Чествование лауреатов звания "Человек года Миорщины"
gazeta 17-03-2017, 16:25 0 Навіны
Фотаматэрыялы Казіміра БЛАЖЭВІЧА
Ёсць людзі, якія напаўняюць жыццё зместам, значным для ўсіх. Іх стваральная праца, імкненне рухацца наперад і дзейнічаць у інтарэсах роднага краю заслугоўваюць асаблівага прызнання і павагі. Ёсць падзеі, якія абуджаюць патрыятычныя пачуцці, пакідаюць у памяці яркі, незабыўны след. Адна з такіх — цырымонія ўшанавання лаўрэатаў пачэснага звання "Чалавек года Міёршчыны". Цяпер гэта добрая традыцыя у Дзень Канстытуцыі, як і ўручэнне пашпартоў юным грамадзянам краіны.
15 сакавіка ў раённым Доме культуры назіраўся святочны аншлаг. На ўрачыстасць прыбылі прадстаўнікі органаў улады раёна, працоўных калектываў, грамадскіх аб'яднанняў, ветэраны працы, моладзь. Раздзяліць радасць важных падзей завіталі і паважаныя госці: дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Андрэй Юніцын, дэпутат Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Сяргей Грамадка, супрацоўнікі Полацкага пагранічнага атрада.
Перад уручэннем узнагарод лепшым працаўнікам народна-гаспадарчага комплексу Міёршчыны прысутных вітаў старшыня райвыканкама Ігар Кузняцоў. Мінулы год—першы ў новай пяцігодцы. Асноўнымі задачамі прадпрыемстваў былі і застаюцца нарошчванне аб'ёмаў вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі, у тым ліку павелічэнне паставак на экспарт, гаварыў Ігар Валер'евіч. За межы краіны адгрузілі прадукцыі больш чым на 1,5 млн. долараў ЗША. У тым асноўныя намаганні мясакамбіната. Пры складаных умовах надвор'я ўбіраўся ўраджай з хлебнай нівы, але ўдалося выканаць планы па продажы зерня і насення рапсу.
Дасягненні ў эканамічным і сацыяльным развіцці, той патэнцыял стабільнасці, які мае рэгіён—гэта вынік старанняў працоўных калектываў, адзначыў кіраўнік раёна. Прыкладам прафесійнай і зладжанай работы ў гаспадарчай галіне былі і застаюцца калектывы ААТ "Туркова", "Мікалаёўскі", "Гвардзейскі", "Узмёнскі край", "Любінова", СУП "Цітова". Шмат робяць установы культуры, адукацыі, аховы здароўя. Новае аблічча пасля капітальнага рамонту набыла Новапагосцкая ДС-СШ. Пачата рэканструкцыя інфекцыйнага корпуса Міёрскай ЦРБ. У маі 2018-га будзе здадзена ў эксплуатацыю новая бальніца .
Галоўным клопатам улады застаецца павышэнне якасці жыцця насельніцтва. Без інавацый, рэалізацыі прагрэсіўных наватарскіх ідэй крокі наперад немагчымы. У цяперашняй эканамічнай сітуацыі неабходна захаваць працоўныя калектывы, нарошчваць патэнцыял прамысловасці і сельскай гаспадаркі. Стаўка на развіццё малога і сярэдняга бізнесу. Павінны з'явіцца новыя рабочыя месцы для занятасці насель-ніцтва. Словам, кожнаму жыхару раёна знойдзецца, дзе праявіць уласныя здольнасці, прыкласці максімум розуму і сіл.
Кветкі і ўсхваляваныя ўсмешкі, святочныя стужкі і дыпломы. Усё гэта прыемны дадатак да ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання лаўрэатаў. Нягледзячы на крызісныя з'явы і іншыя неспрыяльныя ўмовы, эфектыўна працавалі на дабрабыт роднага краю і названы "Чалавекам года Міёршчыны-2016" жывёлавод ААТ "Гвардзейскі" Алена Тамашэвіч, трактарыст-машыніст ААТ "Туркова" Расціслаў Шаўлюга, майстар Міёрскага раёна электрычных сетак філіяла "Глыбоцкія электрычныя сеткі" Юрый Скамарохаў, майстар будаўніча-мантажных работ ДКУБ "Міёрская ПМК-55" Валянціна Міхайлава, цырульнік камбіната бытавога абслугоўвання Кацярына Юшкевіч, начальнік крымінальна-выканаўчай інспекцыі РАУС Мікалай Кот, намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай частцы УАЗ "Міёрская ЦРБ" Святлана Бірукова, машыніст бульдозера КУПМС "Міёрская ПМС" Віктар Томас. У ролі лаўрэата пачэснага звання і намеснік дырэктара РДК Васіль Мядзюха, якога больш звыкла бачыць на сцэне ў ролі вядучага ўрачыстай цырымоніі. Сёлета яго місію выканаў Аляксей Гайдзель, а дапамагала яму Вольга Пашкоўская.
Урачыстасць не менш усхвалявала хлопчыкаў і дзяўчынак, якіх персанальна павіншавалі з Днём Канстытуцыі. Інспектар групы па грамадзянстве і міграцыі РАУС Таццяна Канановіч нагадала, што пашпарт не проста пацвярджае асобу, а дае права звацца паўнапраўным грамадзянінам сваёй краіны, што вельмі важна і пачэсна.
На сцэну ўзышлі 17 вучняў з розных устаноў адукацыі, якія стараюцца ў вучобе, актыўныя ў грамадскім жыцці. Галоўны дакумент ім уручыў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Андрэй Юніцын. Пачэсны госць выказаў падзяку за запрашэнне на свята і адзначыў:
—Канстытуцыя—гэта базіс, на якім заснавана дзяржаўнасць Рэспублікі Беларусь. Найвышэйшай каштоўнасцю асноўным Законам краіны вызначаны чалавек. Сімвалічна, што менавіта ў гэты дзень узнагароджваюцца старанныя працаўнікі, дастойныя грамадзяне краіны, адданыя малой радзіме жыхары Міёрскага раёна. Дасягненні дарослых паказальныя для маладых, менавіта ім давядзецца пераймаць пачэсную эстафету і сваімі здзяйсненнямі ўмацоўваць слаўнае імя роднага краю.
Маляўніча і поўна адлюстравалі сутнасць святочнага дня ваенныя артысты духавога аркестра Полацкага пагранічнага атрада. Разнастайныя тэматычна і жанрава песні і музычныя кампазіцыі спалучалі ў сабе ноткі патрыятызму, лірыкі і весялосці, у якіх раскрылася багацце іх талентаў. Мужчыны-гледачы, напэўна, не зводзілі вачэй з інтэлігентных і абаяльных сясцёр Алёны і Аляксандры Красько, а жаночая публіка толькі паспявала пераводзіць позіркі з брутальнага і ў той жа час рамантычнага саліста і музыканта Паўла Сляпцова на іншых мужных віртуозаў аркестра. Прадстаўляў артыстаў памочнік начальніка Полацкага пагранатрада па рабоце са СМІ, наш зямляк Дзяніс Глебка.
Дарэчы, пачэснага тытула "Чалавек года Міёршчыны" за чатыры гады ўдастоены 36 жыхароў раёна.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.