На Міёршчыне мінулы тыдзень праходзіў пад эгідай Дня народнага адзінства


 На Міёршчыне ўвесь мінулы тыдзень праходзіў пад эгідай Дня народнага адзінства. Дні інфармавання, адкрытыя дыялогі, размовы ў школах – толькі невялікая іх частка. Лагічным і відовішчным працягам сталі ўрачыстыя мерапрыемствы, якія сабралі жыхароў і гасцей горада 17 верасня. Асноўнай пляцоўкай свята стала набярэжная Міёрскага возера.

Перамогі і развіццё

Для нашай суверэннай рэспублікі Дзень народнага адзінства – свята маладое, заўважыў старшыня райвыканкама Ігар Кузняцоў. Для заходніх рэгіёнаў уз’яднанне Заходняй і Усходняй Беларусі – увогуле гістарычная падзея.

– Сёння як ніколі разумеем, што такое мір і што ён азначае для кожнага з нас. Якое гэта вялікае шчасце – жыць на роднай зямлі і быць на ёй гаспадарамі, працаваць, выхоўваць дзяцей. Мы павінны быць адзіныя, а разам абавязкова зробім усё магчымае, каб яны жылі шчасліва і годна, – падкрэс- ліў Ігар Валер’евіч.

Наш горад прыгажэе, прымае новых жыхароў, прырастае аб’ектамі інфраструктуры. Сімвалічна, што дзяржаўнае свята – Дзень народнага адзінства – сабрала гасцей на набярэжнай, якая лічыцца візітнай карткай горада. Яна стала сведкам сустрэч не адной сотні маладых людзей, што ў наступным стварылі сем’і. Сюды ў першую чаргу скіроўваюцца турысты. Тут любяць ладзіць фотасесіі.

Для ўсіх іх кіраўніцтва раёна падрыхтавала падарунак. Новы арт-аб’ект – фантан, што размясціўся ля будынка выратавальнай станцыі, дапамагалі ўвасобіць у жыццё нераўнадушныя жыхары і адказныя службы. Распрацавала праект і правяла мантаж абсталявання сталічная фірма, мясцовы прадпрымальнік Віктар Клец зрабіў праект на электразабеспячэнне і правёў электрамантажныя работы, а падключэнне і далейшае абслугоўванне – клопат жыллёва-камунальнай гаспадаркі раёна.

Гучыць зваротны адлік, і пырскі ляцяць на Набярэжную. Але гэта нікога не палохае, бо ў святочны вераснёўскі дзень яшчэ дорыць цёплыя промні сонца, саграваюць шчырыя ўсмешкі дзяцей і дарослых.

Славу свайму рэгіёну здабываюць яго жыхары. Сёлета футбольны клуб «Міёры» стаў уладальнікам кубка Віцебскай вобласці. Кіраўнік раёна павіншаваў каманду, галоўнага трэнера Алега Грыгаровіча і трэнераў Андрэя Чарняўскага і Рамана Лявіцкага з высокім вынікам і ўручыў сертыфікат на 125 базавых велічынь. Заўважыў, што цяпер пра Міёршчыну будуць гаварыць не толькі як пра сельскагаспадарчы раён, але і пра футбольную сталіцу Віцебшчыны.

 Вопыт і маладосць

Ёсць што расказаць пра гісторыю Дня народнага адзінства старшыні раённай ветэранскай арганізацыі Чаславу Кашкуру. На міёрскай зямлі жылі яго дзядулі і бабулі, бацькі, тут нарадзіўся і ён.

– Гэта быў цяжкі час. Маці ўзгадвала, што ў школе прымушалі вучыцца на польскай мове, хаця ў сем’ях размаўлялі па-беларуску, – расказвае Часлаў Станіслававіч. – Найлепшыя землі раздалі асаднікам – прыслужнікам польскай улады, а сяляне зямлі не мелі. Мой дзед і яго дзеці наймаліся на работу да памешчыкаў, і так жылі многія. Прыход Чырвонай Арміі азначаў, што ў кожнай сям’і з’явіліся шанцы на паляпшэнне жыцця. Ды і падзел, згодна з Рыжскім мірным дагаворам, быў несправядлівым. Польшчы дасталася заходняя частка Беларусі – шэсць раёнаў Віцебскай вобласці. Дата 17 верасня ўзнавіла справядлівасць, калі аб’ядналіся дзве часткі калісьці адной цэлай краіны. Важна, каб гісторыю свайго народа ведала моладзь. А мы, ветэраны, у сваю чаргу, дапаможам выхаваць новае пакаленне ў духу адзінства і любові да сваёй Радзімы.

Годна пераймаюць эстафету памяці актывісты раённага камітэта ГА «БРСМ». Да Дня народнага адзінства арганізавалі акцыю «Мы разам – мы адзіныя!» Віншавалі жыхароў, уручалі тэматычныя падарункі, паветраныя шары і каляндарыкі.

Не толькі 17 верасня, а і заўсёды неабходна памятаць, што разам мы ўсё адолеем, лічыць маладая супрацоўніца Міёрскага РГЗ Дар’я Літвінава:

– Сёння аб’ядналіся на адкрыцці цудоўнага арт-аб’екта, які сведчыць пра ўдасканаленне і пераўтварэнне горада. Нядаўна адчыніў свае дзверы новы дзіцячы садок. Гэта азначае, што ў краіне стабільная дэмаграфічная сітуацыя. БРСМ таксама згуртоўвае людзей – дзяцей і працоўную моладзь – на добрыя справы на карысць міёрскай зямлі. Сёння хацелі нагадаць усім, што мы адзіныя, мы жыхары цудоўнага горада.

Сучаснасць і будучыня

 З Набярэжнай святочнае дзейства перамясцілася ў Цэнтр культуры і народнай творчасці, дзе адбыўся паказ кінастужкі Беларусьфільма «На другім беразе». На сеанс сабраліся прадстаўнікі працоўных калектываў і насельніцтва раёна.

Падзеі перанеслі гледачоў у сярэдзіну 1920-х, калі пасля падпісання мірнага Рыжскага дагавору ўся Заходняя Беларусь аказалася пад гнётам палякаў.

Найбольшай кампаніяй з 17 чалавек паглядзелі фільм супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Уражаннямі падзяліўся Дзмітрый Плотнікаў:

– Радуе, што наш «Беларусьфільм» здымае добрыя і годныя карціны. «На другім беразе» спадабалася, хоць і цяжкая для ўспрыняцця. Мабыць таму, што апавядае пра сумныя падзеі ў гісторыі Беларусі, калі частка земляў знаходзілася не ў складзе СССР. Эмоцыі выклікала як станоўчыя, так і адмоўныя. Добра, што нават у гэты смутны час хоць невялікая частка насельніцтва імкнулася ўз’яднаць Беларусь. Нялёгка прыйшлося беларусам, бо пад забаронай былі вера, культура, мова. Сімвалічна, што паглядзелі фільм менавіта 17 верасня, бо ён апавядае пра падзеі, якія паслужылі перадумовай для стварэння свята. Як слушна заўважыў Прэзідэнт, гэтая дата, роўна як і Дзень Перамогі, і Дзень Незалежнасці, дае магчымасць азірнуцца ў мінулае, каб моцна трымаць у руках сваё сёння і абараніць будучыню.

Алена ВАРОНІНА.
Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.