Удивляли ремесленники

Удивляли ремесленники Кажуць, рамесніцкая прадукцыя пры вырабе заўсёды ўбірае ў сябе пазітыўную энергію аўтара і становіцца своеасаблівым абярэгам для тых, хто яе набывае. У шырокім асартыменце яна была прадстаўлена на кірмашы майстроў народнай творчасці на свяце горада. 

 

Шмат майстроў прыехала з Полацка, у тым ліку і прадстаўнікоў творчых гурткоў Цэнтра народных рамёстваў. Многія наведаліся ў наш край упершыню, аднак большасць—пастаянныя ўдзельнікі фестываляў, якія праводзяцца ў нашым горадзе. Любоў Васільева прывезла вырабы, вязаныя кручком. Афіцыйна займаецца рамяством каля трох гадоў, а таму адносіць сябе да ліку майстроў-навічкоў. Побач з творамі ручной працы яе зямлячкі Галіна Карпоўская і Галіна Амяльчонак, абедзве яны падзякавалі за добрую арганізацыю кірмашу. Вялікі асартымент вязаных вырабаў прывезла сям'я Валянціны Краўчанка. Адметна, што суседзі-палачане прадставілі шырокі выбар вязаных рэчаў з воўны.  


Рамесніцкую прадукцыю ад Шаркаўшчынскага Дома рамёстваў прапаноўвалі Вікторыя Дубоўская, Яўген Ананіч і Святлана Заіка.
—Прыемна, што і міёрскія майстры прыязджаюць да нас на раённыя мерапрыемствы,—падкрэсліла В. Дубоўская.—Такія ўзаемныя візіты спрыяюць абмену вопытам, прапагандзе рамесніцкай дзейнасці.
Нельга было не затрымацца ля гандлёвай палаткі разьбяра Мікалая Паўлюка, які прыехаў ажно з Украіны і прывёз рэчы з драўніны. Падстаўкі-скрыпкі пад бутэлькі з напоямі, і кадкі для вады, і бочачкі пад віно. Шмат лыжак—ад самых маленькіх чайных да вялікіх чарпакоў для вады.
—Мы з жонкай вязём рамесніцкую прадукцыю на "Славянскі базар" у Віцебск, а папярэдне завіталі ў ваш горад,—патлумачыў майстар.
Пчаляр з Докшыц прывёз не толькі мёд, але і прыгатаваныя па даўніх беларускіх рэцэптах збіцень, хлебна-мядовы квас, мядовую халву. У яго набывалі розныя па форме свечкі з воску, якія пры запальванні даюць прыемны водар, а самая доўгая па гарэнні "трымае" агонь каля 16 гадзін.


Ганчар з Глускага раёна Магілёўскай вобласці здзіўляў керамічнымі вырабамі. У сваёй рабоце ён выкарыстоўвае розныя тэхналогіі апрацоўкі гліны.
Святлана Манюкова таксама з Магілёўшчыны, прывезла вырабы з лазы і кукурузнай саломы. Гэта розных памераў лапці, кошыкі, сумачкі…
Увогуле, на кірмашы прыезджых майстроў было шмат, і ў кожнага адметная прадукцыя. Зразумела, што і мясцовыя народныя ўмельцы падрыхтавалі нямала вырабаў.
Уладзімір Майсяёнак з Дзісны захапляецца ганчарствам, піша карціны. А на свяце горада выстаўляў разьбу па дрэве. У Дзісенскім Доме рамёстваў ён узначальвае творчы гурток, дзе звычайныя драўляныя брускі і дошкі з дапамогай разцоў ператвараюцца ў цікавыя творчыя работы. Дзісенскі майстар адзначыў сярод калег Уладзіміра Баравіка, Леаніда Белавуса. Дарэчы, Дом рамёстваў самага маленькага горада ў Беларусі славіцца і іншымі рамеснікамі, работы якіх выстаўляюцца на шматлікіх выставах, фестывалях і кірмашах.
Парадавалі творчасцю ўдзельнікі народнага клуба народных майстроў "Святліца". 19 умельцаў гэтага раённага аб'яднання спецыялізуюцца па розных напрамках творчай дзейнасці—вязанні, вышыванні, шыцці, салома- і лозапляценні...


