В Миорах прошел траурный митинг, посвященный началу Великой Отечественной войны

 80 гадоў таму, 22 чэрвеня ў чатыры гадзіны раніцы грымнула Вялікая Айчынная вайна. Гэта адна з самых жалобных дат у нашай гісторыі. Усё менш сведкаў тых падзей. Вельмі важна, каб тыя, хто жыве пад мірным небам, ніколі не зведалі жахаў ваеннага ліхалецця, усё разумелі і былі ўдзячнымі старэйшаму пакаленню.

 

Вайна – трагедыя для любой сям’і. Гэта прадэманстравала тэатралізаваня пастаноўка на плошчы Памяці загінулых барацьбітоў з удзелам моладзі і дзяцей. Кожны ў сваёй ролі яны ўзнавілі апошні мірны дзень, калі ўсе весяліліся, гулялі, танцавалі, цешыліся шчасцем жыць. А потым артналёт, цяжкія праводзіны на фронт, страшныя разбурэнні, голад. Патокам гора і слёз палівалася чатыры працяглыя гады наша пакутлівая зямля.

 
Былы раённы ваенны камісар, падпалкоўнік запасу Сяргей Жабенак звярнуў увагу, што вораг быў суровы, жорсткі, цудоўна абмундзіраваны, пераўзыходзіў у людскіх і тэхнічных рэсурсах. Пад яго ботам ужо прагнулася ўся Еўропа і ніводная краіна свету не магла яго разграміць. Савецкія воіны прынялі няроўны бой і не здаліся. Мы славім подзвіг нашага народа, а ўсе спробы абясцэніць гістарыя факты  пустыя. Пакаленню пераможцаў і тым, хто ўзнаўляў жыццё ў пасляваенны час выказаў словы прыязнасці кіраўнік раёна Ігар Кузняцоў.

 
Вялікая Айчынная вайна пакінула шмат месцаў смутку на зямлі. Тысячы мірных жыхароў былі расстраляны. Сотні населеных пунктаў знішчаны. Старшы навуковы супрацоўнік раённага гісторыка-этнаграфічнага музея Вольга Пупіна нагадала, што ў спісе цалкам спаленых у нашым раёне значацца вёскі Сухавержжа, Малая Кавалеўшчына, Якубаўшчына, Бушава і Казлы. Іх знішчыў вораг у верасні 1943 года падчас правядзення карнай аперацыі супраць партызанскіх брыгад і мясцовага насельніцтва, якое ім дапамагала.

 
Забыцца пра тыя страшныя крывавыя падзеі немагчыма. Мы смуткуем і схіляем галовы перад героямі і непавіннымі ахвярамі, ўшаноўваем памяць хвілінай маўчання. Прадстаўнікі органаў улады, грамадскіх арганізацый, працоўных калектываў, святары, ваенныя, вучні, моладзь усклалі кветкі да Вечнага агню. Затым усе з’ядналіся ў малітве ля капліца, узведзенай у гонар апекуна воінаў – святога благавернага князя Аляксандра Неўскага. Ліцію па салдатах адслужыў протаіерэй Віктар Вабішчэвіч.

 

Наталія СТАНКЕВІЧ

Фотаматэрыял аўтара.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.