Ганарымся табой, Беларусь!

 Сімвалы нашай краіны ўвасабляюць адзінства і веліч народа, гонар за дзяржаву і яе дасягненні. Важна, каб гэтыя пачуцці падзяляла і маладое пакаленне. Святочную праграму «Я люблю Беларусь» напярэдадні Дня Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь падрыхтавалі для вучняў гарадскіх школ супрацоўнікі дзіцячай бібліятэкі і цэнтра культуры і народнай творчасці.

Удзельнікаў мерапрыемства вітаў старшыня раённага Савета дэпутатаў Валерый Драба. Заўважыў, што сёлета свята праходзіць у новым фармаце: у яго назве цяпер адлюстраваны ўсе дзяржаўныя сімвалы Беларусі – сцяг, герб і гімн. Што яны азначаюць для краіны? На міжнародных форумах, спаборніцтвах і іншых мерапрыемствах па іх пазнаюць дзяржавы-ўдзельніцы. Калі спартсмены перамагаюць – перш за ўсё вывешваюць сцяг і спяваюць гімн.

– Гэтыя сімвалы важныя ў жыцці кожнага з нас. Вашы піянерскія гальштукі таксама маюць колеры дзяржаўнага сцяга. Мы павінны ганарыцца і беражліва ставіцца да нашай сімволікі. Гэтым аказваем павагу да сваёй краіны, але перш за ўсё – да сябе, – сведчыў Валерый Анатольевіч. – Жадаю праслаўляць свой родны край, каб і ў ваш гонар падымалі сцягі і спявалі гімн.

 Пасля невялікай размінкі школьнікаў чакала віктарына «Сімвалы маёй краіны». Спаборнічалі каманды СШ № 2 імя М. Ізварына «Патрыёты» і СШ № 3 імя Героя Савецкага Саюза Я. Томкі «Полымя». Хутка і разгорнута адказвалі на пытанні, час ад часу звяртаючыся па дапамогу да сваіх аднакласнікаў, якія сядзелі ў зале.

Ведаюць, што на гербе Беларусі адлюстраваны асноўныя нацыянальныя і духоўныя каштоўнасці нашага народа: міралюбівасць, гатоўнасць пастаяць за сваю свабоду, грамадзянскае адзінства і праца. Пяць промняў зоркі сімвалізуюць дружбу народаў з усімі кантынентамі Зямлі, а зямны шар – што мы ўспрымаем усе народы як раўнапраўных сяброў. Апошнія змяненні ў выяву герба былі ўнесены ў 2021 годзе.

Выратаваць сцяг у баявых умовах лічыцца гераічным учынкам. Словы беларускага гімна напісалі Міхась Клімковіч і Уладзімір Карызна, аўтар музыкі – Нестар Сакалоўскі.

Перамагла дружба. Сапраўднымі знаўцамі дзяржаўнай сімволікі паказалі сябе дзеці. Любоў да Радзімы пачынаецца з вывучэння яе гісторыі, з гордасці за свой народ, за сваю краіну, за прыналежнасць да вялікай дружнай сям’і, імя якой – Беларусь.

Завяршылі патрыятычную акцыю флэшмобам, падчас якога разам праспявалі гімн. Падтрымалі тэматычную скіраванасць мерапрыемства мясцовыя артысты Таццяна Жук, Валерыя Паўлоўская, Ганна Мацукова. 

Алена ВАРОНІНА.
Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

0 комментариев

Добавить комментарий