День информирования охватил Миоры

 Інфармацыйныя групы райвыканкама на гэтым тыдні правялі сустрэчы ў працоўных калектывах райцэнтра. Старшыня раённага Савета дэпутатаў Валерый ДРАБА ў ліку іншых наведаў і рэдакцыю раённай газеты.


Калі тэму сустрэчы акрэсліць коратка, то можна сказаць: гэта была размова «за жыццё». А як інакш, калі разважалі пра тое, што хвалюе кожнага чалавека. Напрыклад, дарогі, на якія шмат нараканняў у кожную пару года. З часам не кожнае пакрыццё здольна вытрымаць нагрузку шматтоннай спецыялізаванай тэхнікі сельскай, лясной гаспадарак, пад яе коламі праезная частка імкліва разбураецца. З-за перападаў тэмпературы з мінулай зімы дарогі былі непрыдатнымі да язды.

  

Па даручэнні старшыні райвыканкама Ігара Кузняцова ўвесь рэзервовы фонд накіравалі на іх рамонт сёлета. Дзякуючы дэпутату Віцебскага абласнога Савета Уладзіміру Мацвееву ліквідаваны асабліва праблемныя ўчасткі па маршруце Пераброддзе – Тычкі, на Паташню – Рачнёва – Александрына. Як патлумачыў Валерый Драба, пры планаванні выдаткаў на рамонт дарог на наступны год адштурхоўваліся ад патрачанай сёлета сумы з улікам дадатковых асігнаванняў. Работы ў гэтым накірунку яшчэ шмат.

  

Далейшае развіццё раёна непарыўна звязана з дэмаграфіяй. Летась нарадзілася 140 дзяцей, памерлі 525 чалавек. У бягучым годзе на свет з’явілася 107 немаўлят, не стала звыш 350 жыхароў. Няпростая дэмаграфічная сітуацыя выклікана перш за ўсё праблемай старэння насельніцтва. Адмоўна ўплывае і працэс урбанізацыі. Але такая тэндэнцыя ўласціва для ўсіх райцэнтраў краіны.

 

Актуальныя тэмы ў зімовы перыяд акрэсліў намеснік начальніка РАНС Уладзімір Рачыцкі. Найважнейшая мела дачыненне да неасцярожнага абыходжання з агнём. З пачатку года ў краіне здарылася звыш 5 тысяч пажараў, у выніку якіх загінула 585 чалавек, у тым ліку 12 дзяцей. На Віцебшчыне вогненная стыхія забрала сто жыццяў, у тым ліку непаўналетняга. У Міёрскім раёне зарэгістравана 27 пажараў, ахвярамі якіх сталі восем мужчын. Сем з іх напярэдадні ўжывалі спіртныя напоі. У ліку асноўных прычын няшчасцяў і неасцярожнае абыходжанне з агнём, няправільная эксплуатацыя печак, электраабсталявання, на што варта звярнуць увагу ўсім, каб не дапускаць  трагедый. Тоіць небяспеку тонкі лёд на вадаёмах, трэба быць асцярожнымі пры катанні на цюбінгах.

 

Толькі асабістая абачлівасць і асцярожнасць, імкненне ісці наперад пасадзейнічаюць паляпшэнню жыццядзейнасці. Аграрны накірунак – асноўны ў нашым раёне, актыўна развіваецца будаўніцтва. Узводзяцца найсучасны дзіцячы садок на 200 месцаў, 40-кватэрныя дамы. Наступны, будаўніцтва якога распачнуць у новым годзе, будзе цалкам арэндным. Выдаткаваны значныя сродкі на добраўпарадкаванне вуліцы Лермантава, дзе праектам прадугледжана абуладкаванне тратуараў, веладарожак і іншай інфраструктуры. Мікрараён папоўніць колькасць прыгожых куточкаў нашага райцэнтра.

 

Жыллё – найлепшы стымул для моладзі заставацца працаваць у райцэнтры. Ёсць спадзяванне, што дзякуючы гэтаму наш раён будзе прырастаць, а з паляпшэннем дэмаграфічнай сітуацыі і эканамічнае, і сацыяльнае развіццё забяспечана.


Наталія СТАНКЕВІЧ.

Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

Поўную версію чытайце ў раённай газеце.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.