Торговля с музыкальным сопровождением
gazeta 20-10-2015, 14:47 0 Навіны
18 кастрычніка ў райцэнтры адбыўся восеньскі кірмаш, які на гэты раз перамясціўся з рынку на плошчу да раённага Дома культуры і прылеглую да яе вуліцу Камуністычную. У доўгіх радах палаткі і прылаўкі індывідуальных прадпрымальнікаў, дзе можна было набыць вопратку, абутак, пасцельную бялізну, тавары гаспадарчага прызначэння, сувеніры, вырабы і шматлікую дробязь, якую гандляры бойка рэкламавалі:"Усё па 20 тысяч рублёў!" Больш за сотню ІП прымалі ўдзел у Міёрскім кірмашы, у тым ліку з Верхнядзвінска, Віцебска, Полацка, Наваполацка, Шаркаўшчыны…
Значную плошчу займалі палаткі райспажыўтаварыства з каўбасамі, мяснымі паўфабрыкатамі, мучнымі кулінарнымі вырабамі, стравамі, гарачым чаем і шашлыкамі з курынага і свінога мяса. Гасцінна запрашала пад свой дах міні-кафэ райспажыўтаварыства і, калі замарасіў дожджык, то многія скарысталіся магчымасцю з камфортам пасядзець за столікамі, пачаставацца прысмакамі па даступнай цане. Побач "райнарыхтпрам" прапаноўваў шырокі выбар агарод-ніны і нават журавіны…
За арганізацыяй гандлю сачыў сам старшыня спажывецкага таварыства. Для новага кіраўніка важна ведаць попыт на тавары і магчымасці іх рэалізацыі ва ўмовах канкурэнцыі, а канкурэнтаў хапала. Сярод іх прыватныя прадпрыемствы і індывідуальныя прадпрымальнікі, якія прапаноўвалі свежамарожаную рыбу, агародніну, фрукты, цукеркі. Напрыклад, чарга ўтварылася ля прадаўца з Верхнядзвінска з багатым выбарам мучных вырабаў. У палатцы ААТ "Міёрскі мясакамбінат" можна было набыць не толькі гатовую прадукцыю, але і гарачыя і вельмі апетытныя шашлыкі і каўбаскі. Ля мангалаў умела гаспадарылі Андрэй Марозька, Аляксандр Матэленак і Сяргей Нагорны. А некалькі гадоў таму прыгатаванне шашлыкоў на масавых мерапрыемствах лічылася справай выключна работнікаў грамадскага харчавання. Між тым, прадаўцам фірменнага магазіна Міёрскага мясакамбіната канкурэнцыю складалі рэалізатары прадукцыі Глыбоцкага мясакамбіната і ПТУП "Абрикосовый мир" з Шаркаўшчыны, якія прывезлі вырабы Віцебскага мясаперапрацоўчага прадпрыемства. Як адзначыла прадавец Ала Качан, у Міёрах гэта прадукцыя карыстаецца попытам.Актыўна ішоў гандаль капустай. Сярэднія па памеры качаны "Снежаньскай"—якраз тое, што неабходна пакупнікам. Цана—4 тысячы за кілаграм. —Штогод купляю капусту ў фермера Уладзіміра Жабёнка,—тлумачыць Аляксандр Аркадзьевіч Развадоўскі, здымаючы з вагаў куплены тавар.—Кошт па кішэні.
У мяне качаны не выраслі, а ў яго—вунь якія ладныя, ён жа спецыялізуецца на вырошчванні капусты.—Калі займаешся пэўнай справай, то і вопыт ёсць, і ўраджай,—сказаў Уладзімір Жабёнак і пашкадаваў, што фермеры не атрымліваюць такую падтрымку, як сельгасарганізацыі. Ёсць праблемы і з рэалізацыяй вырашчанай прадукцыі. Напрыклад, два гады таму здаў на Міёрскі камбікормавы завод зерне на 9 мільёнаў, але і цяпер не атрымаў грошы, і гэта пры імклівай інфляцыі.Не ўпершыню прывозіць капусту "Мара" ў Міёры з Глыбоцкага раёна Яўген Лысы, і ў яго зранку продаж стартаваў, але пакупнікоў мала. Побач рэалі-зоўваў вырашчаную на ўласным агародзе капусту Фёдар Рубанік.—Сёлета не надта ўра-джай,—прызнаўся гаспадар.—Пасадзіў каля 20 сотак, але з-за працяглай засухі не ўсе качаны набралі вагу. Тым не менш, нейкую "капейку" выручу.Не залежвалася на прылаўках прадукцыя Міёрскага хлебазавода, асабліва—гарачыя пончыкі, якія гатаваліся тут жа ў палатцы.Вызначаўся багаццем выбару мёд. Жанчына пенсіённага ўзросту прапаноўвала напоўненыя паўлітровыя слоічкі па 50 тысяч рублёў, а напалову меншыя—па 25.
