- 28.02.2011, 16:07,
- Пр 1 767
- Навіны
- 0
-
На пасяджэнні райвыканкама, якое адбылося 25 лютага, асноўная размова вялася менавіта пра эфектыўнасць гаспадарання. Вынікі работы народнагаспадарчага комплексу раёна за 2010 год і пяцігодкі ў цэлым падвёў намеснік старшыні райвыканкама А. І. Баданін. Усе прагнозныя паказчыкі выкананы, акрамя імпарту тавараў, — вось такі вынік мінулай пяцігодкі. За гэты перыяд сярэднямесячная зарплата вырасла на 232,8%. Забяспечаны заданні па ўводу ў эксплуатацыю жылля, росту інвестыцый у асноўны капітал. І летась захаваліся станоўчыя тэндэнцыі: выпуск прамысловай прадукцыі павялічыўся на 12,9%, спажывецкіх тавараў — на 8,6%, прадукцыі сельскай гаспадаркі — на 1,9%. Са стратамі працавалі толькі мясакамбінат і льнозавод.
Рознічны тавараабарот праз усе каналы рэалізацыі летась павялічыўся на 15%, выканана заданне па росту сярэднямесячнага заробку.
Прааналізаваў эфектыўнасць дзейнасці суб’ектаў гаспадарання раёна начальнік падатковай інспекцыі М. В. Лакотка.
На пасяджэнні заслуханы тлумачэнні аб прычынах стратнасці кіраўнікоў мясакамбіната і льнозавода В. В. Бандарэнкі і М. М. Клімянкова. Абодва яны запэўнілі, што новы год пачаты са станоўчай дынамікай, ёсць спадзяванні на паляпшэнне фінансавага становішча.
Райвыканкам у прынятым рашэнні вызначыў меры па павышэнню эфектыўнасці народнагаспадарчага комплексу раёна сёлета і з перспектывай на пяцігодку.
Станоўчыя тэндэнцыі назіраюцца і ў выніку выканання мерапрыемстваў Праграмы дэмаграфічнай бяспекі на 2007-2010 гады. Аб тым гаварылі намеснік старшыні райвыканкама М. М. Баніфатава і галоўны ўрач установы аховы здароўя “Міёрская ЦРБ” А. Ф. Сівая. Так, летась узровень смяротнасці насельніцтва зменшыўся на 15%, павялічылася сярэдняя працягласць жыцця на 4,6%, знізілася агульная і пярвічная захворваемасць. Аднак і пры гэтым колькасць насельніцтва раёна працягвае памяншацца, у тым ліку і ў выніку меншай нараджальнасці, вялікай міграцыі. Паменела зарэгістраваных шлюбаў, а пярвічнай інваліднасці ў працаздольным узросце стала больш. У сувязі з гэтым вызначаны меры па далейшай актывізацыі намаганняў па забеспячэнню дэмаграфічнай бяспекі ў раёне.
Пасведчанні мнагадзетнай сям’і выдадзены жыхаркам Дзісны Людміле Міхайлаўне Бушыла, Міёр — Таццяне Мікалаеўне Грэцкай, Пад’ельцаў — Ганне Іванаўне Пашкоўскай.
На пасяджэнні разгледжаны пытанні аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі і жыллёвыя.