Конкурс «Смак журавін» прайшоў на Міёршчыне
gazeta 22-09-2023, 16:41 2 318 На Міёршчыне
Правесці рабочы дзень на Ельні, збіраючы для сябе карысныя ягады. Такую магчымасць кожны верасень напярэдадні экасвята «Жураўлі і журавіны Міёрскага краю» прадастаўляе раённае аб’яднанне прафсаюзаў. Конкурс «Смак журавін» стаў традыцыяй, да якой далучаюцца новыя прыхільнікі. Сёлета ўдзельнічала 13 каманд.
Сумненні ёсць, а рукзакі вялікія
Прагноз абяцаў цёплае і сонечнае надвор’е, больш характэрнае для канца жніўня, чым для сярэдзіны верасня. Дзень абяцаў быць насычаным чыстым паветрам, маляўнічымі яльнянскімі краявідамі, свежымі ўражаннямі. Наконт шчодрых россыпаў чырвоных ягад па імху ўдзельнікі конкурсу «Смак журавін» сумняваліся: засушлівае лета паўплывала не толькі на ўраджайнасць зерневых культур. Між тым вялікія рукзакі ўсё ж сведчылі пра спадзяванні канкурсантаў вярнуцца з балота зусім не з пустымі рукамі.
У чарговы раз пляцоўкай спаборніцтва стаў участак балота за вёскай Сухавержжа. Як заўважыў дырэктар ДПУ «Ельня» Іван Барок, гэтае месца выбіраюць для конкурсу невыпадкова: тут практычна немагчыма заблукаць. Удзельнікі збіраюць ягады з правага боку ад 700-мятровага бярвеністага насцілу, што вядзе да возера Курганістае і служыць надзейным арыенцірам. Між тым на ўсялякі выпадак старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Аксана Падзява нагадвае свой нумар тэлефона і акрэслівае час вяртання. За кожныя 15 хвілін спазнення – мінус 100 грамаў ад сабранага ўраджаю, ад чаго можа залежыць прыступка на п’едэстале пераможцаў. Спойлер: ніхто не заблукаў, вярнуліся своечасова.
Ягады трэба пашукаць
Дарога да балота праз лес працягласцю ў два кіламетры і ў 20 – 30 хвілін большасці канкурсантам знаёма. Некаторыя крочаць па ёй упершыню. З аднаго боку, адлегласць не самая блізкая. Асабліва на зваротным шляху, калі дадаюцца журавінавыя кілаграмы і прыемная стомленасць. З іншага, прагулку па лесе можна лічыць яшчэ адным здаровым бонусам да конкурснай праграмы.
Вось і насціл. А значыць – на старт. Тут адразу можна адрозніць зборшчыкаў з вопытам ад тых, для каго гэтая справа калі і не ў навінку, але не вельмі частая. Першыя рашуча скіроўваюцца ў балотную далеч: хто прама па насціле да Курганістага, хто направа паралельна ўскрайка лесу. Другія азіраюцца па баках у пошуках журавін на купінах, не грэбуючы іх невялікай колькасцю і дробнымі памерамі. Крок за крокам адыходзяцца далей. Вось і мы з калегай Вікторыяй Апалька асвойваемся паступова. Яна тут першы раз, для мяне гэта трэці конкурс, аднак з балотам знаёмлюся нібы наноў. Сёлета яно сухое, па імху ідзеш амаль што як па лясной дарозе. Хтосьці заўважае, што замест гумовых ботаў можна смела красоўкі абуваць. Паблізу ад нас блукае ў пошуках ягад супрацоўніка цэнтральнай раённай бібліятэкі Вольга Корсак.
– На балоце ўпершыню. Конкурс зацікавіў, хацела паўдзельнічаць, – гаворыць яна. – Журавіны збіраць, як і грыбы: трэба хадзіць, шукаць. Інакш гэта ўяўляла.
– Ва ўраджайны год ягад на імху нібы насыпана. Сёлета, сапраўды, трэба пашукаць, – заўважаю ў адказ.
Зноў сустрэнемся з Вольгай, калі праз некалькі гадзін вернемся на насціл. Канкурсантка раскажа, што ёй пашчасціла натрапіць на ўраджайныя купіны з буйнымі ягадамі.
На першым месцы – уражанні
Чым далей ад насцілу, тым часцей сустракаюцца расшытыя журавінавым бісерам купіны. На адных мноства дробных чырвоных бусінак, іншыя вабяць больш рэдкімі, але буйнымі ягадамі. Такія збіраць куды цікавей. Час ляціць неўпрыкмет, і вось ужо пара вяртацца. Шкадую, што адразу не пайшлі далей ад насцілу: хутчэй сустрэліся б з буйнымі журавінамі і набралі б больш. Аднак для нас на першым месцы – уражанні, на другім – карысныя ягады. Такой пазіцыі прытрымліваецца і каманда Новапагосцкай СШ імя Г. Цітовіча. Настаўніца Таццяна Суботка і тэхработнік Лілія Мураўская прыехалі адпачыць ад штодзённых клопатаў і назбіраць журавін.
– Ягады збіраць люблю, аднак па журавіны гадоў пяць не хадзіла, усё часу не хапае. На гэтым месцы ўвогуле ўпершыню, – заўважае Таццяна Вікенцьеўна. – Усё спадабалася. Надвор’е цёплае, месца зручнае. Спачатку перажывала, што заблукаем. Аказалася, тут добра арыентавацца.
– Звычайна едзем у кастрычніку на балота ў Апанасёнкі карысных ягад для сябе назбіраць, сёлета можна адмяняць паездку, – усміхаецца Лілія Пятроўна.
Салодкія ноткі поспеху
На фінішы выстраілася чарга да ваг. Адзін за адным канкурсанты дэманструюць сабраны ўраджай журы. Удзельніца каманды ААТ «Чэрасы» Аляксандра Корсак набрала 5,8 кілаграма журавін, сваім вынікам задаволена. Крыху менш у яе калегі Наталлі Дуброўскай.
– Мы адзіныя канкурсанты сярод сельскагаспадарчых арганізацый. Удзельнічаем упершыню, – акцэнтуе Аляксандра. – Даўно на балоце не была. Суха, ад таго нязвыкла. І ягад няшмат, дробныя. Цікавей збіраць, калі іх многа і буйныя.
– Школьніцай разам з татам хадзіла на балота ў туркоўскіх ваколіцах. На гэтым месцы ўпершыню. Цікава было тут пабываць, – заўважае Наталля.
Пакуль удзельнікі дзеляцца ўражаннямі, журы падлічвае журавінавыя кілаграмы. І вось Аксана Падзява гатова агучыць вынікі.
Трэці год запар лідзіруе каманда яслі-сада № 2. У 2021-м сабралі 39,36 кг, у 2022-м – 23 кг. Сёлетні сумесны вынік Ніны Лагун і Галіны Бунта – 23,6 кг. Другое месца і 20,8 кг у супрацоўніц цэнтральнай раённай бальніцы Людмілы Бадун і Наталлі Карніцкай. У асабістым заліку Людміла першая – 12,5 кг. Замкнула тройку лідараў каманда цэнтра культуры і народнай творчасці ў складзе Алены Жук і Алены Мамонавай з 18-цю кілаграмамі.
Сёння на святочным паўвостраве пераможцы конкурсу «Смак журавін» атрымалі падарункі. Перамога заўсёды салодкая. Як і ўдзел у спаборніцтве, якое дорыць мноства прыемных бонусаў кожнаму.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фотаматэрыял аўтара.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.