"Родной уголок" стал сказкой
gazeta 24-11-2015, 15:48 0 НавіныНа працягу многіх гадоў ва ўнівермагу дзейнічае ўсім вядомае кафэ "Казка". Многія прыходзілі сюды паласавацца піражкамі з рознымі начынкамі, булачкамі, пончыкамі, салатай, мяснымі далікатэсамі, пасядзець з кубачкам гарачай гарбаты ці кавы. Пластмасавыя столікі, звычайныя вітрыны і прылаўкі, будзённая абстаноўка міярчан не адпужвалі, але і не цешылі адмысловай атмасферай, ствараючы каларыт хвіліннай перакускі. Ды цяпер усё па-іншаму.
Першы працоўны дзень пасля рэканструкцыі для новага кафетэрыя "Родны куток" прыйшоўся на мінулы панядзелак. Абстаноўка ў рэтра-стылі вабіць хатняй утульнасцю. Усё зроблена сіламі раённага спажыўтаварыства. Дызайн прыдумаў сам старшыня Сяргей Росаў, увасобіў ідэю таленавіты Анатоль Мілашэвіч. Думаю, новую "Казку" станоўча ацэняць усе, хто ўбачыць драўляныя вітрыны і прылаўкі, з такога ж матэрыялу квадратныя свяцільні на столі і ўзорыстыя рамкі з фотаэцюдамі мясцовых краявідаў. Спыніўшы погляд на акенцах з падсветкай і фіранкамі, я, па шчырасці, не адразу здагадалася, што яны імітаваныя. Металічныя сталы і крэслы пад гэткі ж карычневы колер. Вялікі плазмены тэлевізар на кранштэйне.
—За абедам можна паглядзець навіны або скарыстацца асабістай флэшкай на заказных мерапрыемствах,—тлумачаць супрацоўнікі.
Дарэчы, цяпер кафетэрый "Родны куток" гатовы прымаць юбілеі, карпаратывы, святы, у тым ліку і дзіцячыя. Пасадачных месц паболела ўдвая і стала 28. Рада вітаць загадчыца Жанна Смалякова. У прафесіі мае самы высокі разрад, у спажыўкааперацыі стаж 26 гадоў. І ўжо 10—у "Казцы". Пачыналі, працягваюць працаваць з цёзкай Жаннай Федаровіч. Цяпер у харчэўні можна паесці першае, папіць гарбаты з белых прывабных імбрычыкаў у гарнітуры з кубкамі. Спецыяльная машына зварыць каву. Чорную, з малаком, латэ, амерыкана, эспрэса прыкладна за 10 000 рублёў. Высокагатункавы завараны чай каштуе ўсяго 4400, чабурэк—6600, піражкі ў сярэднім па 3000, піца—8600… Як бачым, цэны дэмакратычныя. Толькі алкагольныя напіткі даражэйшыя, чым у звычайных крамах.
—Каб аматары выпіць штодзень не ласаваліся,—тлумачыць кіраўнік спажывецкай сферы. У асартыменце—і марожанае на разважванне: кафейнае, бананавае, клубнічнае, пламбір. Да яго—сіропы, цёрты шакалад, разнастайныя фрукты, у тым ліку ананасы, і… нават каньяк. Начальнік аддзела грамадскага харчавання райспажыўтаварыства Алена Кірылава цешыць яшчэ адной прыемнай навіной: па серадах і чацвяргах наведвальнікам прапануюць стравы розных нацыянальных кухань. Нанскія дранікі з грыбамі, мясам—у асартыменце заўсёды, ды і бульбачка, праўда, фры. Задума прыгатавання, мусіць, бельгійская, але ж бульба наша. Затое па нацыянальным міёрскім рэцэпце—журавінныя катлеты. Калі "кіслінка" не даспадобы, для вас—"Па-кіеўску". Шашлык, адбіўныя, разнастайныя гароднінныя і мясныя салаты…
Спіс можна працягваць. Прадукцыю гатуюць "Брыганціна", "Чайка", кафэ "Маладзёжнае", хлебазавод. —Галоўнае, што ў зале шмат святла,—адзначаюць такія ж светлыя, усмешлівыя прадаўцы, якія подбегам абслугоўваюць кліентаў. Для іх шыецца новая форма, а пакуль сутракаюць наведвальнікаў у льняной вопратцы, набытай для гандлю на "Славянскім базары".—Хочацца, каб аднайменна з назвай кафетэрый стаў для міярчан родным кутком, куды заходзіць—прыемна, есці—смачна і адпачываць—весела,—рэзюмуе старшыня райспажыўкааперацыі Сяргей Росаў.
Алена БАСІКІРСКАЯ.
Фота К.БЛАЖЭВІЧА.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.