—Штогод мы ўдзельнічаем у "Славянскім базары",—падкрэслівае кіраўнік клуба Алена Батарчук.—Адораных людзей на Міёршчыне нямала, напрыклад, далёка за межамі раёна ведаюць сям'ю Чарняўскіх, якая займаецца лоза- і саломапляценнем і пастаянна ўдзельнічае ў "Славянскім базары". Дэманстраваліся на раённых, абласных і рэспубліканскіх кірмашах-фестывалях і работы і многіх іншых народных умельцаў, што з'яўляецца сведчаннем высокай ацэнкі іх творчай дзейнасці. Увогуле, у нашых мясцінах таленавітых майтроў шмат: Вячаслаў Стома, Фаіна Шугальская, Тамара Масленік, Надзея Атопкіна, Алімпіяда Пятрова, Андрэй Чапулёнак, Алена Стаўская, Вольга Дзядзюра і многія іншыя жыхары райцэнтра і вёсак Міёршчыны радуюць сваімі індывідуальнымі работамі. Дарэчы, па выніках раённага агляду-конкурсу сярод калектываў народнай творчасці лепшымі майстрамі прызнаны і адзначаны дыпломамі раённага аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Вольга Дзядзюра, Наталля Даргель, Тамара Масленік, Тамара Касатая, Уладзімір Майсяёнак, Людміла Ганебная, Наталля Валенцік і Вольга Сіцько.
—Увогуле, я займаюся рознымі відамі народнай творчасці. Неаднаразова прадстаўляла свае работы на "Славянскім базары",—адзначае Алена Стаўская з Завуцця.—Нядаўна захапілася дэкупажам. Гэты новы напрамак, які я ўжо асвоіла і цяпер удасканальваю майстэрства.


—А ў мяне любімая справа—бісерапляценне. Бярозкі, асінкі, цікавыя кампазіцыі…—ужо нямала адметных работ. Канечне, ручная праца забірае нямала часу, але вынікі радуюць. Напрыклад, каб зрабіць з бісеру прыгожую архідэю, спатрэбіўся цэлы тыдзень,—расказвае супрацоўніца дзіцячага сада №1 Вольга Дзядзюра. —Захапілася бісерапляценнем тры гады назад, пасля паездкі на "Браслаўскія зарніцы", дзе ўбачыла "шэдэўры", якія вельмі ўразілі.
Затрымліваліся госці свята ля сувеніраў з гліны, ільна, газетных трубачак і іншых матэрыялаў з майстэрняў раённага Цэнтра тэрытарыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Як адзначыла Таццяна Шульга, у сацыяльнай установе працуюць вопытныя інструктары, яны і далучаюць адораных асоб да дэкаратыўна-прыкладной і мастацкай творчасці. Напрыклад Алена Плехтан узначальвае майстэрню "Лаўка цудаў", а Марына Кайнарава—паліграфічную лаўку "Палітра". У ліку тых, хто актыўна займаецца творчасцю,—Юра Савуць, Святлана Марозава, Насця Кулянок і іншыя.
Большасць наведвальнікаў, якія з цікавасцю разглядалі вырабы народных умельцаў, заўважалі, што з такіх кірмашоў заўсёды вяртаюцца з цікавымі ручнымі работамі. Хтосьці прыдбаў гліняныя кубачкі, гаршчочкі ці керамічныя сувеніры-свістулькі, а іншым больш спадабаліся капялюшыкі з саломы. Актыўна куплялі дамавёнкаў.
Майстры дзяліліся сакрэтамі тэхнікі іх вырабу, і такім чынам заахвочвалі пакупнікоў да набыцця прадукцыі.
З гары скаціцца
ці квасам наталіцца
Для тых, хто прыйшоў на свята не на паўгадзіны, а на больш працяглы час работнікі гандлёвых устаноў райспажыўтаварыства і фірменных магазінаў ААТ "Міёрскі мясакамбінат" і "Міёрскі хлебазавод" арганізавалі продаж прадуктаў. Спецыялісты грамадскага харчавання традыцыйна гатавалі гарачыя шашлыкі.
Прыезджыя гандляры прапаноўвалі салодкую вату і папкорн. А за квасам на разліў, які рэалізоўваў хлебазавод, стаялі чэргі.
Шмат забаў арганізавана для дзяцей. Многія жадалі пакатацца верхам у сядле на Амадэі і Капрызе. Коней прывезлі з Віцебскага цэнтра верхавой язды.
Гарадок атракцыёнаў дзейнічаў і на плошчы ля РДК. Малых вабілі міні-машыны. А хтосьці атрымліваў новыя эмоцыі ад прагляду фільмаў у фармаце "7D".
Непадалёку на набярэжнай дзяжурныя станцыі выратавання на вадзе прадастаўлялі адпачывальнікам катамараны, папярэдне экіпіраваўшы іх надзіманымі камізэлькамі.
Позна вечарам вадзяная роўнядзь возера расквецілася агеньчыкамі салюту, які прыйшлі на набярэжную паглядзець шматлікія гараджане і госці. Свята горада, несумненна, запомнілася кожнаму чымсьці сваім, асаблівым.


Эліза БЛАЖЭВІЧ.
Фота К. БЛАЖЭВІЧА.

 

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.