Мы адзіныя. І ў гэтым наша сіла.

 Мы адзіныя. І ў гэтым наша сіла. Мы памятаем сваю гісторыю. І ў гэтым наша будучыня. Такая думка стала лейтматывам урачыстасці, што адбылася ў Цэнтры культуры і народнай творчасці напярэдадні Дня народнага адзінства.

Народнае адзінства не проста прыгожая метафара. Гэта аснова развіцця нашай шматнацыянальнай дзяржавы. Гатоўнасць адстаяць і абараніць яе закладзена на генетычным узроўні ў характары кожнага беларуса. У самыя складаныя для нашай зямлі часы народ аб’ядноўваўся і пераадольваў цяжкасці, адзначыў у віншавальным звароце старшыня раённага Савета дэпутатаў Валерый Драба. Падкрэсліў, што і ўсе выклікі сучаснасці беларусы сустракаюць годна, бо жывуць сваім розумам. Мы ўмеем берагчы ўсё тое каштоўнае, што будавалася не адно дзесяцігоддзе і перададзена нам ад старэйшага пакалення.

Павіншаваць міярчан прыехаў зямляк, член Саюза пісьменнікаў Славамір Даргель. Для яго Дзень народнага адзінства – свята важнае і значнае. Падкрэсліў працавітасць і таленавітасць беларускага народа. Толькі з Міёршчыны ў пасляваенны перыяд выйшла ў свет 80 пісьменнікаў. На ўсю краіну гучала імя музыкі Генадзя Цітовіча. Без 17 верасня 1939 года гэтага магло б не быць. Польскія ўлады праводзілі асіміляцыю беларусаў, пазбавілі іх права на нацыянальнае самавызначэнне. Пісьменнік перакананы, што адзін народ не павінен прыгнятаць іншы, выступае за раўнапраўе. Завяршыў віншаванне вершам, прысвечаным роднай Міёршчыне.

 Як заўважалася падчас урачыстасці, Дзень народнага адзінства аб’ядноўвае ў сабе любоў да радзімы і памяць пра продкаў, імкненне быць годнымі іх подзвігаў, працаваць на дабрабыт краіны і народа. Прывіваць гэтыя каштоўнасці важна маладому пакаленню. З 1 верасня ў СШ № 3 імя Героя Савецкага Саюза Я.Томкі створаны ваенна-патрыятычны клуб «Факел». Пасведчанні яго ўдзельнікам – вучням сёмага – восьмага класаў – уручыў начальнік Міёрскага РАУС Ула-дзімір Бондараў. Запэўніў, што ў клубе выхаваюць сапраўдных патрыётаў.

На высокай ноце трымалі святочны настрой артысты цэнтра культуры і народнай творчасці. Цёпла сустракалі і падтрымлівалі апладысментамі Алу Цурыкаву, Святлану Бакевіч, Дар’ю Мілашэвіч, гурты «Дзісенчукі», «Землякі» і іншых выканаўцаў. Музычныя нумары аб’ядноўвала тэма любові да роднага краю – прыгожага і ўтульнага, мілага і непаўторнага, дарагога і адзінага.

У ТЭМУ
Творчыя выставы падчас урачыстасці дзейнічалі ў фае. Работы выхаванцаў дзіцячай школы мастацтваў, удзельнікаў раённай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў выклікалі цікавасць наведвальнікаў. Тэматычную кніжную выставу падрыхтавалі бібліятэкары. Прадукцыю з дэгустацыяй прапаноўвалі мясакамбінат і хлебазавод.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.