота Ігара МАТЭЛЕНКА.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.