В Миорском ТСОН отметили день пожилых людей
gazeta 11-10-2021, 10:49 491 Грамадства
Дзень пажылых людзей, які святкуецца 1 кастрычніка, ветэранскі актыў сустрэў у ІТ-лабараторыі моладзевай інтэрактыўнай культурна-гістарычнай пляцоўкі «Спадчына Міёрскага краю», што дзейнічае на базе СШ № 3 імя Героя Савецкага Саюза Я. Томкі.
Кіраўнік аб’яднання школьных музеяў і ініцыятар унікальнага стварэння Вітольд Ермалёнак падрабязна расказаў пра год працы ў рамках праекта «Разам для грамады і прыроды: Міёрскі раён». Правёў экскурсію па абноўленым музеі. Ветэранскія актывісты памятаюць старыя экспазіцыі, ад новых засталіся ў захапленні. Паўтары гадзіны ля стэндаў праляцелі непрыкметна і таму, што Вітольд Антонавіч імкнуўся звярнуць увагу на самыя адметныя артэфакты, пазнаёміць з гісторыяй, як іх знайшлі.
Адзін з удзельнікаў экскурсіі – Ула- дзімір Лукашонак – паабяцаў, што абавязкова прывядзе ў музей сваіх унукаў. А Вітольд Антонавіч звярнуўся да ветэранскай аўдыторыі з заклікам запісваць свае ўспаміны кожнаму, што стане жывой ілюстрацыяй пражытага часу.
Гэтыя выказванні прагучалі ўжо ў зале тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, дзе вядучыя Ганна Ліскова і Юлія Машара прадставілі традыцыйную праграму «Нам гады не бяда, калі душа маладая». Мерапрыемства пачалося з віншавальнай прамовы старшыні раённага Савета дэпутатаў Марыі Баніфатавай. Радаваў аптымізм начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльным абслугоўванні Вячаслава Бялько. Са справаздачай аб дзейнасці раённай ветэранскай арганізацыі выступіў Часлаў Кашкур.
У раёне дзейнічае 41 пярвічная арганізацыя, у яе радах 2 072 члены. У 13 пярвічках абраны новыя старшыні. Часлаў Станіслававіч расказаў пра кожнага, нагадаў пра стварэнне кафэ «Сярэбраны ўзрост», правядзенне справаздачна-выбарнай канферэнцыі, удзел у рэспубліканскім конкурсе дзіцячага малюнка «Нам мір завяшчалі берагчы», збор сродкаў у Фонд міру, наведванне ветэранаў дома, удзел у добраўпарадкаванні, мітынгах і іншых мерапрыемствах, падзяліўся планамі на будучыню. Усё гэта пацвярджалася відэаілюстрацыямі.
Нямала добрых спраў на рахунку кафэ «Сярэбраны ўзрост». У прыватнасці, фінансавая падтрымка Еўрасаюза дазволіла набыць абсталяванне для навучання ветэранаў камп’ютарнай граматнасці, стварыць добрыя ўмовы для адпачынку, сустрэч, розных мерапрыемстваў.
Кіраўнік раённага Фонду міру Ала Смерцьева падзякавала ветэранскім арганізацыям за актыўнасць у зборы сродкаў. Самыя вялікія сумы пералічылі пярвічкі ўпраўлення па сельскай гаспадарцы, банка, раённага вузла электрасувязі, хлебазавода, паштавікоў, упраўлення па працы, занятасці і сацабслугоўванні насельніцтва, работнікі ідэалогіі і культуры.
Ала Пятроўна ў знак удзячнасці ўручыла кружкі з лагатыпам Фонду прадстаўнікам ветэранскіх пярвічак банка, райсельгасхарчу і хлебазавода: Пятру Самчанку, Уладзіміру Лукашонку і Валянціне Барысавай.
На пытанне пра будоўлю ў скверы насупраць РДК Ала Пятроўна патлумачыла, што Фонд міру ўдзельнічае ў абнаўленні мемарыялу ў гонар вайсковых часцей, якія вызвалялі райцэнтр і раён. Гэта будзе ратонда, дзе на пастаменце размесціцца стылізаваная салдацкая зорка з падсветкай.
Пры абмене меркаваннямі кіраўнік ветэранскай арганізацыі льнозавода Мікалай Каранкевіч выказаў шкадаванне, што не знойдзены варыянт захавання прадпрыемства, якому ён аддаў шмат гадоў напружанай працы.
– Але ж у раёне за апошні перыяд і пабудавана нямала. – Раіса Парфёненка пералічыла аб’екты, што радуюць міярчан.
Як не расказаць пра смачны сыр з кменам, які прыгатавала Раіса Васільеўна для дэгустацыі.Падзялілася з намі рэцэптам.
Кілаграм 9 % рассыпістага тварагу з пакета паціскаць рукамі і давесці да кіпення ў літры малака ў каструлі з тоўстым дном. Потым патрымаць хвілін 10 на малым агні. Зрабіць перапынак на гадзіну, адкінуць змесціва на друшляк, дадаць у яго 4 яйкі, 100 г сметанковага масла, кмену і солі па смаку, чвэрць чайнай лыжкі соды. Размяшаць усё рукамі, у той жа каструлі варыць на газе, перамешваючы лыжкай, каб не засталося крупінак. Як дно пачынае бурэць – сыр гатовы. Трэба загарнуць яго ў харчовую плёнку. І прыемнага апетыту!
У час мерапрыемства на ветэранскіх сталах самаробнага сыру не засталося. Разышоўся ўвесь падчас конкурсаў, спаборніцтваў і іншых забаў. Душэўна правялі час, намецілі планы на будучыню.
Леанід МАТЭЛЕНАК
Фота прадастаўлена ТЦСАН
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.