На пчальніку, дзе 70 пчоласем'яў гаспадарыць яе муж—Вацлаў Уладзіміравіч Янушкевіч з Пруднікаў. Ужо больш за 60 гадоў гэта сям'я займаецца бортніцтвам. Ёсць і пастаянныя пакупнікі, але мёду столькі, што кожную нядзелю даводзіцца гандляваць на рынку. Раман Сільмановіч з Апанасёнкаў гадуе 50 пчоласем'яў. Даглядае крылатых працаўніц з 1992 года. Заахвоціўся сам, справа стала хобі. Раман Аляксандравіч падкрэсліў, што прыватным пчалярам цяжка канкурыраваць з гаспадаркамі, якія займаюцца пчолагадоўляй і дастаўляюць на рынак мёд па нізкім кошце. Такая вытворчасць прадукцыі будзе заведама стратнай. Ён жа прасіў за паўлітровы слоік мёду па 50 тысяч рублёў, а за верасковы—па 80 тысяч.—Купляйце мёд па мінулагодняй цане,—запрашаў пакупнікоў пчаляр ААТ "Узмёнскі край" Андрэй Сцепулёнак. Падчас кірмашу 4 кастрычніка ён прадаў 75 кілаграмаў, але ў гаспадарцы яшчэ каля 10000, а валавы збор салодкай прадукцыі сёлета склаў 2400 кілаграмаў—гэта вынік намаганняў 140 пчоласем’яў. А вось пчаляры з Пад'ельцаў атрымалі мёду з такога ж па велічыні пчальніку сёлета каля 4-х тон.Добра ішоў гандаль жывой рыбай, якую прывёз рыбгас "Навінкі". Як аказалася, сярод пакупнікоў не толькі аматары паласавацца юшкай, але і зарыбіць выкапаныя ля дому сажалкі. У тым ліку Георгій Пятровіч Зуевіч з Хоцькава, які вырашыў ажывіць прысядзібны вадаём.
Прадаўцы рыбгаса падкрэслілі, што ў Міёры прыязджаць ім выгадна—у мінулы раз на кірмашы прадалі каля 350 кілаграмаў рыбы. Шмат было збожжа, якім гандлявалі ААТ "Мерыца", "Чэрасы", "Дрыгучы", "Гвардзейскі" і ншыя гаспадаркі раёна. Сям'я Рымчонкаў з Чурылава прывезла на продаж агародніну, хатнюю жыўнасць, у тым ліку трусоў, якіх, са слоў гаспадара, на падворку каля двухсот. Удалы вырасцілі чоснак.Шмат прадавалася яблыкаў і груш з прыватных садоў. Шпарка ішоў гандаль садавінай у сям'і Лявікіных з Зачарэўя. Ля дома каля 15 дрэўцаў, якія далі добры ўраджай. А непадалёку стаяла жанчына з буйнымі, сакавітымі восеньскімі грушамі. Сёлета з аднаго пладовага дрэва атрымала 14 скрынак пладоў.Стракацелі на чорным вулічным асфальце ў розных куточках "астраўкі" саджанцаў вулічных кветак, актыўна разыходзіліся і хатнія, асабліва архідэі ў гаршчочках.Камунгас прапаноўваў насельніцтву дровы— распілаваныя і бярвеннямі.Гандаль праходзіў у рытме вясёлых мелодый. Гэта супрацоўнікі РДК весялілі ўсіх музычна-забаўляльнай праграмай.
Эліза БЛАЖЭВІЧ.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.