Дзяржкантроль

“Чыстая вада” 

Выкананне праграмы “Чыстая вада” знаходзіцца на пастаянным кантролі. Яна была распрацавана і ў Талачынскім раёне, аднак крыніцы фінансавання не прадугледжаны. А таму ў 2009 годзе большасць мерапрыемстваў не выканана. У першую чаргу гэта тычыцца будаўніцтва артэзіянскіх свідравін і водаправодаў.

У Віцебскім раёне створаная ў ранейшы час інфраструктура цэнтралізаванага водазабеспячэння сельскіх населеных пунктаў таксама старэе і дэградзіруе. Не рамантуюцца грамадскія шахтныя калодзежы.

Дрэнна арганізавана ў вобласці эксплуатацыя станцый абезжалезвання вады. У аграгарадку Мікалаёва на Міёршчыне ў пробе вадаправоднай вады з дзіцячага сада ўтрыманне жалеза перабольшвала норму ў 6 разоў, была мутнай. У аграгарадку Чэрасы ўтрыманне жалеза перабольшвала норму ў 7,5-11 разоў таксама пры вялікай мутнасці.

Не ўсюды ёсць прыборы ўліку вады.

Пытанні водазабеспячэння застаюцца на кантролі.

 

Злоўжыванне 

На Полацкім вытворчым участку па вытворчасці прадукцыі птушкагадоўлі ААТ “Глыбоцкі камбікормавы завод” выяўлена злоўжыванне службовым становішчам вядучым бухгалтарам, якая налічвала грошы на карт-рахункі сабе, сваім родным і пэўным работнікам прадпрыемства ў сумах, што перабольшвалі заробак у 3-4 разы. Так, механіку пры адсутнасці загада было налічана адпускных 18 млн. рублёў. Агульная сума нанесенай шкоды дасягнула 62 мільёнаў.

Узбуджана 6 крымінальных спраў, да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнуты 32 работнікі.

Прыдарожны сэрвіс 

На пачатак года ў вобласці дзейнічала 187 аб’ектаў прыдарожнага сэрві-су, у тым ліку 54 заправачныя, 24 магазіны, 69 прадпрыемстваў грамадскага харчавання, а яшчэ гасцініцы, стаянкі, станцыі тэхабслугоўвання. Прадугледжана адкрыццё яшчэ 33 аб’ектаў, у тым ліку 12 сёлета, хаця за папярэднія гады не ўведзены ў строй 7.

Летась аб’ём рознічнага тавараабароту аб’ектаў прыдарожнага сэрвісу склаў 186,8 млрд. рублёў, прадастаўлена платных паслуг на 1,8 млрд., гэтыя паказчыкі цяпер павялічыліся адпаведна на 33% і 25%. Тэхнічнае аснашчэнне прыдарожнага сэрвісу адпавядае нарматыўным дакументам, толькі якасць і культура абслугоўвання нізкія, мноства парушэнняў заканадаўства. У продажы выяўлены тавары без тэрмінаў рэалізацыі і цэннікаў. З парушэннямі захоўваліся харчовыя прадукты і паўфабрыкаты.

36 парушальнікаў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.

 

Энергазберажэнне 

РУП “Полацкая ПМС” не выканала мэтавы паказчык па энергазберажэнню. Тут несвоечасова выплачваліся заробак і адпускныя. Не забяспечаны ўмовы для аказання дзяржаўнай падтрымкі прадпрыемству. Эксплуатавалася 5 транспартных сродкаў з няспраўнымі ці неправеранымі спідометрамі. Заніжана справаздачнасць аб расходзе цеплавой і электрычнай энергіі, кацельнага паліва і па іншых паказчыках. Выяўлена 2,3 тоны неўлічанага металалому.

Прадпрыемства аштрафавана на 5,5 млн. рублёў, а 6 адказных работнікаў — на 2,2 мільёна, да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнута 5 чалавек.

 

Закупкі

Больш двух з палавінай гадоў дзейнічае парадак дзяржаўных закупак, аднак кіраўнікі асобных арганізацый забываюцца, што яны персанальна адказваюць за стан гэтай работы: не прызначаюць адказных за правядзенне асобных працэдур, не публікуюць гадавы план, не рыхтуюць неабходныя працэдуры. У гэтым напрамку сярод іншых крытыка выказана ў адрас аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму Міёрскага райвыканкама, які набыў мікрааўтобус.

Дзяржзакупкі знаходзяцца на кантролі, парушэнне іх правілаў караецца штрафамі да 1,75 млн. рублёў.

 

Праверкі на жніве

У Аршанскім раёне правераны 4 гаспадаркі па захаванню тэхналогіі на ўборцы ўраджаю. Выяўлены несвоечасовы рамонт камбайнаў, вялікія страты збожжавых культур і насеннікаў шматгадовых траў пры абмалоце і транспарціроўцы. Не ўсюды належным чынам працавалі зернесушылкі і своечасова дапрацоўвалася зерне, дастаўленае з поля.

Па выніках праверкі на месцах прыняты меры рэагавання.

Вынікі паўгоддзя

Упраўленне Дэпартамента фінансавых расследаванняў дзяржкантролю вобласці за паўгоддзе прад’явіла да ўплаты дадатковых плацяжоў на 5,3 млрд. рублёў, выявіла незаконны даход на 15,1 мільярда. Забяспечана паступленне ў бюджэт 5,6 млрд. рублёў, пастаўлена на ўлік асноўных сродкаў у арганізацыях на 11,8 мільярда. У даход дзяржавы паступіла тавара-матэрыяльных каштоўнасцяў на 0,8 мільярда. Арыштавана тавара-матэрыяльных каштоўнасцяў і грашовых сродкаў на 1,1 млрд. рублёў.

Узбуджаны 104 крымінальныя справы, што на 23 менш леташняга. З іх 89,4% адносяцца да сферы дзейнасці выключна органаў фінансавага расследавання, 33,7% з катэгорыі цяжкіх, 3 здзейснены арганізаванымі злачыннымі групамі.

У суд накіравана 39 крымінальных спраў. Асноўныя намаганні цяпер — прафілактыка і барацьба з абманнымі прадпрымальніцкімі структурамі. Ёсць практычныя вынікі па спыненню дзейнасці асоб, якія займаліся незаконнымі валютнымі аперацыямі: узбуджана 5 крымінальных спраў, складзена 14 адміністрацыйных пратаколаў, штрафы склалі 5,3 млн. рублёў, адабрана беларускіх рублёў і валюты на 264,1 млн. рублёў.

 

Крымінал

У лютым і сакавіку ўзбуджана крымінальная справа за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць у адносінах арганізаванай злачыннай групы, якая займалася фінансавымі аперацыямі і атрымала даход у 25 млрд. рублёў.

У сакавіку ў 11 суб’ектаў гаспадарання, якія кантактавалі з абманнымі прадпрымальніцкімі структурамі, прыпынены аперацыі па разліковых рахунках, арыштаваны 151 млн. рублёў. У бюджэт накіравана 400 млн. рублёў, якія знаходзіліся на рахунках абманных прадпрымальніцкіх структур. Вядзецца следства.

 

 

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.